Там, дзе абараняўся Мiр

0041_1Свята пісьменства ўвесь час калясіць па краіне і сёлета ладзіцца вось ужо ў дваццаць другі раз. Ля сцен Мірскага замка яно разварочвалася ў 2002 годзе. А ўспомнілі менавіта пра гэта мястэчка суседняй вобласці мы таму, што ў адну з нядаўніх жнівеньскіх субот калектыў рэдакцыі далонямі сваіх супрацоўнікаў дакрануўся да старажытных каменных сценаў, аб чым сёння і вырашыў са старонак газеты расказаць чытачам.

Не будзем крывіць душой – клецкія газетчыкі ездзілі ў Мір у новым стагоддзі ўжо ў другі раз. Упершыню да сярэдневяковага помніка архітэктуры наш шлях пралягаў падчас традыцыйнага беларускага фестывалю "Музычныя вечары ў Мірскім замку" 16 чэрвеня 2006 года, аб чым таксама расказвалі нашым землякам. На той час замак не меў цяперашняга ўнутранага аздаблення, а турысты, якія цікавіліся яго мінулым, атрымлівалі намнога менш візуальнай інфармацыі, чым гэта стала магчымым зараз. І гэта лёгка тлумачыцца – актыўныя рэстаўрацыйныя работы пачаліся там толькі з 2006 года. А да гэтага яшчэ з савецкіх часоў замак лічыўся філіялам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Задача яго аднаўлення ставілася ўжо тады. Аднак першая музейная экспазіцыя з'явілася ў паўднёва-заходняй вежы толькі ў 1992 годзе, а наступная – уязная – была адкрыта наведвальнікам яшчэ праз тры гады. Дзяржпраграмай "Замкі Беларусі", прыналежнасць якой адносіцца ўжо да гісторыі нашага часу, была запланавана пачарговая рэканструкцыя. Яна і дазволіла з 1 красавіка 2011 года Мірскаму замку атрымаць статус самастойнага музея. Паміж гэтымі датамі на сколе двух стагоддзяў – у 2000 годзе – Мірскі замак быў уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКА.
На адным з інтэрнэт-форумаў вісіць слушная парада наконт гэтай геаграфічнай кропкі на карце Рэспублікі Беларусь: "Калі вы былі ў Мірскім замку дзесяць, пяць, тры гады назад – не палянуйцеся наведацца туды яшчэ разок, ён змяніўся непазнавальна". Цяпер можам засведчыць: гэта так! Не паспеў наш мікрааўтобус прыпыніцца, як мы ўжо заспрачаліся: а вось гэтага не бачылі мінулы раз, а вось гэта было. Ці не было? Ці не памятаем? Ці здаецца? Вырашылі, што зверым па фотаздымках з даўнішняй экскурсіі, актыўна пакідаючы ў электроннай памяці новыя дакументальныя кадры, частку з якіх выкладаем і на газетную старонку.
Безумоўна, мы заказалі экскурсавода і ні разу аб гэтым не пашкадавалі. Да нас часта прыстройваліся адзінокія турысты або нават невялічкія групы, бо неарганізавана блукаць па прасторах замка нецікава і нават немэтазгодна, калі аб нечым дакладна хочаш даведацца. Іншая справа наша сімпатычная спадарожніца Юлія Дзянісаўна Гардзеева – яна на паўкрока апераджала рэдакцыйную кампанію, накіроўваючы нашы погляды ў патрэбныя месцы, паглыбляючы спачатку ў далёкае мінулае, а ўжо потым – у гады, якія гістарычна да нас бліжэй, а таму здаюцца больш зразумелымі.

Але цікавасць наша была аднолькава вострай, прымушаючы апускацца ў турэмныя адсекі, харчовыя сховішчы, вінны пограб і падымацца ў верхнія пакоі для забаў, кабінеты, залу для гасцей-паляўнічых па вузкіх вінтавых лесвіцах, рызыкуючы стаміцца і патраціць час у чаканні, пакуль сустрэчныя наведвальнікі саступяць дарогу.
Не хочацца пераказваць усю экскурсію нашым чытачам, бо, як кажуць, лепш адзін раз пабачыць... Ахвота ж на яе трапіць, няхай сабе і за 50 кіламетраў ад Клецка, павінна з'явіцца ўжо хаця б таму, што замак, які мы лічым Радзівілаўскім, меў не аднаго, як мяркуюць некаторыя, а чатырох уладальнікаў. І гэта значыць, гісторыя яго не такая бязвоблачная, як гэта падаецца з вышыні погляду сучаснікаў.
Само ўзнікненне Мірскага замка (час, сітуацыя, прычыны) дагэтуль лічыцца першай яго таямніцай. Ён упершыню памянёны ў летапісах у 1395 годзе. З 1486-га ім валодаў Юрый Іллініч. Пры ім у перыяд з 1522 па 1526 вялося ўзвядзенне абарончага збудавання, якое на момант яго смерці не было закончана. З 1527 года гаспадаром стаў адзін з сыноў памерлага – Станіслаў. Але ўжо ў 1531 годзе пасля атручэння ён пакінуў гэты свет маладым і нежанатым. Як водзіцца яшчэ і цяпер, калі пытанні тычацца спадчыны, паміж сваякамі разгарэліся спрэчкі, у выніку чаго замак перайшоў да аднаго з братоў, імя якога – Шчасны – абяцала лепшы лёс і яму самому, і прадмету дзялёжкі. Да слова, у другога брата, Яна, засталіся іншыя мірскія ўладанні Станіслава. Сын Шчаснага Іллініча і Соф'і Радзівіл – Юрый Шчаснавіч атрымаў ад бацькі права карыстацца спадчынай дзеда з 1542 года, якое перадаў напрыканцы свайго жыцця дваюраднаму брату Мікалаю Радзівілу, вядомаму нам пад прозвішчам Сіротка. Па яго ініцыятыве ў Мірскім замку быў пабудаваны трохпавярховы палац уздоўж паўночнай і ўсходняй сцен. Наступнымі пераўтварэннямі заняўся ўжо Міхаіл Казімір Радзівіл, сын Кароля Станіслава Радзівіла (1702-1762), які ўзяўся перарабляць пакоі на трэцім паверсе, дзякуючы чаму з'явіліся Парадны і Партрэтны залы, а таксама заходняе веянне тых часоў – зала для танцаў.
Не дзіўна, што пазней за ўсё гэта разгарэліся, як бы цяпер сказалі, чарговыя грандыёзныя разборкі. Леў Вітгенштэйн у 1828 годзе ажаніўся з княжной Стэфаніяй Радзівіл, прыданым якой сталі вялікія зямельныя ўладанні. Паміж дзвюма сямействамі пачаліся судовыя цяжбы наконт падзелу маёнткаў, якія цягнуліся гадамі. Толькі ў 1840-х Мірскае графства перайшло да Вітгенштэйнаў. Пазней ім пачаргова валодалі сын і дачка Льва і Стэфаніі. Марыя Львоўна жыла ўвесь час за мяжой і па тагачасных законах павінна была прадаць землі, што і зрабіла. У 1891 годзе Мікалай Святаполк-Мірскі набыў маёнтак Замір'е з руінамі замка XVI стагоддзя. Адным з матываў такога крока было супадзенне назвы мястэчка з другой часткай прозвішча яго новага ўладальніка. І, патрэбна сказаць, ён аднёсся да сваіх набыткаў неабыякава – была выкапана сажалка, закладзены вінаробны цэх, пабудаваны двухпавярховы палац у парку, дзе і жыла сям'я князя, які памёр у 1898-ым, пакінуўшы ўсё ўдаве.
Апошнім уладальнікам з роду Мірскіх быў Аляксандр, які, праўда, амаль не паспеў гэтага адчуць – спадчына перайшла яму ў ліпені 1938 года, а ўжо ў кастрычніку 1939-га ён быў арыштаваны, а пазней пасяліўся на пастаяннае месца жыхарства за мяжой. Замак перайшоў ва ўласнасць савецкай дзяржавы.
Аб усім гэтым мы даведаліся ў ходзе падарожжа па калідорах, лесвіцах, фае, залах, кабінетах замка, бо менавіта яго ўладальнікі і пакідалі тут свой след, які такімі агульнымі намаганнямі ператварыў крэпасць у сапраўдную архітэктурную жамчужыну. Мірскі замак не за проста так унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. У ім спалучаецца адразу некалькі архітэктурных стыляў – готыка, барока, рэнесанс, што і робіць яго ўнікальным і непаўторным. Расказваюць, што для першапачатковага ўзвядзення сценаў у будаўнічыя сумесі дабаўлялі яйкавы бялок, і можна толькі ўявіць, у што гэта абышлося ўладальнікам і мясцовым жыхарам. Кожная вежа мае свой адметны выгляд, нягледзячы на тое, што функцыі ў іх былі аднолькавыя – надзейны вузел абароны ад нападаўшага ворага. І выконваць іх давялося не аднойчы. Мірскі замак моцна пацярпеў у час шматлікіх войн: яго захоплівалі рускія войскі – у 1655 годзе, затым асаджалі шведы – у 1705, а пасля вайны з Напалеонам больш чым стагоддзе ён стаяў у запусценні. У час Другой сусветнай вайны, якая абярнулася катастрофай і асабіста для гаспадароў Мірскага замка, і для краіны ў цэлым, там размяшчалася гета, а ў садзе праводзілі масавыя расстрэлы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў замку знайшлі дах над галавой мясцовыя жыхары, чые дамы былі разбураны і спалены.
На думку Дзмітрыя Бубноўскага, які ажыццяўляў кіраўніцтва праектам рэканструкцыі 1986 года, з'яўленне Мірскага замка абумоўлена самой зямлёй і самой гісторыяй. Яго можна параўнаць з узнікненнем парастка дзікай яблыні, які вырас з зярнятка, што своечасова трапіла на ўрадлівую глебу і было сагрэта прамянямі сонца. Замак, па яго словах, можна параўнаць з ваяром у параднай форме, якую ён апрануў не для таго, каб ваяваць. Як парадны вайсковы мундзір утрымлівае пэўныя знакі прыналежнасці, так дэкор Мірскага замка адлюстроўвае асаблівасці месца і часу яго ўзнікнення.

Прыгожае параўнанне, ці няпраўда? Архітэктурнае аблічча яго сфарміравалася пад уздзеяннем працэсаў сутыкнення візантыйскага і раманскага арэалаў распаўсюджання хрысціянства адначасова з выцясненнем рудыментаў паганства. Яны адлюстроўваюцца ў наяўнасці паганскіх традыцый і сімволікі ў дэкоры фасадаў Мірскага замка. Найбольш выразным прыкладам гэтаму з'яўляецца ўмураваная ў паўднёвую абарончую сцяну каменная выява галавы барана. Да гэтага часу існуе легенда, што пакуль захаваецца гэта галава – стаяць будзе і Мірскі замак. І мы спецыяльна ўсёй дружнай кампаніяй наблізіліся да сцяны, каб лепей разглядзець гэты "талісман".
А пасля накіраваліся да царквы са званіцай, на фасадзе якой размешчана не толькі вялікая ікона Іісуса Хрыста, але і прыгожы ярка-каляровы герб, унутры знаходзіцца крыпта – пахавальня некаторых членаў сям'і былых уладальнікаў замка.
У аб'ектывы фотакамер тым часам траплялі самыя розныя турысты, прыезджыя, адпачываючыя на катамаранах, вясельныя госці і самі маладыя ў час урачыстай рэгістрацыі ў адной з залаў, мясцовыя дзеці, якія прапануюць пакатацца на ўпрыгожаных канях ля замкавай агароджы.
Калі мы за яе выходзілі, адчулі невялікую стому. Заставалася толькі набыць некалькі сувеніраў на базарчыку, што месціцца тут жа – толькі перайці па пешаходным пераходзе дарогу, і схаваць на памяць прыгожы ўваходны білет, за які кожны з нас заплаціў па 80 тысяч рублёў. Прафесійныя турысты сцвярджаюць, што падобны кошт таксама сведчыць аб статуснасці аб'екта, які зарабляе на падтрыманне ўжо зробленага ў належным стане. А мы можам засведчыць, што экскурсія таго каштуе і прапанаваць вам на бліжэйшыя выхадныя, пакуль дазваляе надвор'е, адправіцца ў тым жа накірунку, што зрабілі нядаўна самі. Тым больш, што назва яго ўсеаб'емная – Мір.

Жанна Гардзіевіч.
Фота Аляксандра Абрагімовіча і Юрыя Мысліцкага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *