Беларусы ў Лондане

У першыя гады незалежнасці Рэспубліка Беларусь, як і кожная маладая дзяржава, сутыкнулася з мноствам цяжкасцей. Поруч з ажыццяўленнем эканамічных рэформ, фарміраваннем уласнага войска і палітычнай сістэмы, нельга было забывацца і пра дыпламатычную дзейнасць. Літаральна з нуля ў многіх краінах трэба было ствараць беларускія прадстаўніцтвы. Акрамя кваліфікаваных кадраў, гэта справа патрабавала і значных грашовых выдаткаў. Чаго каштавала адно толькі набыццё нерухомасці для размяшчэння ўласных прадстаўніцтваў.       Айчынным дыпламатам у Вялікабрытаніі істотную дапамагу аказаў наш зямляк, лонданскі прадпрымальнік Ян Дамінік.

Зрэшты, Дамінікам ён стаў ужо на захадзе. А ад нараджэння хлопца з Лукаўцаў звалі Іван Дзяменнік. У свой час ён скончыў Клецкую беларускую гімназію, а потым працягваў навучанне ў Баранавічах і Вільні. У выні­ку ваенных падзей летам 1944 г. Іван быў вывезены ў Германію. Потым былі лагеры бежанцаў, адкуль перабраўся ў Англію. Пачаў працаваць на будоўлі, а з часам стварыў свой уласны бізнес. Фірма Яна Дамініка займалася тым, што танна купляла старыя дамы, рамантавала іх, а потым перапрадавала па значна большых цэнах. Ён сам валодаў некалькімі дамамі ў розных раёнах Лондана. Калі Беларусь стала незалежнай, наш зямляк вырашыў перадаць адзін з іх для размяшчэння Генеральнага консульства. Але па англійскіх законах падарунак нерухомасці аб­кладаецца вялізным падаткам. Таму, каб ашчадзіць уласны бю­джэт, давялося пайсці на невя­лікую хітрасць. Дом быў не падораны, а перададзены ў арэнду  Рэспубліцы Беларусь на 100 гадоў за сімвалічную плату – 1 фунт стэрлінгаў за год. Як жартоўна пісала адна з газет: “…цяпер гаспадар можа штогод выпіваць за кошт Беларусі бляшанку прыстойнага піва”. Сярод умоў, якія гаспадар выставіў арандатарам, была і такая – супрацоўнікі консульства ў гутарцы між сабой і наведвальнікамі мусілі карыстацца белару­скай мовай. Наведваў гэты дом і яшчэ адзін наш зямляк, оперны спявак Лявон Мурашка, які даў канцэрт у Лондане. Між іншым, Мурашка і Дамінік былі стрыечнымі братамі і некалі разам спявалі ў царкоўным хоры клецкай Свята-Уваскрасенскай царквы.

Вось што гаворыцца ў афіцыйным лісце Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь: “У будынку, які належаў Я.Дамініку, з мая 1993 г. па май 1994 г. функцыянавала Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі, а з мая 1994 г. па ліпень 1995 г. – Пасольства. Пасля смерці Я.Дамініка ў красавіку 1995 г. яго ўдава прапанавала  Пасольству вы­ехаць з будынка ў сувязі з фінансавымі праблемамі, з якімі сутыкнулася сям’я нябожчыка. Пасольства пераехала ў будынак, набыты за сродкі, выдаткаваныя ўрадам Беларусі. Учынак Я.Дамініка заслужыў падзякі, якая была выказана ўдаве”.

Да ўсяго гэтага можна толькі дадаць, што жонка Я. Дамініка Тамара Салавей таксама пахо­дзіла з Клецка. Яна была на 15 гадоў маладзейшая за мужа і перажыла яго на шэсць гадоў. Што да фінансавых праблем, то, ня­гледзячы на іх, Тамара ахвяравала 10.000 фунтаў на ўтрыманне Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. Гэта ўстанова вось ужо доўгі час з’яўляецца буйнейшым беларускім кнігазборам за межамі Бацькаўшчыны.

Не ведаю, што сёння знахо­дзіцца ў будынку былога Пасольства Рэспублікі Беларусь. Але прыемна ўсведамляць, што нашы землякі нават у туманным Альбіёне змаглі не толькі захаваць сваю беларускасць, але і заклалі досыць важкія цагліны ў падмурак Незалежнасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *