Сейчас загружается

Імя на карце

img062 майАматары геаграфіі лёгка назавуць добры тузін імёнаў вандроўнікаў і навукоўцаў, нанесеных на карту свету. Пралівы названы ў гонар Магелана, Дрэйка і Берынга; мора Лапцевых і мора Кроса; краіна Калумбія. Пры жаданні на карце можна адшукаць і беларускія прозвішчы: хрыбет Чэрскага на Далёкім Усходзе і хрыбет Дамейкі ў Чылійскіх Андах; заліў Гашкевіча ў Японскім моры. А ці ёсць у гэтым пераліку нашы землякі-кляччане? Ёсць! Адзін з астравоў арктычнага архіпелага Паўночная Зямля носіць імя Канстанціна Валасовіча, чыё дзяцінства і юнацтва прайшлі на Клеччыне. Самая паўночная кропка вострава – мыс Валасовіча. Востраў гэты невялікі. Найбольшая даўжыня 1 700 метраў, шырыня – 900 м. Знаходзіцца ён у зоне мерзлаты. Людзі там не жывуць, гаспадарчыя работы не вядуцца. І тым не менш, такі востраў існуе. А цяпер самы час “пазнаёміцца” з чалавекам, у гонар якога названы гэты кавалачак Арктыкі.
Канстанцін Адамавіч Валасовіч нарадзіўся 21 мая (2 чэрвеня па новым стылі) 1869 г. Адны аўтары называюць месцам нараджэння сяло Ёдчыцы сённяшняга Клецкага раёна, другія – Старчыцы Салігорскага. Першыя спасылаюцца на сямейную хроніку Валасовічаў. Другія звяртаюць увагу на афіцыйныя дакументы канца ХІХ ст. На самой жа справе супярэчнасці тут няма. Канстанцін сапраўды з’явіўся на свет у Старчыцах тагачаснай Старобінскай воласці Слуцкага павета ў сям’і сельскага святара Адама Васільевіча Валасовіча. Праз пяць месяцаў пасля яго нараджэння бацьку перавялі служыць у Ёдчыцы. Не дзіўна, што ў дзіцячай памяці ніяк не адбіліся Старчыцы, затое Ёдчыцы запомніліся добра.
У сям’і Валасовічаў было шасцёра дзяцей: Сямён, Канстанцін, Якаў, Сафія, Еўдакія, Юлія. У адпаведнасці з традыцыяй хлопцы павінны былі працягнуць сямейную дынастыю святароў. Канстанцін, як і яго браты, вучыўся ў Мінскай Духоўнай Семінарыі і нават нейкі час служыў псаломшчыкам у цэрквах Бабруйскага і Навагрудскага паветаў. Але ўжо ў 18 гадоў пакінуў царкоўную службу і неўзабаве паступіў на прыродазнаўчы факультэт Варшаўскага ўніверсітэта (на Беларусі ў той час уласных універсітэтаў не было). Здольны юнак цікавіўся геалогіяй і хіміяй. За якасную даследчую работу па апошняй дысцыпліне ён атрымаў ступень кандыдата прыродазнаўчых навук і прапанову працаваць у Санкт-Пецярбургу. У 1892-1894 г.г. К.Валасовіч жыў у сталіцы імперыі. Працаваў у хімічнай лабараторыі Акадэміі навук, потым – у Лясным інстытуце. Даваў прыватныя ўрокі. Аж раптам… арышт і турма. Калісьці ў Варшаве Канстанцін далучыўся да рэвалюцыйнага руху, удзельнічаў у таемных сходах сацыял-дэмакратаў, хаваў і распаўсюджваў нелегальную літаратуру. Пераехаўшы ў Пецярбург, не страціў сувязі з сябрамі. І калі ў Варшаўскай рэвалюцыйнай арганізацыі пачаліся правалы, паліцыя выйшла на яго след.
Спачатку вязня трымалі ў Петрапаўлаўскай крэпасці, потым – у Варшаўскай цытадэлі, а пасля суда на тры гады выслалі пад нагляд паліцыі ў Архангельскую губернію. Там ён не толькі знаёміўся з арганізацыяй смалакурнай і скіпідарнай вытворчасці, але і вывучаў геалагічную будову берагоў Паўночнай Дзвіны. Нават дасылаў свае матэрыялы ў навуковыя часопісы. Яго імя стала вядомым у навуковых колах, тэрмін высылкі быў скарочаны на адзін год. А неўзабаве малады вучоны атрымаў прапанову далучыцца да Рускай палярнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам Эдуарда Толя.
Славуты палярнік барон Э.Толь на шхуне “Зара” збіраўся прайсці на поўнач і адшукаць легендарную Зямлю Саннікава – таямнічы востраў, які нібыта бачылі яшчэ на пачатку ХІХ ст. Акрамя таго, экспедыцыя павінна была збіраць навуковыя матэрыялы для паглыблення ведаў аб Арктыцы. Валасовіч узначаліў т.зв. дапаможную партыю. На выпадак, калі б “Зару” заціснулі ільды, і экіпажу давялося б вяртацца на мацярык пешым парадкам, належала стварыць шэраг прадуктовых баз на астравах Новасібірскага архіпелага. Пакуль шхуна ішла па моры на ўсход, ён па сушы накіраваўся на поўнач Якуціі. На сабачых запрэжках на ўзбярэжжа Ледавітага акіяна, а потым і на астравы было перавезена некалькі тон прадуктаў. Да таго ж вучоны правёў геалагічныя даследванні, сабраў калекцыю выкапнёвых малюскаў, а ў верасні 1901 г. сустрэў шхуну, якая спынілася на зімоўку.
Са з’яўленнем Валасовіча ў кают-кампаніі ажывіліся навуковыя гутаркі. Наш зямляк быў цікавым суразмоўцам, умеў прапанаваць арыгінальныя варыянты развязвання навуковых праблем. Яго блізкімі таварышамі сталі кіраўнік экспедыцыі Эдуард Толь і лейтэнант Аляксандр Калчак. Гэтыя людзі літаральна жылі навукай, марылі пра далейшыя даследванні і адкрыцці, аднак лёс развёў іх у розныя бакі. На пачатку 1902 г. К.Валасовіч захварэў і быў адпраўлены на мацярык. Э.Толь загінуў, спрабуючы дасягнуць загадкавай Зямлі Саннікава. А.Калчак прысвяціў жыццё ваенна-марскому флоту. Даслужыўся да адмірала, пазней стаў адным з правадыроў “белага руху” і быў абвешчаны вярхоўным правіцелем Расіі.
Для лячэння хваробы лёгкіх Канстанцін Адамавіч быў вымушаны выехаць у Швейцарыю. Там на нейкі час згадаў рэвалюцыйную маладосць. Удзельнічаў у сходах сацыял-дэмакратаў і дэманстрацыях. Пасля вяртання на радзіму зноў быў арыштаваны, але неўзабаве апынуўся на волі і вярнуўся да навуковай дзейнасці. У 1909 г. ён узначаліў экспедыцыю, мэтай якой была разведка ўзбярэжжа паміж Ленай і Калымой. У гэты час Міністэрства гандлю і прамысловасці рыхтавала марскі шлях уздоўж Усходняй Сібіры. Экспедыцыя павінна была даследаваць умовы навігацыі, магчымасці заходу караблёў у бухты і залівы, а таксама правесці геалагічныя даследванні і метэаралагічныя назіранні. Навуковыя вывучэнні паказалі, што на ўсёй адлегласці паміж Ленай і Калымой, за рэдкім выключэннем, караблі не могуць падысці да берага з-за мелкаводдзя. Але навуковае значэнне экспедыцыі пераацаніць цяжка. Быў сабраны каштоўны матэрыял аб асаблівасцях краю; вывучаны раёны, якія раней ніхто не наведваў; знойдзены рэшткі вымершай елкі, названай у гонар яе адкрывальніка, – Picea Wollosowiczii. Упершыню была складзена падрабязная карта берагавой паласы Ледавітага акіяна. Ужо зробленага было дастаткова, каб імя К.Валасовіча засталося ў гісторыі асваення Поўначы. Але ў навуку наш зямляк увайшоў яшчэ і як “спецыяліст па мамантах”.
Рэшткі гэтых жывёл часта трапляліся ў арктычнай тундры. У пазамінулым стагоддзі толькі ў Сібіры знайшлі каля 100 тысяч мамантавых біўняў. З іх рабілі більярдныя шары, шахматы, клавішы музычных інструментаў. А вось адшукаць больш-менш цэлую тушу, якую можна было б выкарыстаць у навуковых мэтах, шанцавала не кожнаму. Свайго першага маманта К.Валасовіч адкапаў на беразе рэчкі Санга-Юрах у Якуціі ў 1908 годзе. Каб высекчы цела гіганта з мёрзлай гліны, экспедыцыі спатрэбіўся тыдзень. Тады ж ад мясцовых жыхароў вучоны пачуў, што на востраве Вялікі Ляхоўскі знаходзіцца амаль цэлы мамант, і загарэўся ідэяй адшукаць яго. Але самому выправіцца ў экспедыцыю не атрымалася. Абвастрыўся туберкулёз, і навуковец большасць часу быў вымушаны праводзіць на дачы каля Пецярбурга. Толькі летам ён мог выязджаць на палявыя даследванні, і то – не ў суровы арктычны клімат.
Аднак думка пра маманта не давала спакою. Два гады запар Валасовіч на ўласныя сродкі арганізоўваў экспедыцыі прамыслоўцаў на Вялікі Ляхоўскі для выяўлення і раскопак жывёлы. Нейкую субсідыю выдзеліла і Акадэмія навук. Нарэшце, у 1910 г. быў знойдзены амаль поўны шкілет, скура, чатыры ступні, цэлы бівень вагою каля двух пудоў і левае вуха маманта. У справаздачы адзначалася: “Скуры дастаткова для прыгатавання чучала жывёлы, а яе захаванасць намнога лепшая ўсіх здабытых да гэтага часу мамантаў, што захоўваюцца ў Акадэміі навук”. Але, як аказалася, праблемы з дагістарычным волатам толькі пачаліся…
Знаходку перавезлі на мацярык, потым чыгункай адправілі ў Пецярбург. На ўсё гэта былі неабходны вялікія грошы. Давялося браць пазыкі. А мамант патрабаваў новых выдаткаў: на абсталяванне спецыяльнага ледніка для захоўвання; пярвічную апрацоўку; працу кваліфікаванага памочніка-прэпаратара (асноўную частку работы К.Валасовіч выконваў сам). Час ішоў, крэдыторы ўжо пагражалі судом, а грошы так і не з’явіліся. Акадэмія навук не жадала несці “лішнія” траты і адмаўлялася выкупляць унікальны экспанат. Жадаючы ўратаваць каштоўную знаходку, вучоны прапанаваў маманта аднаму з амерыканскіх музеяў, але, праўдападобна, не знайшоў паразумення наконт цаны.
І толькі адзін чалавек з грашыма зацікавіўся Ляхоўскім мамантам – граф А.Стэнбок-Фермар – адзін з самых багатых людзей Санкт-Пецярбурга. Калісьці К.Валасовіч даваў яму хатнія ўрокі. Вучань захаваў да настаўніка самыя прыязныя адносіны, фінансаваў некаторыя даследванні, часткова аплаціў перавозку маманта. І нарэшце прапанаваў выкупіць яго за вялікую суму, якая дазваляла разлічыцца з крэдыторамі і давала сродкі для далейшых даследванняў. Не маючы выбару, вучоны пагадзіўся. Навошта графу спатрэбіўся мамант? Гаварылі, што Стэнбок марыў пра французскае грамадзянства і ордэн Ганаровага легіёна. Таму і падарыў свой набытак Парыжскаму музею палеанталогіі. Ці атрымаў граф доўгачаканы ордэн невядома, а вось чучала Ляхоўскага маманта і дагэтуль выклікае цікавасць наведвальнікаў Парыжскага музея.
Перад рэвалюцыяй К.Валасовіч служыў у Міністэрстве земляробства. Займаўся вывучэннем геалагічных умоў будаўніцтва Архангельскага порта. Пры гэтым не траціў сувязяў з радзімай. У 1911-1913 гг. выбіраўся галосным (дэпутатам) Слуцкага павятовага земскага сходу (умоўна яго можна параўнаць з Саветам народных дэпутатаў). У 1917 г. вучоны пераехаў у Есентукі, дзе яго жонка працавала ўрачом. Неўзабаве прапанаваў сваю кандыдатуру ў Паўночна-Каўказскі політэхнічны інстытут для чытання лекцый па хіміі. Але 25 верасня 1919 г. загінуў у чыгуначнай катастрофе на станцыі Бяспалаўка пад Харкавам. Жонка і сын, якія праз некалькі гадоў прыехалі на месца катастрофы, так і не здолелі адшукаць магілу.
Валасовічы

Паводле сямейных паданняў, род Валасовічаў вядомы з XV ст., і амаль усе яго мужчынскія прадстаўнікі былі святарамі. Своеасаблівай “сталіцай” рода была Лань, але многія Валасовічы згадваюцца сярод настаяцеляў царквы ў Ёдчыцах.
Старэйшы брат Канстанціна Адамавіча Сямён скончыў Мінскую Духоўную Семінарыю, працаваў у Варшаўскай мужчынскай гімназіі, а з 1896 г. быў ваенным святаром. Удзельнічаў у руска-японскай і Першай сусветнай вайне. Быў узнагароджаны ордэнамі Святой Ганны і Святога Уладзіміра, наперсным крыжам. Звесткі пра малодшага брата Якава няпэўныя. Паводле ўспамінаў удзельнікаў нацыянальнага руху, напрыканцы 1880-х гадоў нейкі Валасовіч “папоўскі сын з Лубянца (бліжэйшае да Ёдчыц паштовае аддзяленне – А.Б.)” арганізаваў беларускую бібліятэчку ў Слуцку. А ў 1907 г. ён жа спрабаваў стварыць у Капылі “беларускі народны ўніверсітэт”. Калі з першай часткай гэтага сцвярджэння можна пагадзіцца, то другая выклікае сумненні. Згодна з сямейнымі аповядамі, Якаў памёр ад туберкулёзу ў 23 гады, а значыць, не мог дажыць да 1907 г.
Сёстры палярнага даследчыка прысвяцілі сябе педагагічнай дзейнасці. Сафія ў 1891-1898 гг. была настаўніцай у Заастравецкім народным вучылішчы, Еўдакія працавала на педагагічных курсах у вучылішчы сляпых у Санкт-Пецярбургу. Юлія Валасовіч выйшла замуж за нясвіжскага святара Рыгора Чыпуля і займалася выхаваннем дзяцей. Адна з яе дачок пасля вайны працавала настаўніцай у Шчэпіцкай сярэдняй школе.
У гісторыі Клеччыны пакінуў свой след святар Ёдчыцкай царквы Аляксандр Валасовіч, закатаваны ў Калдычэўскім канцлагеры ў 1944 г., і яго сыны: Дзмітрый – удзельнік партызанскага руху, а пазней – дырэктар Чырвоназоркаўскай школы; і Георгій, які ў 1933-1937 гг. быў псаломшчыкам у Ёдчыцах, а ў 1944-1946 гг. – настаяцелем клецкай Свята-Пакроўскай царквы. Яны даводзіліся дальнімі сваякамі герою сённяшняй публікацыі.
Сын вучонага Канстанцін Канстанцінавіч (1909-1973) працаваў геолагам на Поўначы, забяспечваў правядзенне нафтаздабываючых работ. У 1941 г. яго арыштавалі, нібыта за “антысавецкую дзейнасць” і асудзілі на дзесяць гадоў зняволення. Толькі ў 1956 г. ён быў рэабілітаваны і змог вярнуцца да любімай працы. Дачка Канстанціна Адамавіча Ніна ў 1924 г. выехала ў Францыю і на радзіму больш не вярталася.

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар газеты.

Отправить комментарий