Областной День письменности прошел на Минщине

IMG_9938 сайтДзень беларускага пісьменства айчынныя журналісты традыцыйна лічаць і сваім святам таксама. Таму не дзіўна, што на прайшоўшым круглым стале па тэме “Перспектывы развіцця літаратуры і журналістыкі Мінскай вобласці” напрыканцы мінулага тыдня ў абласным выканаўчым камітэце пры непасрэдным удзеле яго старшыні С.Б.Шапіры, разам з прадстаўнікамі абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” сабраліся ўсе рэдактары раённых выданняў Міншчыны, журналісты рэспубліканскіх СМІ, якія займаюцца асвятленнем спраў цэнтральнага рэгіёна.
Павітаўшы прысутных, кіраўнік вобласці звярнуў увагу на значнасць работы летапісцаў сённяшняга дня, як непасрэдных удзельнікаў усіх працэсаў, што адбываюцца на месцах. На прыкладах работы журналістаў некалькіх газет Сямён Барысавіч пацвердзіў, што ўменне заўважаць і фіксаваць, раскрываць праблемы і аналізаваць іх дапамагае іншы раз і прадстаўнікам улады быць больш доказнымі, маючы факты, выяўленыя газетчыкамі, як галоўны аргумент у прыняцці таго ці іншага рашэння. Губернатар успомніў, як у юным узросце сачыў за зводкамі роднай гаспадаркі, змешчанымі ў мясцовай раённай газеце “Будаўнік камунізму”, а калі размова зайшла пра дзіцячую літаратуру, то прызнаўся, што лічыць казку пра залатую рыбку вельмі павучальнай не толькі для тых, на каго яна разлічана, але і для некаторых дарослых з поглядамі ўтрыманцаў. Ён падтрымаў ідэю Т.Р.Вяцкай, дырэктара КУП “Минская волна”, наконт спецыяльных перадач для дзяцей пад рубрыкай “Бабуліна казка”. Тамара Рыгораўна, ужо як старшыня абласной журналісцкай арганізацыі (на гэту пасаду калегі абралі яе літаральна ў жніўні), падкрэсліла важнасць сувязі журналістаў і структур улады, іх дыялогу, узаемаразумення і агульных памкненняў.
Дарэчы, у журналістаў Міншчыны гэта нядрэнна атрымліваецца, аб чым, даючы ацэнку іх рабоце, гаварыў намеснік міністра інфармацыі У.У.Матусевіч. Уладзімір Уладзіміравіч адзначыў, што, нягледзячы на развіццё інтэрнэту, да якога далучаецца з кожным годам усё больш насельніцтва, СМІ сталічнай вобласці цікавымі матэрыяламі мясцовых выданняў утрымліваюць свайго чытача, актыўна развіваюцца, адпавядаюць патрабаванням часу і пры гэтым 19 з 23 раённых выданняў існуюць ва ўмовах самаакупнасці.
На новай, больш высокай, ступені развіцця бачыць работу сучасных журналістаў З.К.Прыгодзіч, член двух творчых саюзаў – пісьменнікаў і журналістаў. Ад імя пісьменніцкай аўдыторыі Зіновій Кірылавіч выказаў пажаданне больш увагі надаваць рабоце з адоранай моладдзю, падтрымліваць і заахвочваць яе здольнасці.
Дырэктар – галоўны рэдактар Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Звязда” і адначасова старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч звярнуў увагу на тое, што задача творчых людзей, незалежна ад часу, – расказваць аб сваіх сучасніках, сапраўдных прафесіяналах, людзях адданых сваёй справе і Радзіме, бачыць жыццё ва ўсіх яго праяўленнях і адлюстроўваць праз трапнае слова і яркія вобразы.
Аб справах журналістаў-раёншчыкаў, іх бліжэйшых планах, творчых задумках і пажаданнях расказалі галоўныя рэдактары раённых газет “Нясвіжскія навіны” Д.Л.Яшчанка і “Маладзечанская газета” А.І.Лазоўскі. Редактар ведамаснай газеты «Калийщик Солигорска» ОАО «Беларуськалий» Н.А.Царыкевіч прэзентавала калегам нядаўна выпушчаную кнігу-фотаальбом “Моя судьба – Беларуськалий”, да падрыхтоўкі якой рэдакцыя шматтыражкі мела самае прамое дачыненне, і ад імя салігорскіх шахцёраў уручыла яе старшыні аблвыканкама С.Б.Шапіру.
Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна, у сваю чаргу, падкрэсліў, што яму выпала прыемная місія – уручыць дыпломы аўтарам, якія падарылі самыя лепшыя творы нашаму грамадству.

Сярод узнагароджаных – Зіновій Прыгодзіч за кнігу «Постаці» (намінацыя «Крытыка і літаратуразнаўства»), Мікалай Смірноў за кнігу «Генерал Корж. Невядомыя старонкі» (намінацыя «Проза»), Святлана Быкава за кнігу «З рук выпускаю сініцу, імкнучыся ў марах да жураўля…» (намінацыя «Паэзія»), Кацярына Хадасевіч-Лісоўская за кнігу «Казкі сіняй падушкі» (намінацыя «Дзіцячая і юнацкая літаратура») і іншыя. Усяго 8 чалавек.
Заслужаныя ўзнагароды атрымалі ў той дзень і журналісты рэспубліканскіх друкаваных выданняў, тэле- і радыёрэпарцёры, якія ў сваёй рабоце адлюстроўваюць жыццё Мінскай вобласці. Лепшай жа сярод раённых газет было названа выданне “Слуцкі край”, якое апошнім часам змяніла не толькі свой фармат, але і знешні выгляд, надаўшы старонкам шматколернасць. Па словах галоўнага рэдактара Валянціны Вітальеўны Ражанец, сама мясцовасць, у якой працуюць журналісты, прымушае не спыняцца на ранейшых рубяжах і адпавядаць даўнім традыцыям землякоў – творчым пранікнёным словам праслаўляць свой край, садзейнічаць яго далейшаму развіццю і дабрабыту.
У той жа дзень уся творчая брація адправілася ўдыхнуць у сябе водар старажытнай слуцкай зямлі, дзе з часоў праведнай княжны Сафіі Слуцкай мацуецца на нашай зямлі праваслаўная вера, духоўна яднаючы вакол сябе людзей, адданых службе дзяржаве і народу. Адным з аб’ектаў, якія давялося наведаць у другой палове дня, быў Цэнтр праваслаўнай асветы насельніцтва. Там журналістаў сустракаў епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній. Напярэдадні свята пісьменства ён прадэманстраваў экземпляр факсімільнага выдання Слуцкага Евангелля і расказаў незвычайную гісторыю яго шчаслівага вяртання служыцелям царквы. Напісана яно было ў 1582 годзе менавіта ў Слуцку для князя Юрыя Юр’евіча Алелькавіча, родзіча Сафіі Слуцкай, які тады ж і перадаў кнігу Слуцкаму Свята-Троіцкаму манастыру, дзе яна захоўвалася да 1917 года. Па звестках, якія засталіся сярод дакументаў Расійскага гістарычнага музея, было прынята рашэнне аб неабходнасці вывезці помнік беларускай пісьменнасці XVI стагоддзя са Слуцка ў сувязі з падзеямі Першай сусветнай вайны. Да канца 1920-х гадоў Евангелле знаходзілася ў фондах Мінскага дзяржаўнага музея, з 1929 года, калі сталіцу планавалі зрабіць у Магілёве, – у Магілёўскім краязнаўчым музеі, а затым – у кабінеце-сейфе будынка Магілёўскага абкама партыі, адкуль каштоўнасць знікла ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны і лічылася страчанай. У 1990-х гадах у якасці падзякі за адпяванне сваяка кнігу падарылі святару, які быў запрошаны на пахаванне. У сям’і нават не ведалі значнасць гэтай рэліквіі, аднак мужчына, які яе захаваў, сведчыў, што гэта была адзіная кніга, не знішчаная ў ліку іншай літаратуры па дадзеным яму загадзе, якую ён здолеў схаваць пад вопратку. У 2002 годзе Слуцкае Евангелле перададзена ў Беларускі экзархат і захоўваецца ў храме ў гонар Сабора беларускіх святых. У 2005-2008 г.г. па бласлаўленні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта спецыялістамі Інстытута мовы і літаратуры імя Я.Коласа і Я.Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі была зроблена яго электронная версія, што зрабіла кнігу даступнай для шырокага кола даследчыкаў. А ў 2009 годзе Беларускі экзархат выпусціў факсімільнае выданне Евангелля, прызнанага праз год пераможцам Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі 2010”, які праходзіў у Маскве, у намінацыі “Отпечатано в Содружестве”.
А на памяць аб сустрэчы ў Цэнтры праваслаўнай асветы епіскап Антоній падарыў кожнаму з нас выданне 2015 года “Святая праведная София, княгиня Слуцкая. Житие. Служба”, і гэта яшчэ больш умацавала нашу веру ў тое, што калі ты ўзяў на сябе адказнасць несці людзям думкі, выкарыстоўваючы друкаванае слова, то рабіць гэта патрэбна з дабром і любоўю ў сэрцы.

Жанна Гардзіевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *