Лазовичский СДК — победитель районного фестиваля юмора «Клецкая рагатуха»

IMG_3446Ужо стала добрай традыцыяй, што ў самым жартоўным месяцы года – красавіку – на Клеччыне ладзіцца фестываль народнай гульні і гумару пад вядомай гараджанам і гасцям раённага цэнтра назвай "Клецкая рагатуха". Сёлета ён стаў дзявятым па ліку. Па колькасці гледачоў у зале можна было меркаваць, як шмат у нас сапраўдных гумарыстаў ці тых, хто час ад часу жартуе над сабою. На жаль, такіх сабралася не шмат. Але фестываль адбыўся, і многія сельскія дамы культуры прыемна здзівілі.
Першым выступаць заўжды цяжэй і адказней удвая. На гэты раз праграму пашанцавала адкрываць удзельнікам калектыву "Папараць кветка" Галавацкага СДК. Іх выступленне – сапраўдная сцэнка з жыцця: баба са сваім дзедам сядзяць на лаўцы і аддаюцца ўспамінам аб маладосці. Потым пачынаюць абмяркоўваць сучасную моладзь і асабліва той факт, што зараз пры жаніцьбе пары заключаюць шлюбныя кантракты. Вырашылі прымераць гэту з'яву на сябе і пачалі ўсё дзяліць… Аднак рассмяшыць гледача не атрымалася.
Эстафету ў іх прынялі ўдзельнікі гуртка сцэнічных мініяцюр Заастравецкага СДК "Лясні-басні". Іх дзея разгарнулася ў кафэ, прычым не самым папулярным у горадзе. Спарцмен вырашыў у цішыні перакусіць і імкнецца давесці гэта з афіцыянтцы. Вобразы цікавыя, сыграны нядрэнна, і ў зале крыху ажывіліся, пачалі апладыраваць.
Артысты Сякерыцкага дома культуры прапанавалі стаць сведкамі сустрэчы аднакласнікаў. Адзін з іх у рэстаран прыйшоў з жонкаю, а потым да іх яшчэ далучылася і цешча. Небарака ў акружэнні жанчын нават слова сябру не мог сказаць, той жа хутка ўвогуле ўцёк са спаткання. Са сваімі ролямі ўсе добра справіліся.IMG_3472
Той, хто любіць па тэлебачанні глядзець гумарыстычныя перадачы накшталт "Крывога люстэрка", адразу пазнаў ва ўдзельніках міні-тэатра "Карусель" Зубкаўскага СДК новых рускіх бабуль Матрону і Клаву, якія вярталіся са спадарожжа на параходзе. Зубкаўцы ўдала ўжыліся ў вядомыя вобразы і змаглі прадэманстраваць свой талент.
Гучны рогат і такія ж пляскі далоняў пачаліся тады, як на сцэне з'явіўся калектыў пад нумарам "пяць": удзельнікі тэатра эстрадных мініяцюр "Жартаўніца" Лазавіцкага дома культуры. Непараўнальны па акцёрскай гульні і "фармаце" прадстаўнік шлюбнага агенцтва "У апошні шлях" захапіў з самага першага моманту свайго паяўлення. А ўжо праз жаніха Антона Іванавіча і нявесту Галіну Пятроўну ўвогуле казаць лішне: іх паклоннікамі можна было лічыць усіх гледачоў без выключэння! Малайцы!
У нейкі момант падалося, што пасля лазавічан і журы на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святланай Аляксандраўнай Чалык, і ўсе прысутныя ў зале сталі больш крытычна адносіцца да выступаючых. Пасля так высока ўзнятай планкі Грыцэвіцкай "Забаве" трэба было як след пастарацца. Справіліся. Іх каларытная доктарка і дзве бабулі дабавілі настрою.IMG_3467
Вельмі спадабалася жаночай палове гледачоў выступленне ўдзельнікаў гуртка тэатральных мініяцюр "Паўлінка" Нагорнаўскага СДК. У іх было дзве дзеючыя асобы: пластычны хірург і сялянка. Сцэнка вядомая, неаднойчы ўжо паказвалася на раённай сцэне іншымі самадзейнымі артыстамі, аднак жанчыны так яе сыгралі, што ўся канцэртная зала "клалася" са смеху! Адным словам – гумарысткі!
Дэбютавалі на "Клецкай рагатусе" ўдзельнікі аматарскай творчасці Даматканаўскага СДК. Яны ўсіх запрасілі на "Дыскатэку 80-ых". За час іх выступлення не было вымаўлена ні воднага слова, аднак мініяцюра – проста шыкоўная! Добры пачатак, так трымаць і далей!
Мінулагод я некалькі разоў трапляла на канцэртныя праграмы, дзе выступала трыа з Рассветаўскага дома культуры пад гучнай назвай "Забава". Калі толькі вядучыя аб'яўляюць гэты калектыў, па зале імгненна разлятаецца гучны гоман, які ператвараецца ў апладысменты. Яны ніколі не пакідаюць публіку без песень і гумару, якія сталі іх візітоўкамі. А тры сяброўкі на пляжы ў той красавіцкі дзень сапраўды ў чарговы раз упрыгожылі канцэрт.
Адпавядалі сваёй назве і "Фантазёры" з Янавіцкага СДК. Гэта адзіны калектыў, які не прыцягнуў да ўдзелу жанчын. Тры маладыя хлапцы паказалі момант палёту ў самалёце траіх пасажыраў. Сказаць, што гэта было надта смешна, нельга, аднак юнакі прадэманстравалі свае выдатныя фізічна-акрабатычныя здольнасці і гэтым захапілі. Ва ўсякім разе, усім шчырае "Дзякуй!"
Даўно вядомы нам гумарыстычны настрой тэатральнага гуртка "Прышчэпкі" Шчэпіцкага сельскага дома культуры. Калі яны дэманстравалі ў разрэзе сямейны вечар у "звычайнай клецкай сям'і", дзе прыдзірлівая жонка сварыцца з мужам, сын стараецца вучыць урокі, і яшчэ ў дадатак да ўсяго наведваецца бабуля – многія, пэўна ж, прыпомнілі і свае "пасядзелкі".
Няма межаў для артыстаў драматычнага гурта "АМСУ" (а мы самі з вусамі) Галынкаўскага дома культуры. Штораз яны прывозяць у Клецк нешта новае і цікавае. Не быў выключэннем і чарговы фестываль гумару, на які завітала варажбітка са сваімі кліентамі. Апладысменты і смех не змаўкалі!
Тыя, хто трапіў на сёлетнюю "Клецкую рагатуху", былі ўпэўнены, што без Кухчыцкіх дзяўчат не абыдзецца. І правільна, бо лісапедны батальён вакальнага гурта "Івушка" на новую прыступку ўзняў і без таго выдатны настрой, а песня "Я проста каралева" не заставіла сумнявацца ў тым, якія таленавітыя жанчыны жывуць у Кухчыцах!
Нават каб іх і не аб'яўлялі, то варта было ўдзельнікам аматарскай творчасці Сіняўскага дома культуры з'явіцца перад гледачом у белых просцінах і з мачалкамі, як па зале тут жа пракацілася: "Сіняўка са сваёй лазняй!" Аднак на гэты раз хоць і зноў была "лазня", толькі дзея на сцэне не паўтарылася, а мела працяг. Цяпер артысты "сур'ёзна" распавядалі, як на гулянку прыгатавалі 400 літраў самагонкі, а тая недарэчна разбілася і затапіла ўсіх суседзяў з ніжніх паверхаў. Шчыры смех членаў журы і гледачоў не змаўкаў ні на хвіліну! "Брава!" артыстам!IMG_3494
Завяршылі фестываль удзельнікі Морацкага міні-тэатра "Смяяцца не грэх". Іх пантаміма была яркаю, а вобразы – непараўнальнымі! Ад выступлення марачакоў усе атрымалі сапраўдную асалоду!
Аднак на тое ён і конкурс, каб вылучаць тых, хто больш адказна папрацаваў, лепш здолеў перадаць свой вобраз на сцэне праз рухі, выраз твару, тэкст і знешнасць.
Такім чынам, пераможцам "Клецкай рагатухі" ў 2016 годзе стаў Лазавіцкі СДК, на другую прыступку ўзышоў Сіняўскі дом культуры і трэцяе месца прысуджана гумарысткам Галынкаўскага СДК. Але гэта не ўсе ўзнагароды. Дыпломы за "Самы яскравы вобраз і ўдзел у IX раённым фестывалі народнай гульні і гумару "Клецкая рагатуха" атрымалі Алена Уласевіч ("сялянка" з Нагорнаўскага СДК) і Наталля Галубкова (самая яркая "танцоўшчыца" з Даматканавіцкага СДК). Усе астатнія ўдзельнікі фестывалю сталі ўладальнікамі дыпломаў за актыўны ўдзел у ім.
Умець жартаваць над сабою – важна, паказваць праз гумар нашы з вамі памылкі – карысна. Усе, хто ў той дзень пакідаў залу пасля амаль што трохгадзіннай праграмы, усміхаліся і здзіўляліся, як хутка прабег час. Шкада толькі аб адным: артысты працавалі на паўпустую залу…

Валянціна Сянкевіч.
Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *