Канал Светлай Узаемнасці (кароткія нататкі маладога спецыяліста)

Час вучыць усяму. Але адбірае шчырасць. Чым далей у самастойнае, сталае жыццё, тым болей на тваім рахунку авантур – вялікіх і малых, наўмысна-карыслівых і вымушана-абарончых. Адзін спашлецца на «службу такую!», другі – на колькасць нашчадкаў і г.д.

Але аднойчы зробіцца душна. Калі ты не закаранелы эгаіст-практык – зробіцца… Успыхне нечаканае, адчайнае жаданне сустрэць позірк, у якім не будзе падвойнага дна, ад якога не патыхне хітрасцю і жорсткасцю распаленых амбіцый – прамы, разумны (але не без пачуццяў) позірк… Або, недарэмна названае ЖЫВЫМ, слова – друкаванае, пісанае, прамоўленае.

Адкуль узяць? Нехта гатовы задаволіцца ілюзіяй спачування, нехта здольны ўчыніць скандал, каб хоць так дабіцца не вельмі прыязных, але, нарэшце, праўдзівых адказаў, іншыя, не знахо­дзячы, замыкаюцца ў суровым, але вельмі відушчым маўчанні…

Пасля адпачынку вяртаюся ў Карацкую школу да часовых абавязкаў дзяжурнага па летняй аздараўленчай пляцоўцы. Добразычліва сустракаюць калегі, вясёлы дзіцячы вэрхал накрывае з галавой… Здорава! Але галоўнае вось што: зноў падключаюся да шчырасці высокай спробы. У падапечных яшчэ не сфарміравалася як мае быць унутраная цэнзура: весялосць, смутак, нават стыхійная рэзкасць – на поўную сілу. Без моцнай прывязкі да сітуацыі – толькі дай стартаваць.

Можна і самому ненадоўга разняво­ліцца – скінуць з душы некалькі пластоў камуфляжу, настолькі неабходнага ў жыцці сярод сталых, а нярэдка – мацёрых людзей… Наладжваецца канал Светлай Узаемнасці, і ў абодвух кірунках струменяць флюіды Любові і Разумення. Пафасна гучыць? Так. Ну і няхай сабе.

…Аўтастоп – не самы лепшы «від транспарту». Але, каб пасля працы не чакаць з чатырох да сямі маршрутнага аўтобуса, шыбую па слабадской узбочыне на свой Клецк, галасуючы кожнай спадарожнай легкавушцы. Бывае, і аднаго кіламетра не пройдзеш, бывае, і адзінаццаць  нагамі адмераеш. А сутнасць у тым, што бязлітасную ласку сонца, пыл і ныццё ног з лішкам кампенсуе рэха шчырых узвіваў, якімі шчодра дзяліліся з табой дзеці яшчэ хвілін 40 таму…

Ігар Канановіч, г.Клецк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *