Урадзіла – на славу!

Такога ўраджаю бульбы як сёлета ва ўласнай гаспадарцы Алены Іванаўны Новік, што жыве ў Кухчыцах, не было даўно. З 35 сотак, вынесеных у палеткі севазвароту мясцовага сельскагаспадарчага кааператыва, дбайныя вяскоўцы накапалі ажно тры “самазвалы”, а гэта недзе каля 15 тон клубняў, маючых добрыя таварныя якасці, умеру вялікія, гладкія. Праўда, ёсць і сапраўдныя клубні-волаты. На здымку 1 бачна, як тры бульбіны “перацягнулі” за 2 кіла­грамы.

Хваляць гаспадары і смакавыя якасці свайго “другога хлеба”, маўляў, разварыстая бульба, вартая і на аладкі, і на смажанку з кашай.

– Ды куды дзець такі ўраджай? – цікавімся ў гаспадароў.

– Частку апусцім у пограб, на ўласныя патрэбы. Не забываем адабраць і насенне, каб было чым пасадзіць вясною. А лішкі плануем прадаць.

– Праблем з рэалізацыяй не будзе?

– Думаем, не, бо ад камерсантаў прапаноў многа.

– А не спрабавалі звярнуцца ў каапнарыхтпрам?

– Ды і туды не было б праблем прадаць бульбу. Але ж важную ролю, самі разумееце, мае закупачная цана. Дзе больш дадуць, туды і здадзім. Цяжка вырошчваць бульбу, палоць яе, капаць, таму хочацца за сваю працу добрую капейку атрымаць.

– Дарэчы, а з уборкай праблем не было?

– У нашых сваякоў ёсць свой трактар, капалка. Так што ўсе разам дружна справіліся з работай.

Так, бульба ўрадзіла на славу. Так што вырошчваць яе – справа выгадная.

Вольга Русіновіч.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *