«Карані»: Клеччына – погляд з Палесся

ЗастаўкаУсё пазнаецца ў параўнанні. Гэты выраз згадаўся, калі я гартаў працу польскага этнографа і сацыёлага Юзафа Абрэмбскага “Народ бяз бацькаўшчыны”. Яе аўтар у 1934-1936 гг. праводзіў шырокія палявыя даследаванні на беларускім Палессі, на тэрыторыі сённяшніх Ганцавіцкага, Лунінецкага, Столінскага і іншых раёнаў. Праца вялася пад патранажам тагачаснага Інстытута даследвання нацыянальных спраў і павінна была спрыяць стварэнню агульнага вобраза Палесся, як часткі дзяржавы. А ў перспектыве – дзякуючы лепшаму разуменню сацыякультурных працэсаў, якія там адбываліся – правядзенню рэформаў у галіне гаспадаркі, адміністрацыі і сацыяльнай палітыкі.
Распавядаючы даследчыку пра сваё жыццё, сяляне з вёскі Люсіна (суч. Ганцавіцкі раён) часта параўноўвалі яго не з далёкім замежжам, а з суседняй Клеччынай, якую добра ведалі. Падумалася: “А гэта ж унікальная магчымасць зірнуць на наш край вачыма суседзяў!” Вядома, іх меркаванні суб’ектыўныя, шмат у чым ідэалізаваныя, не зусім дакладныя, аднак яны маюць бе-зумоўную гістарычную каштоўнасць. Выказванні пададзены на мове арыгіналу, на т. зв. паляшуцкай гаворцы.
Як жа ўяўлялі сабе Клеччыну тагачасныя палешукі?.. Найперш, заўважаецца выразнае размежаванне паміж балоцістым Палессем і Полем, якое нібы адмыслова створана для шчаслівага жыцця. “Там под Клецок, там ужэ Поле, там поляне жывуць. О, там добрэ, пане, там добрэ, там людзе жывуць харошэй, там земля добра, хлеба багато – падаткі плаціць… Там, пане, юн не бачыць ні вады, ні балота, жыве прамо как здаровый чэлавек, не гэтакый як у нас. Там его земля аплачывае всё. А у нас трэба ешчы докладаць на земле много… У нас земля пустая – болотная”.
“Мы шчітаем: самое найбогатшое Поле: Клецок, Сіняўка, Галынка. Там файно Поле – правда, жэ поле”.
Адрозніваецца не толькі краявід і характар мясцовасці. Нават знешнім выглядам суседзі не падобны на палешукоў: “Там под Клецком то народ совсім другій. Спод Клецка чэлавек в лето чэрвоный, красный, он с кровью есьць. А ў нас чэлавек, старый чі молодый, он якійсь безкровный. На выгляд он якійсь жоўтый. Шчо трэба, каб быў чэрвоный, то он жоўтый”.
Адпаведна, паляніну трэба прыкладаць менш намаганняў, каб атрымаць прыбытак з зямлі. Тое, што палешуку даецца цяжкай працай, у Полі можна здабыць без асаблівых высілкаў. “Поляне – это туда в ту сторону… Сіняўская і Клецкая гміна. Там добра зэмля ў іх, вся бліско дома ў каждого хозяіна. Оні не трэбуюць столько навозу, как у нас. Там навозу трэбуецца совсем мало і збожье харошэ растёт.
Он окорміць пару кабанов, вывезе на базар, продасьць, потому што ў его много есьць збожья, есць чэм корміць. З тымі деньгамі оплачвае подач [падатак] за землю і набірает себе товару на сапогі, на штаны, на рубашку. Можэт хватаць на два года с этых два кабаны. Там он сеет пшэніцу, конючыну, мает пару коней харошых, воз добрый на жэлезном ходу. Запражает коні в воз, два воркі збожья на воз і едзець до мяста. Збожье продасьць, а з жэною ідёт в рэстаўрацыю [рэстаран] і п’е водку – што ему?”
На думку суразмоўцаў Ю.Абрэмбскага, нават хатняй жывёле пад Клецкам жывецца лягчэй, чым чалавеку сярод балот: “У Люсіне господар мае дзесяць коров, і ён мае пяць літры молока із дзесяці коров. Люсінскіе коровы ходзяць по болоту, по грязе. От того оны коровы молока не даюць, оні есць голодные і пустые.
Клецкая корова ходзіць по полі, по конюшыні. Достае рано і вечэр цэбэр конюшыны із сечкою. Клецкая корова лучшэй мае, чом люсінскій господар. То клецка корова дае 28 літры молока – одна корова, а люсінская корова дае пол літры, одну кварту молока. Дзе земля добра, то і паша сытней”.
З гэтага вынікае, што кляччане, маючы большыя прыбыткі, могуць дазволіць сабе рэчы, пра якія палешукам застаецца толькі марыць. Гэта датычыць і штодзённай ежы, і вопраткі, і нейкіх значных пакупак. “Там кажэн молодый ужэ чэлавек мае ровэр свой – а у нас мало есць гэтакіх людзей, шчо хлеба загаруе себе. Кажэн, от, базар – прывозіць жыто, то кабана ўкорміць, бо е чым, і гэтым аплачывае і жыве добрэ. А ў нас всё гэто трэба купіць. Ды і німа заработку доброго, то і жыве як попало, кідаецца прамо як рыба… Адзеваюцца ані много чысьцей як у нас. Под Клецком туда у каждого е ўбраньне на сьвято, і на роботу е ўбраньне. А ў нас як ходзіць на работу, у гэтым самым у цэрков ідзе…”.
“Клецкій, пане, господар, то ён есць у будзень дзень сыр, сало і масло. А люсінскій, маковскій, роздзяловскій господар, то ён не мае чорного хлеба і картофлі”.
“Там совсем другая адёжа: шпортовые сапогі, шподні вышытые з хорошэго матэр’ялу, на калено шэв, потым рубашка по мястэчковы, марынарка, потым браварка (у нас то пінджак). Як он уберэцца, похожый вообшчэ на якого ўжэнніка [дзяржаўнага чыноўніка]; как бы он месенчне получает 200 злотых. Потому што ему на хозяйстве прібылі можэ і большэ ешчэ будзет”.
Дабрабыт кляччан праяўляецца не толькі ў матэрыяльных рэчах, але і ў імкненні да навукі і большай асабістай незалежнасці. “Там, пане, большэ народ грамотный чым у нас. Там грамотнейшы народ, богатшый народ – дзеці оддаюць у школу. А ў нас который і рад бы учыць, но нет за шчо… Там, пане, весялей народ жыве. Ён много сьмялейшый народ як у нас. Ён сьмялейшый, за то шчо ён богацейшый. Ну, як ужэ багатый [народ], то его любяць, і всё чісто. А як ужэ бедный, то хоць он разумный, то его не прымае ніхто”.
Калі для палешукоў Клеччына ўяўлялася раем, то нашы землякі, на думку люсінцаў, арганічна не ўспрымалі Палессе. І нават кароткі час не маглі тут жыць: “…як прыдзе тут полянін на якій тыдзень сено робіць, то уцекае до дому хворый. Раком ідзе. Тут комары, сьмердзіць ему”.
“Я езьдзіў под Клецок хлеба купляць. То я сказаў ім, шчо трэба перэменіцца. “Вы на нашом месьце пожывёце, то вы бы поблажэнствовалі многіе лето”. “Што, – кажэ, – я ў вашэ пекло пойду перэменяцца? Коб, – кажэ, – тысячы мне далі, я не хочу. Як каму попало, так будем і жыць”.
Натуральна ў палешукоў раз-пораз узнікала крыўда на шчаслівейшых суседзяў. На іх думку, нашым землякам была ўласціва пагарда і непавага да бедных людзей: “…як мы зайдзём туды на работу, то оны нас называюць полешукі, і оны нам не даюць того кушаць, шчо самы кушаюць. Наваряць картошкі з мундірамі і молоко тое даюць, которое чэрэз машыну перэйдзець. І оны шчытаюць, шчо мы есць дурные людзі. І это, пане, все.
Зайдзі, то думае: о, ты ўжэ голодный, то ты быле шчо [абы-што] с’еш, а сам есць колбасу, а нам не дае. А на ноч просіцца, то не пусьціць. Я всё село прошол раз в Островеч’і. А на нашом болоце работаюць сено і едзе хурманок 40 по тое сено, то всім е і хата: пускаем на ноч”.
Гэтаму сцверджанню пярэчыў іншы рэспандэнт Ю.Абрэмбскага: “Там – Клецок, Сіняўка, Галынка – есьць добрые людзі. Есць вельмі хорошые людзі. Есьць такіе шчо відзяць, шчо чэлавек бедный ідзе, то зазове і накорміцца чэлавек. А ўжэ ў Будах, то ўжэ тожэ – бедный народ заўсім”.
Што ж аб’ядноўвала такіх розных палешукоў і палян? Беларуская мова! 80 гадоў таму гэта ўсведамлялі нават непісьменныя сяляне: “У нас все шчытают наш язык белорускім языком. Старые, молодые – все. Там под Клецком тожэ по белорускі гавораць, только лепшэ. У нас говораць шчо, а ў іх што; у нас говораць ходзем, а ў іх пойдзем; у нас говораць чэму, а ў іх зачэм. У іх якось то белорускій і рускій змешываецца язык, а ў нас белорускій і украінській. Под Клецком – от, там чысто говораць, там ужэ одзін разговор почті край цэлы”.
Вось такі погляд з Палесся амаль векавой даўніны. А высновы няхай кожны робіць сам.

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар.

Мастак А.Кірык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *