Адагрэлі дзіцячыя сэрцы

Ёсць выказванне, што ідэальнай можна лічыць сям’ю, якая мае траіх дзяцей. На жаль, у наш час не многія бацькі на такое рашаюцца. Часцей абмяжоўваюцца адным-двума. Жыццёвая практыка сведчыць і аб тым, што не кожная бяздзетная сям’я рызыкне ўзяць на выхаванне чужое дзіця, а калі маюць уласных – тым больш. Яшчэ некалькі гадоў назад у раёне сем’і, у якіх былі свае дзеці, і ўзяўшыя на выхаванне чужых, можна было, вобразна кажучы, пералічыць па пальцах. Сёння з 22 прыёмных сем’яў толькі дзве – не маюць уласных дзяцей. І калі апекуны выхоўваюць у асноўным непаўналетніх, якія даводзяцца ім сваякамі, то прыёмныя бацькі ўзялі на сябе клопат аб дзецях «чужых». Даверлівыя і добразычлівыя адносіны паміж усімі членамі сям’і спрыяюць таму, што падапечныя называюць іх мамай і татам, а іх уласных дзяцей лічаць братамі і сястрычкамі.

Самы каштоўны скарб для жаночай душы – цёплы дом, дзе чакаюць дарагія сэрцу людзі. У дружнай сям’і ўсе праблемы вырашаюцца прасцей. «Шчасце маці – у дзецях», – аксіёма, якая не патрабуе доказу. Дзеці Алены Уладзіміраўны Уласевіч, Алены Іванаўны Лісевіч, Валянціны Уладзі­міраўны Майсейчык, Алены Аркадзьеўны Гвозд, Валянціны Уладзіміраўны Вінаградавай, Надзеі Мікалаеўны Ільюкевіч, Ганны Іванаўны Кішко выраслі і разляцеліся хто   куды. Аднак у сэрцах гэтых жанчын знай­шлося месца і для тых, каго пакрыўдзіў лёс, адабраўшы ў іх сям’ю. Сёння Святлана і Міхаіл, Уладзіслаў і Алена, Надзея, Кацярына і Аляксандра адчуваюць сябе ўтульна. Клопат прыёмных бацькоў адагрэў іх дзіцячыя сэрцы, даў ім надзею на будучае.

Сем’і Валянціны Іосіфаўны Славін­скай, Наталлі Іванаўны Янушка, Наталлі Валер’еўны Магілевіч, Святланы Мікалаеўны Аляхновіч, Таццяны Васільеўны Кішко, Алены Яўгенаўны Медушэўскай, Алены Яраславаўны Белазаровіч з’яўляюцца шматдзетнымі. У іх дамах – дабрабыт і ўзаемаразуменне. Маючы шчодрае сэрца, яны сталі сапраўднымі мамамі не толькі для сваіх сыноў і дачок, але і для прыёмных. У гэтым годзе зрабілі першы крок у самастойнае жыццё Алена і Уладзімір з прыёмнай сям’і Славінскіх. Аднак, змяніўшы іх,  у доме Валянціны Іо­сіфаўны і Вячаслава Раманавіча знайшлі прытулак Ілля і Карына – выхаванцы дзіцячага дома, якія ўжо каля года праводзілі тут выхадныя дні і канікулы.

Двое прыёмных дзяцей, сястрычкі Ірына і Кацярына, выхоўваюцца ў шматдзетнай сям’і Янушка. Станоўчы ўплыў сямейнага выхавання не мог не адбіцца на дзецях: яны сталі больш спакойнымі і ўпэўненымі ў сабе.

Вера Дзмітрыеўна Малайчук і Марына Іванаўна Гайцюкевіч даўно марылі, каб у іх дамах гучаў вясёлы дзіцячы смех. Зараз у гэтых сем’ях выхоўваецца трое непаўналетніх дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Яны ўжо поўнасцю акліматызаваліся ў новых дамах і паступова засвойваюць вопыт прыстойных сямейных адносін, а новыя бацькі з радасцю заўважаюць, як цяплеюць позіркі іх дзяцей. Утульна і зусім па-свойску  адчуваюць сябе прыёмныя дзеці Наталлі Іванаўны Гаўрук, Алены Пятроўны Уласік, Валянціны Леанідаўны Кораб, Таццяны Анатольеўны Вайцяхоўскай, Тамары Расціславаўны Карповіч, Ірыны Аляксееўны Лукашук.

Акрамя 29 дзяцей, якія выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях, ёсць яшчэ 21, клопат аб якім узялі на сябе апекуны. Дзве сям’і раёна ў 2010 годзе ўсынавілі непаўналетніх.

Вялікі дзякуй гэтым людзям за тое, што яны ёсць, за тое, што дзеткі, лёс якіх мог скласціся па-іншаму, пазналі словы «мама» і «тата», а бацькам хочацца пажадаць насіць гэта званне дастойна, дарыць дзецям часцінку сямейнай утульнасці і выхаваць іх добрымі людзьмі.

Іна Кулеш,

вядучы спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *