Клецк у аб’ектыве віленскага адваката

КостёлДумаю, што нават людзям, далёкім ад гісторыі і краязнаўства, карціць хоць адным вокам зазірнуць у мінулае і дазнацца, як выглядалі іх родныя мясціны сто, дзвесце і больш гадоў таму назад. Проста так, дзеля цікаўнасці. Але ж, каб убачыць, скажам, феадальны горад, трэба мець немалыя веды, памножаныя на багатае ўяўленне. А як іначай "ажывіць" радкі інвентароў, актавых кніг і розных дакументаў? Праўда, ёсць гравюры тых часоў. Але колькі іх?! Іншая справа – канец ХІХ - ХХ стагоддзя. Разглядаючы фотаздымкі, зробленыя задоўга да нашага нараджэння, сапраўды можна на імгненне перанесціся назад у часе.

Клеччына не аднойчы трапляла ў аб'ектыў і прафесійных фатографаў, і аматараў. Ужо сталі класікай здымкі, зробленыя тут Янам Булгакам. У адным з выпускаў "Каранёў" даводзілася распавядаць пра фотаальбом амерыканскай вандроўніцы Луізы Бойд. І вось нядаўна стала вядома імя яшчэ аднаго чалавека, чый фотаапарат зафіксаваў выгляд нашага горада ў 1930-я гг. Звалі яго Кесарый Арамовіч.
Прапаную ўвазе чытачоў дзве фатаграфіі, якія друкуюцца ўпершыню. На адной адлюстравана скрыжаванне Цапэрскай вуліцы і Уваскрасенскага завулка паблізу гарадской плошчы (цяпер вул.Савецкай і імя Янкі Купалы). Раён вызначаецца лёгка, дзякуючы галоўнай прыкмеце, – будынку Свята-Уваскрасенскай царквы. На маю думку, здымак зроблены не вельмі прафесійна. Фасад царквы закрыты дрэвамі, з левага боку ў аб'ектыў трапіла перашкода. Аднак у цэлым здымак навявае нейкі спакой і размеранасць. Чыстая і акуратна забрукаваная дарога, ходнікі без смецця, пышныя кроны дрэваў. На рагу вуліцы – афішная тумба і газетны кіёск арыгінальнай формы. Мужчына ў касцюме чакае некага, схаваўшыся ў цені дрэва. Жанчыны шпацыруюць уздоўж царкоўнай агароджы. Дзіўна, але над вежамі царквы няма крыжоў. Чаму? На другім фота – фасад Троіцкага касцёла і частка Закасцёльнай вуліцы (цяпер – вуліца імя Мечнікава). Шчыра кажучы, на фоне такой велічнай спаруды сама вуліца выглядае не вельмі прыгожа, асабліва яе левы бок.
На абодвух здымках заўважаецца поўная адсутнасць якога-небудзь транспарта. Ды і людзей на плошчы няшмат. Відаць, фатаграфавалі яе не ў базарны дзень. А яшчэ звярніце ўвагу на лініі электраперадач і радыёсувязі. Бачна, што даваенны Клецк не быў такім глухім і забітым мястэчкам, як некаторыя сцвярджаюць. І лямпачкі ў дамах гарэлі, і радыё людзі слухалі яшчэ да ўсталявання савецкай улады.
А што вядома пра аўтара фотаздымкаў? Кесарый Арамовіч нарадзіўся ў Мінску ў 1902 г. Яго продкі, татарскага паходжання, яшчэ ў XV ст. атрымалі шляхецтва і герб. Паступова Арамовічы прымалі каталіцкую веру і апалячваліся. Так што Кесарый, хоць і нарадзіўся ў Беларусі, лічыў сябе палякам. У міжваенны перыяд ён жыў у Вільні, працаваў адвакатам. А весь вольны час прысвячаў спорту, падарожжам і фатаграфіі. Неаднаразова ўдзельнічаў у матацыклетных і аўтамабільных прабегах, быў суддзёй у веласіпедных гонках. І кожнае мерапрыемства фіксаваў на фотастужцы. Яго калекцыя, мяркуючы па ўсім, налічвала некалькі соцень здымкаў. Пераважна яны былі зроблены ў Віленскім і Навагрудскім ваяводствах. Падчас Другой сусветнай вайны Арамовіч далучыўся да польскага руху Супраціўлення. Калі пасля вайны былі праведзены новыя дзяржаўныя межы, ён выехаў у Лодзь, дзе жыў вельмі сціпла да самай смерці ў 1952 г. Фотаархіў перайшоў далёкаму сваяку Марэку Цыбарту.
Надрукаваныя тут здымкі верагодна былі зроблены ў чэрвені 1937 г. Хучэй за ўсё за некалькі дзён да вялікага пажара, які знішчыў палову Клецка. Наступствы той бяды К.Арамовіч зафіксаваў на добрым дзясятку наступных фотаздымкаў. Не высветлена, якія справы прывялі віленскага адваката ў Клецк. Быў ён тут, як турыст, як юрыст ці як удзельнік спартыўных спаборніцтваў? Таксама невядома, ці трапілі ў яго аб'ектыў іншыя куточкі Клеччыны. Я запытваў пана Цыбарта: "Наколькі вядома імя Кесарыя Арамовіча ў сённяшняй Польшчы?". На што ён адказаў: "У Польшчы аб ім не ведаюць. Такіх "арамовічаў" тут шмат". А вось у нашым кутку Беларусі, мне здаецца, не так многа. Таму варта памятаць пра чалавека, які даў магчымасць на імгненне зазірнуць у мінулае.

Андрэй Блінец, пазаштатны карэспандэнт газеты, г.Клецк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *