Пасхальнае пасланне епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія духавенству, манахам і ўсім верным дзецям Слуцкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы

IMG_3018Узлюбленыя ў Госпадзе айцы, браты і сёстры!
“Цяпер усё напоўнілася святлом: і неба, і зямля, і прадонне”, – пяе Святая Царква. Пекла разбурана, зло зняслаўлена, смерці няма, бо Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!
Пасха – гэта больш за факт гісторыі. Калі Хрыстос уваскрэс, то ўваскрэснем і ўсе мы. Вось яна – усярадасная таямніца веры!
Гэтае свята Пасхі Хрыстовай – першае ў хроніцы новаўтворанай Слуцкай епархіі. Для мяне гэта першая Пасха, якую Гасподзь наканаваў сустракаць у архіерэйскім сане.
Іерархія нашай Царквы прызначыла мне прыбыць на Слуцкую зямлю, каб служыць вам. Хрыстос запаведаў апосталам: “Калі хто хоча першым быць, няхай будзе <...> ўсім слугою” (Мк. 9:35). Гэтыя словы я нашу ў сэрцы. У іх змяшчаецца ўся сутнасць першынства епіскапа ў мясцовай Царкве.
Ад усёй душы дзякую клірыкам нашай епархіі за руплівую пастырскую працу і сведчу, што вельмі шмат нам яшчэ трэба будзе разам здзейсніць. Наша галоўная задача – зрабіць так, каб на кожным прыходзе панавала сямейная атмасфера, каб любы чалавек, які зайшоў у храм, змог зразумець, што ён не чужы святару і прыхаджанам, што тут яго любяць і чакаюць. У гэтай справе няхай дапаможа вам, айцы, Сам Спасіцель, літургічнай іконай Якога з’яўляецца кожны святар.
Міранам хачу сказаць: дарагія браты і сёстры, памятайце, што Царква – гэта адзінае Цела Хрыстова, і ўсе мы, яе члены, адзінакроўныя і родныя адзін аднаму. Усе мы, хрысціяне, з’яўляемся спадчыннікамі апостальскай суполкі і закліканы быць прадаўжальнікамі апостальскай місіі. Да ўсіх нас звернуты словы Хрыста: “Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець паміж сабою” (Ін. 13:35). Кожны з нас у адказе за тое, каб у гэтым свеце рабілася больш любві. Тут не можа быць ніякіх “але”, ніякіх агаворак і выключэнняў! Няхай Пасхальны перыяд – а гэта аж 40 дзён – стане для вас, дарагія мае, часам добрых спраў. Аддавайце ўвагу сваім блізкім і сябрам, не саромейцеся дарыць і ахвяраваць, шукайце каардынаты тых, хто знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі і каму патрэбна дапамога. Гэта і будзе ваша пропаведзь пра Хрыста – Пераможцу пекла і смерці.
Хацеў бы асобна звярнуцца да веруючай моладзі. Вы – надзея нашай епархіі! Грамадства мае патрэбу ў благадатным агні вашых сэрцаў, у вашай стваральнай энергіі, у вашым уменні думаць і ставіць пытанні. Царква не толькі цэніць вас як носьбітаў духу братэрскай салідарнасці, але і паважае ў кожным з вас асабовы пачатак, які ўзыходзіць да Вобраза Божага.
Апостал Павел пісаў хрысціянам горада Эфеса: “ Вы <…> суграмадзяне святых і дамачадцы Бога” (Эф. 2:19). Гэта датычыцца і нас з вамі. Мы маем гонар быць суграмадзянамі вялікай беларускай святой – праведнай княгіні Сафіі Слуцкай. Зусім нядаўна ў Слуцк была прынесена яе нятленная ступня. Для горада гэтая падзея стала сапраўды малой Пасхай! Веру, што малітвамі святой праведнай Сафіі Слуцкай Гасподзь прыхіне Сваю міласць да нашай роднай шматпакутнай зямлі.
Пасха Хрыстова – гэта свята радасці. Будзем дзяліцца радасцю з бліжнімі і дальнімі! Няхай убачыць свет, што над ім заззяла Сонца Праўды! Няхай даведаюцца людзі, што
Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

Епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *