Два прозвішчы з “Беларусаў”

У 1903 г. у Варшаве ўбачыў свет першы том працы прафесара Я.Ф.Карскага “Беларусы” з падзагалоўкам “Уводзіны ў вывучэнне мовы і народнай славеснасці”. Аўтар паставіў перад сабой сапраўды грандыёзную задачу – у адным даследаванні даць нарыс гісторыі развіцця і вывучэння беларускай мовы, паказаць яе асаблівасці, вызначыць этна­графічныя межы нашага народа, пазнаёміць чытача з гісторыяй плямён, якія пазней утварылі беларускую народнасць, і помнікамі старабеларускай мовы, зрабіць агляд вуснай народнай творчасці і беларускай літаратуры ад вытокаў да пач. ХХ ст., вызначыць агульныя і лакальныя асаблівасці нашай мовы. На добры лад, такой дзейнасцю мусіў бы займацца цэлы акадэмічны інстытут, а яна ўся лягла на плечы аднаго чалавека. 19 гадоў спатрэбілася, каб цалкам выдаць гэту работу. Апошні, 3-ці том, убачыў свет у цяжкі час Першай сусветнай і Грамадзянскай вайны. Яго першая частка выйшла ў 1916 г., апошняя – у снежні 1922 г. Ужо першыя водгукі сведчылі аб значнасці гэтай працы для фарміравання нацыянальнай свядомасці. Яе называлі “кнігай, якая павінна быць у кожнай пісьменнай беларускай сям’і”. Пазнейшыя даследчыкі таксама былі аднадушныя ў ацэнках: “Галоўны помнік жыцця Я.Карскага – шматтомная праца “Беларусы”, роўную якой па грунтоўнасці наўрад ці знойдзем у галіне вывучэння іншых славянскіх народаў”; “Беларусы” з’яўляюцца ў літаральным сэнсе слова энцыклапедыяй беларускай філалогіі, адзінай па аб’ёму і багаццю матэрыялаў працай у сусветнай літаратуры”.

Паколькі ў многіх пытаннях Я.Карскі выступаў першапраходцам, яму даводзілася збіраць матэрыял не толькі ў бібліятэках, але і пад час вандровак па Беларусі. Вучоны ахвотна гутарыў з самымі рознымі людзьмі – сялянамі, святарамі, навучэнцамі, – імкнучыся зафіксаваць асаблівасці жывой народнай гутаркі, больш даведацца пра традыцыі і звычаі той або іншай мясцовасці. Невыпадкова на старонках “Беларусаў”, побач з імёнамі вядомых даследчыкаў, мы сустракаем прозвішчы шэраговых рэспандэнтаў, з якімі сустракаўся Яўхім Фёдаравіч. Сярод іх ёсць і нашы землякі.

Так, ужо ў 1-м томе згадваецца М.Чудоўскі – аўтар вялікага артыкула аб асаблівасцях гаворкі Случчыны. Я.Карскі называе яго “старым матэматыкам” і “ўра­джэнцам Навагрудскага павета”. Яшчэ раней Карскі згадваў гэта імя ў справаздачы аб рабоце ў бібліятэках Масквы, Троіца-Сергіевай лаўры і Слуцка. Там ён пісаў пра сваю сустрэчу і гутарку з Чудоўскім – міравым суддзёй у Клецку, філолагам-аматарам.

М.І.Чудоўскі сапраўды нара­дзіўся на Навагрудчыне. Скончыў Харкаўскі ўніверсітэт, а з 1874г. працаваў у Слуцкай гімназіі настаўнікам фізікі і матэматыкі. Таксама выкладаў у жаночым пансіёне. Аднак дыяпазон яго інтарэсаў быў значна шырэйшы. Калі ў снежні 1874 г. у Слуцку была арганізавана гарадская метэаралагічная станцыя, Мікалай Іванавіч стаў яе назіральнікам. На працягу 22 гадоў штомесяц ён дасылаў матэрыялы сваіх назіранняў у Пецярбург, у Галоўную Геафізічную абсерваторыю. У 1896 г. Чудоўскі пакінуў працу ў гімназіі і, відаць, пераехаў у Клецк. Пакуль невядома, што яго падштурхнула на такі крок. Хучэй за ўсё, ён набыў тут дом, зямлю і збіраўся правесці рэшту дзён. Матэрыяльнае становішча гэта цалкам дазваляла. З дзяржаўнай службы Чудоўскі пайшоў са званнем “заслужанага выкладчыка” і чынам сапраўднага стацкага дарадцы, што адпавядае генеральскаму рангу. Адпаведна меў і высокую пенсію. Але сядзець без справы не мог. У Клецку Чудоўскага абралі міравым суддзёй. Тут жа ён распачаў, або, што найбольш верагодна, працягнуў аматарскае вывучэнне асаблівасцяў мовы Слуцкага павета. Ужо ў 1898 г. яго артыкул “Матэрыялы для вывучэння беларускіх говараў. Слуцкі говар” быў надрукаваны ў аўтарытэтным часопісе “Русский филологический вестник». Ужо сам факт друкавання ў сур’ёзным навуковым выданні сведчыць пра значнасць даследавання. Застаецца толькі здзіўляцца, як адзін чалавек аднолькава паспяхова мог займацца матэматыкай, фізікай, метэаралогіяй і мовазнаўствам!

Даволі вялікі (каля 40 старонак) артыкул Чудоўскага пабудаваны на асабістых назіраннях. Аўтар старанна фіксуе беларускія выразы, пачутыя ў розных кутках Слуцкага павета, шукае заканамернасці і адметнасці. Калі казаць пра Клеччыну, то найчасцей трапляюцца выразы, запісаныя ў самім Клецку і некаторых вёсках. Часта згадваюцца Сякерычы, значна радзей – Дунайчыцы і Макраны, зусім рэдка – Машукі і Лукаўцы. Адзінкавыя выразы былі запісаны ў Ардзе і Сухлічах. Я.Карскі пазнаёміўся з гэтым артыкулам яшчэ ў рукапісе, калі рыхтаваў працу да публікацыі, і не пагадзіўся з некаторымі высновамі.

Жаданне асабіста сустрэцца з аўтарам, каб абмеркаваць асобныя спрэчныя пытанні, і прывяло будучага акадэміка ў наш горад у чэрвені 1898г. Далейшы лёс М.І.Чудоўскага мне невядомы. Ці працягваў ён свае філалагічныя даследванні? Калі памёр і дзе пахаваны? Як склалася жыццё яго дзяцей? Гэтыя пытанні  пакуль застаюцца без адказу. Значна больш звестак пра жыццё другога інфарматара Я.Карскага з Клеччыны – Надзею Платонаўну Навіцкую.

У 3-ім томе “Беларусаў” у раздзеле, прысвечаным духоўным вершам, Я.Карскі прыводзіць тэкст т.зв. “Евангелістай песні”, якая ўтрымлівае 12 пытанняў і адказаў, што тлумачаць значэнне лічбаў у адпаведнасці з хрысціянскім веравучэннем. Пры гэтым ён зазначае: “Мне яшчэ гадоў 15 таму давялося чуць гэты верш у польскім варыянце ў Слуцкім павеце Мінскай губерніі ад Н.Навіцкай, Блячын (суч. в.Садовая – А.Б.)”. Тут гаворка ідзе пра гасцяванне вучонага ў брата Івана Навіцкага – настаяцеля царквы сяла Блячын, летам 1900 г. Зрэшты, пра яго візіты на Клеччыну мне ўжо даводзілася пісаць (гл. “Да новых перамог” 6.09.2008). Зараз жа спынімся на асобе Н.Навіцкай.

Ятроўка (жонка брата – слова запісана М.Чудоўскім у Клецку) Яўхіма Карскага, нарадзілася ў Дунайчыцах у 1873 г. у сям’і Платона і Соф’і Гарбацэвіч. Яе бацька быў святаром мясцовай Пакроўскай царквы. Па службе яго неаднаразова пераводзілі з аднаго прыхода ў другі (цікава, што ўсе яны знаходзяцца ў межах сённяшняга Клецкага раёна). Так, у 1882 г. ён знаходзіўся ў Галынцы, а ў 1886 г. ужо апынуўся ў Морачы. У 1895 г. Надзея, разам з мужам Іванам Навіцкім, прыехала ў Блячын, дзе і пражыла большую частку свайго доўгага жыцця. Невядома, дзе яна вучылася, аднак з успамінаў паўстае вобраз начытанай, адукаванай, разумнай жанчыны, здольнай весці гутарку на любую тэму. Дзякуючы ёй, Я.Карскі, не выяз­джаючы з Блячына, змог зафіксаваць і некаторыя асаблі­васці морацкай гаворкі. Цікава, што, на яго думку, мова паўночнай і паўднёвай часткі сучаснай Клеччыны істотна адрознівалася паміж сабой.

Лёс быў нелітасцівы да гэтай жанчыны. У маладым узросце памерлі яе сын і дачка, у 1928 г. – муж Іван. У гады акупацыі ў канцлагеры загінула малодшая дачка Наталля і зяць, святар Мікалай Хільтоў. Будучы ў сталым узросце, Надзея Платонаўна мусіла выхоўваць дваіх унучак – На­дзю і Кіру. Жыла надзвычай бедна, але пры гэтым заставалася яркай асобай. Вось што згадала пра яе пляменніца Валянціна Гаховіч: “Надзея Платонаўна была прадстаўніком той інтэлігенцыі, якую мы не здолелі належным чынам ацаніць. Нават сярод жонак святароў яна была выключэннем. Мяне здзіўляла яе ўменне заўсёды быць “у форме”, пры фактычна жабрацкім пасляваенным жыцці апранацца бедна, але элегантна. На ёй заўсёды былі прыгожыя каралі, а валасы – завіты і ўкладзены. Яна заставалася “арыстакраткай”. Да сялян ставілася з павагай, але і з некаторым пачуццём вышэйшасці. Я не памятаю, каб яна калі-небудзь крычала ці павышала голас. З ёю было ўтульна і цікава. У Надзеі Платонаўны заўсёды збіралася “вучоная” моладзь, студэнты з навакольных вёсак. Любілі гаварыць пра кнігі, спяваць пад гітару. Да яе цягнуліся сваякі, якім не было дзе ўладкавацца пасля вайны. І, нягледзячы на беднае жыццё, яна нікому не адмаўляла ў прытулку”. Н.Навіцкая памерла ў 1964 г. За год да таго, як сучаснымі вандаламі была разбурана Іаана-Прадцечынская царква ў Садовай. Дарэчы, да самых апошніх дзён жыцця яна не вельмі любіла згадваць пра сваяцтва з акадэмікам Карскім. Гэта тэма ў сям’і заўсёды была ахутана нейкай таямніцай.

Не ведаю, наколькі нам удалося прыўзняць заслону гэтай таямніцы, але сувязі славутага акадэміка з Клеччынай праглядаюцца ўсё больш выразна. Нашы землякі, як і ўраджэнцы іншых мясцін, унеслі свой, хай сабе маленькі, уклад у тытанічную працу гэтага чалавека. Безліч лю­дзей па ўсёй краіне ў той ці іншай ступені спрычыніліся да навуковых даследаванняў Яўхіма Фёдаравіча. А значыць, “Беларусы” не былі звычайнай манаграфіяй “кабінетнага” вучонага. Гэту кнігу патрабаваў сам час!

Андрэй Блінец, краязнаўца, пазаштатны аўтар газеты.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *