Святы пачатак – ад Клецкай зямлі

Слынная Клецкая зямля падарыла Беларусі і свету нямала знакамітых людзей: і вядомых вучоных, і знатных хлебаробаў, і нават… святых. У адныя з чэрвеньскіх выхадных дзён у парафіяльным касцёле Святой Троіцы ў Клецку праходзіў сімпозіум з нагоды кананізацыі і прылічэння да ліку святых Вялікага мужа славянскіх народаў Зыгмунта Шчэнснага Фялінскага. Святары з суседніх раёнаў, прадстаўнікі Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі, навукоўцы і мясцовыя краязнаўцы, прыхаджане касцёла вялі дыскусіі аб жыццёвым шляху Арцыбіскупа Мітрапаліта Варшаўскага Зыгмунта Фялінскага, беатыфікаванага Янам Паўлам ІІ 18 жніўня 2002 года і кананізаванага Бэнедыктам ХVІ

11 кастрычніка 2009 года, і яго маці Евы Фялінскай. Якое ж дачыненне гэтыя неардынарныя асобы маюць да Клецкай зямлі?

Найперш, Ева Фялінская звязвае свайго сына Зыгмунта, прылічанага да ліку святых, моцнымі сувязямі з Клеччынай, куды прыязджаў ён не аднойчы ў студэнцкія гады. Сама Ева нарадзілася 26 снежня 1793 года ў вёсцы Узнога ў сям’і Зыгмунта і Зоф’і Вяндорфаў. Складаным быў лёс гэтай мужнай жанчыны. Яшчэ не споўнілася ёй і чатыры гады, як памёр бацька. Маці было цяжка спраўляцца з вялікім маёнткам, таму яна з дзецьмі пераехала да мужавага брата Адама Вяндорфа, уладальніка маёнтка ў Галынцы. У дзяцінстве Ева час­та гасцявала ў стрыечнай ся­­­-   с­тры Клімянціны Зубковай у Зубках, пазней, калі была ўжо замужам і жыла на Валыні, шмат разоў наведвала гэту вёску, і Галынку, і Карацк, Клецк і Слуцк, дзе працаваў праўнікам у судзе брат Юліян. Дзяўчынка спачатку вучылася ў Галынцы разам з дзецьмі простага люду, пазней – у Слуцкай гімназіі. Нейкі час працавала ў Клецку гувернанткай, вучыла дзяцей музычнай грамаце. Выйшаўшы замуж за Герарда Фялінскага, уладальніка зямель у Ваюціна і Збарашова на Валыні, пера­ехала на Украіну. У 1822 годзе тут у іх нараджаецца Зыгмунт-Фелікс – пазнейшы Арцыбіскуп Варшаўскі, патрыёт Радзімы, выгнаннік у Сібір за ідэі паўстання 1863 года. Ад бацькоў ён наследуе неардынарныя рысы характару. На бацьку Зыгмунт быў падобны сваёй летуценнасцю і тым, што лёгка заводзіў сяброў, любіў літаратуру. Ад маці Фялінскаму дасталіся гарачае сэрца і глыбокая вера, бадзёрасць духу і любоў да Айчыны. Дзіцяці далі пры хры­шчэнні два імені – Зыгмунт і Фелікс; першае – радавое, а другое ў гонар святога, чыя памяць ушаноўваецца ў дзень нараджэння хлопчыка. У сям’і выкарыстоўвалі толькі другое імя. Дома яго звалі Філя ці Шчэнсны (імя “Фелікс” у пераводзе з латыні вызначае “шчаслівы”). Першым іменем Фялінскі стаў падпісвацца толькі пасля назначэння Архіепіскапам Варшавы. Калі Фелікс крыху падрос, яго аддалі ў школу, а зімою 1832 г. – у гімназію ў Луцку, дзе ён правучыўся чатыры гады. Затым разам з дзецьмі Ева перабралася ў Крамянец і аддала сыноў у мясцовую гімназію. Вядома, што менавіта ў той час Фелікс прынёс прыватны зарок цнатлівасці, магчыма, каб су­працьстаяць нездаровай духоўнай атмасферы, якая панавала на той час у школе. Яму было толькі чатырнаццаць гадоў.

А ў 1838 годзе Еву Фялін­скую за ўдзел у польскім вызваленчым руху арыштавалі. Фелікс, хаця раней і не ведаў пра яе дзейнасць, захацеў пайсці ў партызаны. Знаёмыя ўтрымалі яго ад такога кроку, але сталі давяраць некаторыя тайныя даручэнні і вучыць друкарскай справе. Маці была вы­слана ў Сібір, а яе маёмасць канфіскавана. Дзеці аказаліся ў беднасці, але, дзякуючы старэйшай сястры Паўліне і знаёмым Фялінскіх, змаглі прадаўжаць вучобу. Будучы Арцыбіскуп Мітрапаліт Варшаўскі быў залічаны вольным слухачом на матэматычны факультэт Маскоўскага Універсітэта, які ў чэрвені 1844 года скончыў з адзнакай. У 1847 ён накіраваўся ў Парыж і пачаў вучобу ў Сарбоне, тут малады чалавек набліжаецца да артадаксальнага каталіцтва. Але не застаўся ўбаку і ад рэвалюцыйнага руху, накіраваўся ў Польшчу для ўдзелу ў барацьбе за яе незалежнасць. Аднак пасля “Познаньскага паходу” яго патрыятызм стаў больш рэалістычным, першачарговай задачай юнак стаў лічыць духоўнае і маральнае выхаванне суайчыннікаў. І ўжо ў кастрычніку 1851 года Фялінскі паступае ў правін­цыяльную Жытомірскую семінарыю, бо да царкоўнай кар’еры ён не імкнуўся. Але калі ў Духоўнай Акадэміі ў Пецярбургу вызвалілася адно месца для студэнта з Жытоміра, то накіравалі туды ў знак удзячнасці за добрую вучобу менавіта Фялін­скага. А 8 верасня 1855 года паміраючы Архіепіскап Галавінскі пасвяціў cтараннага семінарыста ў неапрасвітара храма святой Кацярыны. Мітрапаліт прасіў яго працягваць вывучэнне багаслоўя, гісторыю Царквы. Хутка ён атрымаў ступень магі­стра багаслоўя. Шмат выпрабаванняў выпала на лёс Шчэнснага на шляху служэння лю­дзям і касцёлу. У 1862 г. Папа Пій ІХ абвясціў Фялінскага Архіепіскапам і Мітрапалітам Варшаўскім. Аднак, нягледзячы на сан, давялося яму быць і ў вы­гнанні, і спытаць беднасць, бо ўсе свае зберажэнні ён аддаваў на патрэбу людзям. Увесь час ён шчыра быў аддадзены свайму народу, сваёй веры, сваёй Радзіме. А заклала ў ім  гэтыя глыбокія пачуцці менавіта маці. Ева Фялінская была жанчынай вялікага сэрца, якая пасвяціла сябе выхаванню дзяцей у бо­с­касці, у шчырай каталіцкай веры, сардэчнай любові да людзей, патрыятызме і адданасці роднай зямлі. Удзельнікі сімпозіуму называюць нашу знакамітую зямлячку як адну з самых таленавітых пісьменніц ХІХ стагоддзя. Яна – аўтар пяцітомнага “Помніка ўспамінаў з майго жыцця на Сібіры”. Багаты матэрыял аб Фялінскіх у ходзе сваёй навуковай дзейнасці сабраны Адамам Мальдзісам, аглядальнікам газеты “Савецкая Беларусь”, прафесарам, доктарам філалагічных навук, ганаровым старшынёй беларусістаў свету, які падзяліўся ім з прысутнымі. Цікава распавядаў аб святым і яго сям’і Дапаможны біскуп Антоній Дзям’янка. Эмацыянальным было выступленне прадстаўніцы Кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі сястры Габрыэлы, а таксама аматара краязнаўства Ч.Князевай. Удзельнікі неардынарнага мерапрыемства наведалі паселішча Вяндорфаў у Галынцы, былую капліцу, галубятню, дзе ў студэнцкія гады бываў і Святы Зыгмунт Шчэнсны Фялінскі. Яны пагутарылі з мясцовымі жыхарамі, якія яшчэ памятаюць расказы сваіх дзядоў аб жыцці прадстаўнікоў гэтага роду.

У рамках сімпозіуму ў парафіяльным касцёле Святой Троіцы адбылася імша з абрадам сакрамэнту канфірмацыі з    удзелам Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскай дзыяцэзіі Тадэушам Кандрусевічам.

Вольга Русіновіч.

На здымках: у ходзе сімпозіума.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *