Дзень Незалежнасці – галоўнае свята беларусаў

Раніцай трэцяга ліпеня людское мора запаланіла плошчу Маякоўскага. Пачэснае месца занялі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, на святочных касцюмах якіх сонечнымі блікамі пераліваліся баявыя ўзнагароды.

Урачысты мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 66-ай гадавіне вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрыла  старшыня раённага Савета дэпутатаў С.У.Чэкун.

– Гэта свята ўсіх пакаленняў, эстафета якіх і ёсць жыццё, –  сказала Святлана Уладзіміраўна. – Яно заваявана крывёю і ратнымі подзвігамі тых, хто, не шкадуючы свайго жыцця, змагаўся за незалежнасць Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы мужнасці і гераізму нашых дзядоў і бацькоў, мы сёння маем магчымасць мірна жыць і працаваць.

З цёплай, змястоўнай прамовай звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу, адрасаваў удзячныя словы ветэранам вайны за тое, што адстаялі свабоду і незалежнасць, далі магчымасць жыць пад мірным небам, старшыня раённага выканаўчага камітэта       А.С.Бойка.

– Уклад нашай краіны ў барацьбу з фашысцкай ваеннай машынай агульнапрызнаны, – зазначыў Анатолій Сцяпанавіч. – Беларусы першымі прынялі на сябе вераломны ўдар нямецкай армады. За гераізм і мужнасць гораду Мінску і Брэсцкай крэпасці прысвоена званне Героя. Беларусь панесла самы адчувальны ўрон сярод усіх рэспублік. На яе тэрыторыі фашысцкімі захопнікамі было разбурана амаль 80 працэнтаў гарадоў і раённых цэнтраў. Гітлераўцы знішчылі 9200 вёсак, 628 з іх спалілі разам з жыхарамі. Летам 1944 года свет стаў сведкам унікальнай аперацыі «Баграціён». Яна ахапіла вялізную тэрыторыю – больш тысячы кіламетраў па фронце, ад Заходняй Дзвіны да Прыпяці, і да 600 кіламетраў у глыбі­ню, ад Дняпра да Віслы і Нарэва. Разгром буйных сіл ворага ў беларускай аперацыі меў і агульнаеўрапейскае значэнне. Наш народ не забывае тых, хто аддаў жыццё за вызваленне Айчыны. У дзесятках, сотнях гарадоў і сёл як сімвалы вечнай славы стаяць помнікі, абеліскі воінам Савецкай Арміі і народным мсціўцам – партызанам. Кожны раз, калі мы ўспамінаем аб суровым ваенным часе, перад намі паўстаюць бессмяротныя подзвігі герояў-пераможцаў. Нашы слаўныя франтавікі, партызаны, працаўнікі тылу Хасень Ібрагімавіч Абрамовіч, Іван Аляксандравіч Блінец, Пётр Мікітавіч Гесь, Іван Дзянісавіч Дзейка, Леанід Лявонцьевіч Рамашка, Канстанцін Іосіфавіч Ціхан, Тамара Аляксееўна Чычко, Сямён Сямёнавіч Шэйка і ўсе астатнія ветэраны, якія жывуць у раёне, паказалі стойкасць і адвагу, мужнасць і гераізм. Мы заўсёды будзем памятаць вялікі подзвіг, паважаць гістарычную памяць, а таксама дапамагаць вырашаць вашы паўсядзённыя жыццёвыя праблемы.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загі­нуўшых хвілінай маўчання.

Камандзір вайсковай часці 03522 Узброеных Сіл Ра­сійскай Федэрацыі палкоўнік А.М.Папоў павін­шаваў жыхароў Клеччыны з Днём Незалежнасці і 66-ай гадавінай вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

– За 25 гадоў знаходжання вайсковай часці 03522 на тэрыторыі Клецкага раёна беларусаў і расіян звязалі не толькі добрыя суседскія адносіны, але і сямейныя сувязі, – падкрэсліў Аляксей Міхайлавіч. – Шмат афіцэраў практычна з’яўляюцца жыхарамі Клецкага раёна. Захоўваючы гістарычную памяць, мы схіляем галовы перад мужнасцю і доблесцю франтавікоў, працаўнікоў тылу, якія сваім бессмяротным подзвігам у гады Вялікай Айчыннай вайны далі магчымасць усім нам мірна жыць і працаваць на беларускай зямлі. Расійскі і беларускі народы ва ўсе часы будуць разам.

У сваім выступленні начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама В.М.Якубоўская зазначыла, што дзень трэцяга ліпеня стаў сапраўдным сімвалам незалежнасці.

– Мы ганарымся подзвігамі слаўных сыноў і дачок нашай Айчыны і імкнемся да таго, каб памяць аб іх справах жыла вечна, – запэўніла Вольга Міхайлаўна. –  Ад імя моладзі, працоўных калектываў раёна –  нізкі паклон і вялікі дзякуй  вам, ветэраны вайны, працаўнікі тылу і ўсе тыя, хто абараняў нашу Радзіму. І пакуль б’юцца нашы сэрцы, мы не забу­дзем аб гэтым.

Да помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны і  пом­ніка воінам-інтэрнацыяналістам былі ўскладзены вянкі і кветкі.

Затым  удзельнікі мітынгу святочнай калонай услед за духавым аркестрам накіраваліся ў парк адпачынку. Сапраўдным падарункам стаў святочны канцэрт «Мой родны кут, мой край святы», у якім удзельнічалі аматары песеннай і харэаграфічнай творчасці раёна і калектыў «Радасць» Выбаргскага раёна горада Санкт-Пецярбурга. Добры настрой падарылі кляччанам і гасцям вы­ступленне народнага зводнага духавога аркестра РЦК і РА НС, вячэрні святочны канцэрт «Усе фарбы лета». У кінатэатры «Іскра» прайшла дэманстрацыя мастацкага фільма «Буду помнить». Жадаючыя змаглі памерацца сіламі ў спартыўных спаборніцтвах. Кляччане актыўна ўдзельнічалі і ў рэспубліканскай акцыі «Спяваем гімн разам».

І пажылыя, і маладыя, і дзетвара з задавальненнем далучыліся да атмасферы сапраўды вялікага свята, якое з’яўляецца сімвалам суверэнітэту і свабоды Радзімы.

Ірына Уласень.

На здымках: так праходзіла свята ў Клецку.

Фота Юрыя Мысліцкага.

Дзень Незалежнасці – галоўнае свята беларусаў: 1 комментарий

  • 09.07.2010 в 8:05 дп
    Permalink

    3 июля воощет, вся страна не была освобождена;)

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *