500 гадоў з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага

Мікалай Радзівіл ЧорныУ гісторыі ёсць асобы, без якіх немагчыма ўявіць тую ці іншую эпоху. Сваімі дзеяннямі і намерамі гэтыя людзі вызначалі лёс цэлых краін. Да ліку такіх дзеячаў айчыннай гісторыі належыць Мікалай Радзівіл па мянушцы Чорны, якую ён атрымаў з-за колеру валос. Сёлета спаўняецца 500 гадоў з дня яго нараджэння і 450 – з дня смерці. Менавіта ад Мікалая Чорнага пачалася лінія клецкіх Радзівілаў, якія 381 год валодалі нашымі землямі.
Князь з’явіўся на свет 4 лютага 1515 г. у Нясвіжы. На той час Радзівілы ўжо былі дастаткова магутным і ўплывовым родам. Сярод яго прадстаўнікоў былі ваяводы, канцлеры, гетман. Але яшчэ нікога з іх, нягледзячы на пасады і тытулы, не называлі “некаранаваным каралём”. Упершыню гэты гонар выпаў Мікалаю. Ён атрымаў добрую дамашнюю адукацыю, выхоўваўся пры каралеўскім двары. З дзяцінства ведаў беларускую, польскую і лацінскую мовы. Яму было крыху больш за 20 гадоў, калі давялося прыняць удзел у вайне з Маскоўскай дзяржавай, на якую (разам з братам Янам) ён выставіў аддзел у 160 вершнікаў.
На працягу свайго кароткага, але яскравага жыцця, Мікалай займаў шэраг важных дзяржаўных пасад. Ён узначальваў Раду Вялікага Княства Літоўскага, у 35 гадоў стаў канцлерам ВКЛ (пасаду можна параўнаць з сённяшнім Прэм’ер-міністрам), яшчэ праз год – віленскім ваяводам. А ў 1561 г. быў афіцыйна абвешчаны намеснікам вялікага князя. Без яго згоды не прымалася ні адно важнае рашэнне. Мікалай Радзівіл Чорны кіраваў правядзеннем судовай і аграрнай рэформы, спрыяў далучэнню да Вялікага Княства Прыбалтыкі, засноўваў друкарні і школы. Будучы прыхільнікам ваенна-палітычнага саюза з Польшчай, рашуча выступаў супраць аб’яднання з ёю ў адзіную дзяржаву. А яшчэ – валодаў вялікімі землямі на абшарах сучаснай Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы.
У сяр. 1550-ых гг. да ўладанняў Мікалая Радзівіла Чорнага было далучана Клецкае княства – падарунак ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. Афіцыйна ва ўладанне новай маёмасцю Радзівіл быў уведзены 4 лютага 1558 г. Тады ж быў складзены падрабязны інвентар (апісанне) горада. На жаль, гэты дакумент не захаваўся да нашых дзён. Таксама не захаваўся і другі інвентар, складзены праз пяць гадоў. Яны толькі згадваюцца ў вопісах радзівілаўскага архіва.
Тым не менш, параўнаўшы апісанні 1552 і 1575 гг., можна зрабіць пэўныя высновы аб развіцці горада ў часы Мікалая Радзівіла Чорнага. За 23 гады насельніцтва Клецка вырасла ў 1,5 раза. Паводле розных падлікаў, з 900 да 1 220 – 1 650 чалавек (лічбы, вядома, умоўныя). З чатырох вуліц горад пашырыўся да дзясяці. Калі ў 1552 г. у горадзе было толькі 6 рамеснікаў – 2 пушкары, млынар і 3 півавары, то ў інвентары 1575 г. іх пералічана ўжо 42. Першае месца займаюць пушкары, ганчары, краўцы, півавары – па 4 чалавекі. Акрамя іх былі злотнікі, шапавалы, вазніцы, музыканты, каваль, стэльмах, вугальнік, млынар, пекар. Усяго пералічана 26 прафесій. Менавіта ў часы Мікалая Радзівіла Чорнага кароль Жыгімонт Аўгуст выдаў Клецку прывілей на правядзенне двух буйных кірмашоў штогод “каб гэтае месца яго міласці больш прыдатным было для рамеснікаў і купецкіх людзей”. І невыпадкова ў інвентары 1575 г. згадваецца Новы Рынак.
Але, бадай, галоўныя змены адбыліся ў духоўным жыцці. Мікалай Радзівіл добра бачыў і ўсведамляў небяспеку падзелу аднаго народа на “рускіх” і “палякаў” – праваслаўных і католікаў. І можа таму падтрымліваў пратэстанцкае веравучэнне кальвінізм, якое марыў зрабіць нацыянальнай рэлігіяй. На пасаду прапаведніка ў Клецк быў запрошаны Сымон Будны – выдатны асветнік і філосаф. Дзякуючы яму невялікі горад ператварыўся ў адзін з цэнтраў рэфармацыйнага руху, пра які ведалі нават у далёкай Швейцарыі. Менавіта тут былі падрыхтаваны да друку першыя кнігі на беларускай мове, якія ўбачылі свет у межах сучаснай Беларусі – “Катэхізіс” і “Аб апраўданні грэшнага чалавека перад Богам”. Але, аддаючы належнае дзейнасці Буднага, не трэба забываць, што яна не была б магчыма без падтрымкі з боку Мікалая Радзівіла. Нездарма ж пасля смерці апошняга асветнік быў вымушаны пакінуць Клецк і шукаць новага апекуна.
Незадоўга да смерці ў адным з лістоў Радзівіл пісаў: “Прыйдзе час і буду ў каталогу сярод тых грамадзян, якія добра служылі сваёй дзяржаве”. Так яно і здарылася. Яго імя назаўсёды застанецца ў спісе выдатных сыноў беларускай зямлі.

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар.

500 гадоў з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага: 1 комментарий

  • 23.03.2015 в 11:48 дп
    Permalink

    Цшкава і патрэбная інфармацыя

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *