Вайна вачыма сельскага святара

ФотаСёлета краіны Еўропы адзначаюць стагоддзе ад пачатку Першай сусветнай вайны – вайны, якая прадвызначыла лёс цэлых кантынентаў. Беларусь доўгі час была арэнай баявых дзеянняў, нашы землякі ваявалі на розных франтах. Невыпадкова ў шэрагу рэспубліканскіх СМІ ўжо пачалі з’яўляцца публікацыі па дадзенай тэме. Гісторыка-краязнаўчы праект “Карані” не застаецца ў баку. На працягу года плануецца знаёміць чытачоў раёнкі з падзеямі, што адбываліся на нашай зямлі сто гадоў таму. Сёння – першая публікацыя цыкла.

Гэта фрагменты з “Летапісу Іаана-Прадцечынскай царквы сяла Блячын”, які вёў святар Іван Навіцкі (падрабязна пра царкву пісалі ў студзені 2011 г.). Такія летапісы ў свой час вяліся ва ўсіх прыходах. Але да нашых дзён у архівах краіны захавалася не больш за дзясятак дакументаў падобнага кшталту. Некалькі гадоў таму “Летапіс…” знаходзіўся ў настаяцеля храма в.Садовая. З дазволу апошняга з ім мог працаваць і аўтар гэтых радкоў. Крыніца каштоўная тым, што дазваляе паглядзець на падзеі вачыма сучаснікаў. Прычым, гэта погляд не палкаводца ці дыпламата, а звычайнага чалавека – сельскага святара. Пры публікацыі захаваны адметнасці арыгінала, зроблены пераклад на беларускую мову. Даты пададзены паводле старога стылю – “адстаюць” ад цяперашніх на 13 дзён.
1914 год
19 ліпеня. Абвешчана вайна з Германіяй і Аўстрыяй. Прызваны запасныя. Дзякаваць Госпаду, што стаіць цёплае, сухое і яснае надвор’е, а таму з палёў сабрана жыта, ячмень і ўсе травы.
1915 год
Красавік. З тэатра вайны надыходзяць трывожныя весткі: на Дунайцы (рака на мяжы Польшчы і Славакіі – аўт.) нашы войскі сталі адступаць пад націскам непрыяцеляў.
1 чэрвеня. Школьны настаўнік Іосіф Грыневіч забраны на ваенную службу.
Жнівень. Непрыяцелю здадзена Варшава (22 ліпеня). Войскі хутка адступаюць, рухаецца маса бежанцаў на шашы і трактах. Непрыяцель наступае.
22. Абвешчана эвакуацыя сем’яў служачых і казённай маёмасці.
26. Адпраўлена лепшая царкоўная маёмасць у Маскву.
28. З’явіліся абозы бежанцаў у сёлах. Праводзіцца рэквізіцыя жывёлы.
Верасень, 5. Прыбыў Уладыка Епіскап Мітрафан для наведвання бежанцаў і запрасіў для нарады ў м.Клецк духавенства.
6. Адправіў набажэнства Еп.Мітрафан у г.Нясвіж. Рухаецца маса войскаў, абозы і гурты жывёлы.
10. Пачулася артылерыйская кананада, непрыяцель падышоў да ракі Шчары і м.Баранавічы. Бесперапынна рухаюцца абозы і спыняюцца ў вёсках. З’явіўся нямецкі аэраплан, кружыў над сялом, выглядаў абозы. Здадзены каменданту званы.
11. Моцная артылерыйская кананада.
12. Страшная кананада. Усіх навакольных цэркваў прычты з’ехалі. Маса ўцекачоў. Паўсюдна спусташаюць сады і агароды.
13. У царкве адбылася Ўсяночная і малебен. Пры адпаведных словах святара І.Навіцкага ўся царква наўзрыд плакала. Усю надзею ўсклалі на мясцовашанаваны абраз Багародзіцы. Непрыяцель спынены.
14 – 20. Стрэлы паступова сціхаюць. Насельніцтва страшэнна запалохана, натоўпам ідзе за парадай да святара, які ўвесь час напагатове і, каб не быць заспетым знянацку, заўсёды знаходзіцца ў раз’ездах па ваенных стаянках. А таксама ездзіць і па вёсках, угаворвае сялян супакоіцца і ўзяцца за працу.
21. Сяляне некалькі супакоіліся і пачалі капаць бульбу.
Верасень, 26. Перайшоў у с.Блячын на пастой лазарэт №2 – 31 дывізіі. Доктарскі персанал размясціўся ў доме святара, а каманда – у школе і сяле. Па вёсках размясціліся і абозы 2 разрада 31 дывізіі – палкоў Казлоўскага і Варонежскага ў с.Блячын, а Пензенскага, Тамбоўскага і артылерыйскіх аддзелаў – у вёсках.
Кастрычнік. Жыццё ўваходзіць у сваю каляіну.
Лістапад, 6. Пайшоў лазарэт і абозы бліжэй да пазіцыі.
15. Прыбыў лазарэт №1 – 31 дывізіі.
19. Лазарэт №1 перайшоў у Бабаевічы. Пачалася зіма. Марозы даходзяць да 13° і змяняюцца адлігамі. Ідзе снег.
Да канца года.
…У гэтым годзе ў выніку вайны выйшла затрымка з навучаннем: у царкоўна-прыходскай школе ў с.Блячын і ў школах граматы вучоба пачалася з 1 снежня, а ў земскім вучылішчы ў в.Цякалаўшчына вучоба зусім не пачыналася.
У выніку надыхода войскаў, рэквізіцый жывёлы, кармоў і збожжа гаспадарка і земляробчае жыццё выйшлі з нормы. Патрэба войска ў харчаванні дала моцны штуршок сялянам да гандлю і барышніцтва. Значная колькасць сялян пачала гандляваць жывёлай, свінямі і канямі, ад чаго мае вялікую выгаду.
Для земляробства мінулы год быў не вельмі ўдалы. Вясновая засуха сапсавала пасевы і травы. Жыта і яравыя ўдаліся сярэднімі, а месцамі – і ніжэй сярэдняга; канюшына зусім не вырасла, а іншыя травы – ніжэй сярэдняга. Уборка хлеба была добрая.
Умовы жыцця, зважаючы на блізасць непрыяцеля і патрэбаў ваеннага часу, моцна змяніліся: страшэнна падаражалі прадметы першай неабходнасці і ручная праца.
1916 год
Снежань. У сяле Блячын і навакольных вёсках фарміраваўся 513 Халмагорскі полк. У снежні адбыўся палкавы парад войскаў пасля малебна.
1917 год
7 студзеня. Пасля малебна 513 Халмагорскі полк рушыў на пазіцыі.
1 сакавіка. Атрымалі вестку пра рэвалюцыю ў Расіі. Адразу за гэтым пачалася моцная агітацыя паміж войскам і насельніцтвам.
Напрыканцы года ў с.Лань пры валасным праўленні быў утвораны ваенна-рэвалюцыйны камітэт. У Расіі ўрад Керанскага быў скінуты і ўсталяваўся ўрад бальшавікоў.
1918 год
18 лютага. Немцы прарвалі фронт і рушылі наперад. Занялі і ўсю тэрыторыю Блячынскага прыхода. У Блячыне пасяліўся камендант Пэтэрс. Немцы не перашкаджалі праваслаўным у адпраўленні набажэнстваў, здзяйсненні трэбаў і арганізацыі навучання ў школах. Да праваслаўнага духавенства яны ставіліся з павагай.
Напрыканцы кастрычніка немцы адышлі, паколькі пачалася рэвалюцыя ў Германіі. Уладу зноў узялі бальшавікі з Расіі.
На здымку: святар Іван Навіцкі (сядзіць у капелюшы) разам з сям’ёй і блізкімі.

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *