Камп’ютарызаваная тэхніка ўбірае бульбу

Беларусы здаўна не без важкіх на тое падстаў бульбу называюць сваім “другім хлебам”. Аднак шкада, што апошнім часам сельгасвытворцамі ўсё ж такі ў значнай меры страчаны магчымасці яе рэалізацыі як выгаднага экспартнага прадукта. Не ўсё ладна складваецца і на ўнутраным рынку. Магчыма, з-за таго, што існуючая на працягу шэрагу гадоў цэнавая палі­тыка не пакрывала ў поўнай меры затраты на яе вырошчванне, і гэта не прамінула негатыўна паўплываць на аддачу бульбяных палеткаў і, вядома ж, на эканамічную эфектыўнасць вытворчасці клубняў. Такое становішча спраў не задавальняе ні саміх бульбаводаў, ні ўрад краіны, і прычына зразумелая: не ў поўнай меры выкары­стоўваецца адна з важных крыніц паступлення немалых грашовых сродкаў, у тым ліку і з-за мяжы. Таму ўжо ў бліжэйшыя 5 гадоў плануецца пасяўныя плошчы пад бульбу з цяперашніх 51 тысячы гектараў давесці да 65 тыс. га, а таксама ў два разы павялічыць яе вытворчасць у грамадскім сектары. З мэтай далейшага развіцця бульбаводства прадугледжваецца ўдасканаліць існуючую сістэму насенняводства гэтай культуры, аптымізаваць колькасць вырошч­ваемых сартоў айчыннай селекцыі ў структуры пасяўных плошчаў да 20 назваў. Ёсць намер прадоўжыць узбуйненне арганізацый па вытворчасці бульбы з плошчай пасадкі на адну гаспадарку не меншай за 300-500 га. Вядома ж, неабходна будзе аснасціць іх спецыялізаваным абсталяваннем, даўкамплектаваць наборам сучаснай тэхнікі для забеспячэння  поўнага тэхналагічнага працэсу вырошчвання і ўборкі з устаноўкай сартавальна-фасавальных ліній. У ліку напрамкаў, якія будуць садзейнічаць развіццю бульбаводства, – будаўніцтва новых сучасных сховішчаў, мадэрнізацыя ўжо існуючых. Урад краіны прапрацоўвае таксама пытанні арганізацыі перапрацоўкі клубняў. Як лічаць спецыялісты галіны, пры ўкараненні запланаваных мераў з’явіцца магчымасць павысіць якасць бульбы на вытворчыя і тэхнічныя мэты, забяспечыць выпуск шырокага спектра прадуктаў з яе, зменшыўшы тым самым іх імпарт, скараціць адходы пры перапрацоўцы.

На крок назад “адступілі” пазіцыі і клецкіх бульбаводаў. І ўсё ж школа па рабоце з гэтай культурай у нас створана добрая. Чаго толькі вартыя  напрацоўкі кухчыцкіх земляробаў, дасягненні іх мерыстэмнай лабараторыі, якая забяспечвае пасадку высакаякаснай эліты на ўнушальных вытворчых плошчах.

Сур’ёзна працуе з бульбай СВК “Грыцэвічы”. Сёлета, у прыватнасці, яе плантацыі ў гаспадарцы займаюць 150 га – гэта трэці ў раёне паказчык па колькасці адведзеных плошчаў. Неблагая і ўраджайнасць – больш за 219       ц/га. Уборка вя­дзецца арганізавана, што і дазволіла вызваліць ад клубняў ужо 71 % плошчы ўчастка. Асноўная нагрузка тут ускладзена на механізаваныя сродкі. Трэці сезон увіхаецца на палетках, і, дарэчы, паспеў заслужыць добрыя водгукі механізатараў, бульбаўборачны камбайн гомельскіх вытворцаў ПКК-2-02. Аляксандр Бобка – адметны бульбавод. Ён не адзін год і садзіць яе, і даглядае ўлетку, а цяпер вось працуе на ўборцы разам з камбайнерам Сяргеем Ахрыменем.

А за работай нямецкага камбайна WM-6500 давялося назіраць непасрэдна на палетку. Вось гэта тэхніка! Яе, між іншым, даставілі ў гаспадарку толькі напярэдадні ўборкі. Аснашчана яна сучасным камп’ютарным кіраваннем, зручным пераборачным сталом (здымак 1), бункерам ёмістасцю 6,5 тоны. Пры такой ураджайнасці за змену можа накопваць да 100 тонн бульбы, і работу вядзе без папярэдняга скошвання націння.

Самі прадстаўнікі фірмы-вытворцы адрэгулявалі складаную тэхніку ў палявых умовах, расказалі, як весці тэхабслу­гоўванне, і раскрылі некаторыя сакрэты яе эксплуатацыі грыцэвіцкім механізатарам Аляксандру Агалакаву і Івану Васько (здымак 2). Імпартны камбайн “пакарыўся” нашым спецыялістам без праблем. Наяўная эфектыўная тэхніка – добрая падстава для пашырэння плошчаў і аб’ёмаў вытворчасці “другога хлеба” на грыцэвіцкіх ворных землях у перспектыве.

Вольга Русіновіч.

Фота Юрыя Мысліцкага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *