Лёсу шчаслівая кашуля

Даўно ведаю гэтую сціплую, працавітую жанчыну з добрымі, светлымі, як пралескі, вачыма. І пры кожнай новай сустрэчы не перастаю здзіўляцца яе энергічнасці, жыццялюбству, разважлівасці, сялянскай мудрасці. Якія б нягоды, цяжкасці ні сустракаліся на жыццёвым шляху Ніны Канстанцінаўны Бурак, жыхаркі вёскі Заельня, яна ніколі не скардзілася, не жалілася тым, хто з ёю побач, на свой лёс, успрымала жыццё такім, якое яно ёсць.

А выпрабаванняў на яе долю выпала ах, як нямала. Яшчэ пры панскай Польшчы, зведаўшы ня­стачу, голад, яна з братам-падлеткам ледзь выжыла ў гады фашысц­кай акупацыі, рана ўключылася ў самастойную працу ў пасляваенны час, стаўшы круглай сіратой. Нялёгка было напачатку і ў калгасе, калі даводзілася ўручную выконваць цяжкую работу лічы што за “голыя” працадні. Але маладосць ёсць маладосць! У любы, нават самы гаротны час яна дае аб сабе ведаць. Бывала, напрацуецца дзяўчына на грамадскім полі за цалюткі дзень з матыгай ці сярпом, здавалася б, толькі адпачыць, а тут Кастусь прыйдзе, пастукае ў шыбу – і ўся стома прападае. Хлопец быў рухавы, працавіты, з гаспадарскай хваткай, яго не за­смучала нават адсутнасць у каханай хоць якога-небудзь пасага.

– Нічога, любая, ажэнімся, завядзём сваю гаспадарку і пакрысе абжывёмся, супакойваў ён сваю выбранніцу. – А пакуль пажывём на хутары ў старэнькай хатцы.

Так яно і было. Праўда, часу на ўладкаванне свайго сямейнага гнязда маладым аказалася зусім мала – прыйшло распара­джэнне ссяляцца з хутароў, пераязджаць у вёску. Толькі з чым пераязджаць, што перавозіць? Хатка – адна назва, зачапі за вугал – труха пасыплецца.

– Толькі каго гэта хвалявала, хто мог зразумець? – уздыхае Ніна Канстанцінаўна. – Самі ведаеце, што хутары тады знішчалі без усялякага разбору. Казалі, што гэта рассаднік кулакоў, аднаасобнікаў. Вось і нас, гаротнікаў, да іх прыпісалі, загадалі за адно лета з’ехаць у вёску. Добра яшчэ, што лес выдзелілі на новую хату. Але ж яго трэба было спілаваць, вытраляваць, абрабіць… А на ўсё гэта грошы патрэбны, рабочыя рукі. Толькі дзе іх узяць? Вось і прыходзілася мне самой нярэдка з маім Косцікам і лес пілаваць, і сцены новага зруба ўзводзіць, і дзетак малых даглядаць…

Слухаў я ў першы раз гэты нетаропкі, разважлівы, напоўнены памяркоўнай мудрасцю расказ-споведзь Ніны Канстанцінаўны аб яе жыцці-быцці, а ў галаве неадчэпна мроіліся радкі добра вядомага з маленства хрэстаматыйнага верша, у якім, як у кроплі вады, яскрава адлюстраваны трагізм і мужнасць яе лёсу таксама. “За всё ты бралася без страха, и, как в поговорке какой, была ты и пряхой, и ткахой, умела иглой и пилой. Рубила, возила, копала, – да разве же всё перечтешь?..”. Праўда, наўрад ці сама мая суразмоўца ведае гэтыя вершаваныя радкі (яе навучанне ў школе закончылася пятым класам), аднак тое, што яны маюць да яе прамое дачыненне – адназначна. І тым больш нечаканым было пачуць ад Ніны Канстанцінаўны такое:

– Як бы там ні было, а тыя гады я лічу самымі шчаслівымі ў сваім жыцці.

Адчуваючы маю разгубленасць, тут жа шчыра ўсміхнулася, патлумачыла:

– Кажу гэтак, успамінаючы адну байку-гісторыю, якую пачула яшчэ ў дзяцінстве ад сваёй маці. Дык вось. Жыў адзін пан – багаты, усяго ў яго хапала, аднаго толькі не было – шчасця. Знаёмы чараўнік падказаў яму, як пазбавіцца ад такой навалы: трэба панасіць кашулю шчаслівага чалавека. І паехаў пан па свеце, і ва ўсіх, хто называў сябе шчаслівым, купляў іх вопратку і насіў на сабе. Але нічога не мянялася, мабыць, не зусім шчаслівыя тыя людзі былі. А аднойчы прыехаў пан у вёску, бачыць, мужык бедны, абарваны, на кані і карове поле арэ. “Ці шчаслівы ты, мужычок?” – пытае пан. “А як жа, паночку, вельмі шчаслівы. Вось поле заараў, хлеб пасею, бу­дзе чым шасцёра дзетак карміць. Што ж яшчэ для шчасця трэба?”. Узрадаваўся пан, што знайшоў нарэшце сапраўднага шчасліўца, кажа мужыку: “То прадай мне сваю кашулю”. А той яму ў адказ: “Рад бы, паночку, ды яе ў мяне ўжо тры гады як няма – жонка на пялёнкі малому падрала”. Тут і зразумеў пан: шчасце – не ў багацці. Сеяць хлеб і дзяцей гадаваць, карміць – вось яно, галоўнае…

Ніна Канстанцінаўна ўпэўнена, што гэта, хутчэй за ўсё, не прытча нейкая ад маці была, а жыццёвы закон, па якім і жылі раней. Таму і ў сваёй сям’і яны з мужам старалі­ся прытрымлівацца яго: будаваліся, гадавалі дзяцей, шчыравалі на брыгадных палетках, абрабляючы пасевы бульбы, буракоў, льну, гародніны. Адно і быў у яе перапынак, калі з’явіліся на свет двое дачушак – Валя і Ліля – ды сын Міша. Аднак і яны падрасталі, станавіліся на ногі, рана прывыкшыя да любой хатняй, сялянскай работы. І цяпер удзячны за гэта бацькам, бо тое, што закладзена ў дзяцінстве, не праходзіць бесслядоўна, вой, як дапамагае ў жыцці. Таму сёння кожны ў Заельні скажа вам, што сям’я Буракоў – гэта ўзаемаразуменне, працавітасць, шчырасць, дабрата, чыстае сумленне як бацькоў, так і дзяцей. Праўда, не стала ўжо гаспадара дома Канстанціна Андрэевіча, у горадзе жывуць абедзве дачкі з сем’ямі, рэгулярна наведваючы бабу Ніну з унукамі і ўжо праўнукам Андрэйкам. А вось сын Міхаіл застаўся працаваць у родным калгасе, цяпер сельгаскааператыве “Грыцэвічы”. І як працуе! Шчыра, добрасумленна, з’яўляецца адным з лепшых механізатараў гаспадаркі. Ніна Канстанцінаўна з гонарам паказвае граматы, пісьмы-падзякі ад райвыканкама, аблсельгасхарчу, адрасаваныя ёй за выніковую, старанную працу сына яшчэ на пачатку яго самастойнай работы ў калгасе. А цяпер ён ужо сапраўдны майстар сваёй справы – няма такой сельгасмашыны ў гаспадарцы, якая была б непадуладна яго ўмелым, руплівым рукам, а таму мае заслужаны аўтарытэт і павагу ў людзей. І гэта асабліва радуе сэрца маці, надае ёй новыя сілы: значыць, не схібілі яны з выхаваннем сына, здолелі прывіць яму неабходныя чалавечыя і прафесійныя якасці. Таму і аб колішнім сама­стойным выбары сына застацца пасля заканчэння дзесяцігодкі працаваць у калгасе, а не пайсці па прыкладу сясцёр вучыцца ў ВНУ, ніколькі не шкадуе.

– Хочам мы таго ці не, але хлебаробская справа павінна мець свой працяг, – разважае мая суразмоўца. – Што ж будзе, калі ўсе пачнуць пакідаць вёску?

Яна не чакае адказу на такое вось сваё рытарычнае запытанне. Бо ведае, што нічога гэтаму су­працьпаставіць нельга. Вёска павінна жыць, працаваць, каб не пуставала зямля, каб вырошчваць хлеб, урэшце, нас з вамі накарміць. Ды не адзін раз у дзень, а некалькі. Пры любым надвор’і, пры любых абставінах, нягледзячы ні на якія цяжкасці. А яшчэ Ніна Канстанцінаўна цвёрда пераканана, што менавіта ў калгасе, калектыўнай гаспадарцы селянін больш-менш наладзіў сваё жыццё: і сям’ю забяспечыў матэрыяльна, і магчымасці свае рэалізаваў у поўнай меры. Таму яе і сёння не трэба асабліва агітаваць на калектыўную працу: калі ўзнікае неабходнасць на брыгадзе ў рабочых руках і здароўе дазваляе, яна гатова ўключыцца ў выкананне той ці іншай «сельгас­аперацыі». Вось і нядаўна не адмовілася ўзяць дзялку кармавых буракоў, дапамагла сённяшнім паляводам своечасова справіцца з уборкай карэнняў.

Гутарыў я з гэтай пажылой, прыкметна ўжо пасівелай, але такой прыветлівай, рухавай, жвавай жанчынай і міжволі думаў: адкуль яна бярэ сілы, бясконцы аптымізм для таго, каб і з хатняй гаспадаркай упраўляцца і дзецям, унукам яшчэ дапамагаць, і грамадскіх спраў не цурацца. Можа, усё гэта ідзе ад яе памяркоўнага характару, душэўнага складу, дабрыні, унутранай перакананасці ў тым, што яна недарэмна жыве на гэтым свеце, патрэбна ўсім – дзецям сваім, калгасу, суседзям, знаёмым. А яшчэ Ніне Канстанцінаўне дапамагае глыбокая вера ў дабро, Бога. Яна захавалася, выстаяла ў яе душы, нягледзячы на ўсе складанасці лёсу праз дзесяцігоддзі, калі ў нашай былой магутнай краіне, па-сутнасці, адмаўлялі ў гэтым праве. І цяпер вера напаўняе жыццё састарэлай жанчыны сэнсам і духоўна­сцю, дае месца ў ім дабрыні і сардэчнасці, узаемаразуменню і дабрачыннасці. Гэта не тое, што ў большасці з нас, выхаваных на “маральным кодэксе будаўніка каму­нізма”. Дзе ён цяпер, той кодэкс, хто аб ім памятае? Дзе яна цяпер, наша перакананасць? Маятнік рэзка крануўся ў другі бок, і зараз мы з атэістаў робімся веруючымі, зацікаўліваемся  іншым: маўляў, нічога не вартае ні мінулае наша, ні сучаснае, і будучыні ў нас няма. Ды проста меры не ведаем! Ні ў гардыні сваёй, ні ў самапрыніжэнні. А вось такія людзі, як мая суразмоўца, па-сапраўднаму веруючыя, гэтую меру ведаюць і дараваны Богам прыход у гэты свет стараюцца напоўніць дабром, карыснымі справамі, святлом сваёй душы.

Заўтра ў Ніны Канстанцінаўны – юбілей, 75 гадоў споўніцца.        Бе­­з­­умоўна, прыедуць дзеці, унукі, завітаюць сваякі, суседзі. Будуць падарункі, шчырыя віншаванні, пажаданні моцнага здароўя, шчасця, якое яна заслужыла, стойка перанёсшы ўсе выпаўшыя на яе долю выпрабаванні, і яшчэ доўгіх-доўгіх гадоў жыцця на гэтым свеце. Што ж, застаецца толькі далучыцца да гэтых, здавалася б, простых і дарагіх кожнаму пажаданняў.

Іван Здрок.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *