Адшумела нiва, адзвiнела свята

IMG_7379 IMG_7355 IMG_7349 IMG_7277 IMG_7252 IMG_7213 IMG_7193_ IMG_7156 IMG_7144 IMG_7132 IMG_7122 IMG_7111 IMG_7096_ IMG_7045 IMG_7034 IMG_7020 IMG_7009Вось і адшумела залацістая ніва. Стаяць зжатыя палеткі, гаспадарнікі радуюцца багатаму намалоту, што ўжо закладзены на захоўванне ў засекі, сціх гул камбайнаў, толькі дзе-нідзе яны яшчэ абмалочваюць прысядзібныя ўчасткі. Настаў час ушаноўваць працаўнікоў хлебнай нівы. Летась раённае свята “Дажынак” прайшло на цэнтральнай плошчы ў Клецку, а сёлета хлебаробаў вітала шчодрая морацкая зямля. Вельмі сімвалічна, што галоўнае сельскагаспадарчае свята прайшло менавіта тут, бо Морач багата і на хлеб,
і на песню – працавітых людзей, таленавітых майстроў і спевуноў.
На правах гаспадароў дэлегацыя ААТ “Морач” і ўзначаліла шэсце хлебаробаў, якія дружнай урачыстай калонай прайшлі да пляцоўкі, дзе ладзіліся “Дажынкі” (фота 4). Віталі кожную дэлегацыю расказам пра іх калектыў, жніўныя дасягненні. І як падзяку за нястомную адданую працу, прасякнутую любоўю і палітую потам, дзяўчаты ў народных касцюмах уручалі кожнаму кіраўніку калектыву хлебны каравай з зерня ўраджаю-2014. Нізка ў пояс кланяліся хлебу яны ў адказ: з замілаваннем і шчырасцю, а таксама гонарам (фота 11). Ганарыцца ж і сапраўды ёсць чаму:
– Мы з вамі дастойна правялі ўборачную кампанію 2014 года, – узяў слова гаспадар зямлі клецкай старшыня райвыканкама Генадзій Міхайлавіч Салавей. – І пацвярджэнне таму – 100 200 тон намалочанага зерня пры сярэдняй ураджайнасці 58,5 цэнтнера на круг. За апошнія гады кляччане мелі толькі аднойчы намалот больш 100 тыс. тон. А сёлета мы з вамі ўзялі рэкорд, за што я бязмерна ўдзячны і нізка кланяюся спецыялістам гаспадарак, літаральна кожнаму камбайнеру, іх памочнікам, вадзіцелям, аператарам на дапрацоўцы збожжа і ўсім-усім, хто меў дачыненне да жніва, дапамагаў праводзіць яго зладжана, якасна і дастойна.
І тут жа Генадзій Міхайлавіч разам са сваім першым намеснікам начальнікам райсельгасхарчу А.З.Ломскім ушанавалі лепшых сейбітаў, хлебаробаў, усіх, хто шчыраваў на палетках, вырошчваючы знатны ўраджай-2014.
Так, па выніках спаборніцтва сярод гаспадарак раёна за дасягненне высокіх паказчыкаў вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур сярод першай групы сельгаспрадпрыемстваў прызнаны пераможцамі ААТ “Кухчыцы” (фота 1), СФ “Клецкі” ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” і ДП “Племянны завод “Чырвоная зорка”, заняўшыя адпаведна І, ІІ і ІІІ месцы. Сярод другой групы гаспадарак лідэрства ў ААТ “Клецкі райаграсэрвіс”, другое месца пераможнага п’едэсталу заняло ААТ “Лазавічы”, на трэцяй яго прыступцы – гаспадары свята ААТ “Морач”. Рашэннем райвыканкама гаспадарнікі атрымалі грашовыя прэміі ў памеры 22,5, 15 і 7 млн рублёў адпаведна.
Разам з лідэрамі жніва ўшаноўвалі і сейбітаў: пераможцамі пасяўной кампаніі яравых збожжавых і зернебабовых культур названы ААТ “Лазавічы”, “Клецкі райаграсэрвіс”, “Кухчыцы”, заняўшыя адпаведна І, ІІ і ІІІ месцы. Яны таксама адзначаны грашовымі прэміямі ў памеры 9, 7,5 і 6 млн рублёў.
І ўсё ж кульмінацыяй свята было вызначэнне лепшага камбайнера жніва-2014 на Клеччыне. Па намалоту на ўмоўны камбайн ім стаў знакаміты не толькі сярод чырваназоркаўцаў, кляччан, але і далёка за межамі раёна пачэсны хлебароб Дзмітрый Герасімовіч з ДП “Племянны завод “Чырвоная зорка” (на фота на 1-й стар.). Яго ўклад у раённы каравай – 2 239 тон збожжа. За сваю сумленную і шчырую працу майстар хлебнай нівы адзначаны Ганаровай граматай райвыканкама, трыма мільёнамі рублёў прэміі і пераходным прызам імя А.А.Шлапакова. За намалотам Д.Э.Герасімовіча стаіць паказчык у 2 159 т на ўмоўны камбайн славутых кухчыцкіх камбайнераў Сяргея Янучка і Віктара Жукоўскага. На 140 тон збожжа менш за іх – 2 018 – намалаціў чырваназоркавец Генадзій Кулік (фота 8). Гэта – пераможцы сярод камбайнавых экіпажаў па І групе гаспадарак. Па другой жа – тры пераможныя ступенькі занялі хлебаробы ААТ “Грыцэвічы”: Аляксандр Прышчэпа – 1 614, Сяргей Ленкавец – 1 323, Аляксей Слонім – 1 269 тон збожжа на ўмоўны камбайн.
Побач з імі не менш самааддана і рупліва працавалі вадзіцелі на адвозцы збажыны ад камбайнаў. Лепшых з іх таксама запрасілі на сцэну для ўзнагароджання: па І групе – Аляксандр Блізнюк з ААТ “Кухчыцы” на ГАЗ-САЗ-3507 перавёз 3 710 т, Мікалай Сарокін з СФ “Клецкі” ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” на МАЗ-555102 – 2 200, Аляксандр Прышчэпа з ДП “Племянны завод “Чырвоная зорка” на МАЗ-555142 – 1 682 т; па ІІ групе – Анатолій Мазан з ААТ “Грыцэвічы” на МАЗ-555142 перавёз 2 558 т, Мікалай Рудко з ААТ “Морач” на ЗІЛ-554М – 1 546, Юрый Каражан з ААТ “Заастравечча” на МАЗ-55545 – 1 334 тоны. Ім – гонар, слава, Граматы і прэміі, а таксама шчодрыя апладысменты калег і гасцей мерапрыемства.
Пераможцы сярод аператараў зернесушыльных комплексаў вызначаліся толькі па ІІ групе гаспадарак: першае месца заняло звяно ў складзе Мікалая Рамашкі, Леаніда Гаргуна і Міхаіла Абабуркі з ААТ “Морач”, на рахунку якіх 4 667 дапрацаваных тон збажыны, другімі ў гэтай катэгорыі названы Васіль Ільчык і Арцём Герасіменя – звяно ААТ “Заастравечча”. Іх паказчык – 2 245 т.
Такой жа заслужанай павагай на “Дажынках” заўсёды надзяляюць і маладых хлебаробаў. У прыватнасці, у І групе арганізацый пераможцам выйшаў экіпаж кухчычан у складзе Паўла Шуцілы і Вадзіма Цісіневіча, якія намалацілі 1 145 тон збожжа на ўмоўны камбайн. Іх паплечнікі ў ІІ групе – тучанцы Анатолій Міладоўскі і Аляксей Анікей з намалотам у 779 т. Перадавымі маладымі вадзіцелямі сталі Андрэй Аляксейчык (на ГАЗ-САЗ-3507 перавёз 3 537 т) з ААТ “Кухчыцы” і Сяргей Крыцук (МАЗ-555605 – 487 т) з ААТ “Лазавічы”.
Багаты вырашчаны ўраджай – не меншая заслуга і тых, хто закладваў насенне ў глебу. Гэта яны – сейбіты-майстры зямлі клецкай: Міхаіл Зуй з ААТ “Морач” на трактары “Беларус-1221” засеяў 811 га, Віктар Рудко з “Клецкага райаграсэрвіса” на “Беларус-1221” заклаў насення збожжавых на плошчы 522 га, а таксама малады механізатар – Аляксей Хлюст з райаграсэрвіса на “Беларус-3522” – 774 га.
Падзячнымі пісьмамі Мінскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса кухчычан Сяргея Янучка і Віктара Жукоўскага, чырваназоркаўцаў Генадзія Куліка і Міхаіла Халапука, старшынь ААТ “ Кухчыцы” і “Морач” М.С.Кедыка і А.У.Філіпчанку; Клецкага райкама прафсаюза работнікаў АПК – сямейныя экіпажы ААТ “Лазавічы” Валерыя і Вадзіма Рулінскіх, райаграсэрвіса – Івана і Аляксея Хлюстоў, ветэрана хлебаробскай справы заастравечаніна з 35-гадовым камбайнерскім стажам Вячаслава Аўдзея ўзнагародзіў лідэр прафсаюзнага руху раёна Ю.С.Гладоўскі (фота 2).
Свята без гасцей – несапраўднае свята. За гонар лічыла для сябе прыняць удзел на “Дажынках” у Клецкім раёне наша зямлячка старшыня Мінскага абласнога каардынацыйнага цэнтра грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый М.М.Худая. Яна разам з кляччанамі шчыра радавалася багатым нашым намалотам, дзячыла за працу, ушаноўвала лепшых вяскоўцаў: павітала Падзячным пісьмом арганізацыі і памятным падарункам асабіста старшыню райвыканкама Г.М.Салаўя, гаспадара морацкай зямлі А.У.Філіпчанку за найбольшую ўраджайнасць у раёне ў пераліку на бала-гектар зямлі, лазавіцкай – М.П.Аскерку за высокую арганізаванасць працы на жніве, што дазволіла ім першымі завяршыць кампанію не толькі ў раёне, але і на Міншчыне, дырэктара СФ “Клецкі” І.В.Пляшэвіча (фота 3) за павышэнне ўраджайнасці ў параўнанні з 2003 годам амаль у 2 разы, маладых камбайнераў “Чырвонай зоркі” Пятра Макрэцкага і Яўгена Дылеўскага, а галоўнага агранома ААТ “Кухчыцы” С.П.Здрока запрасіла да ўдзелу ў абласной акцыі “Патрыятызм”, ладжанай да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі.
З асаблівай радасцю і шчымлівай настальгіяй ехаў на свята “Дажынак” дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.С.Бойка, бо свой працоўны шлях ён пачынаў менавіта ў Морачы, працягваў – у якасці старшыні цяперашняга ААТ “Кухчыцы”, якое стала сёлета лідэрам у раёне па ўраджайнасці. Кіраўнікам гэтых двух гаспадарак – А.У.Філіпчанку і М.С.Кедыку – уручыў каштоўныя падарункі.
За плённае супрацоўніцтва кіраўнік СЗАТ “РапсКлецк” У.К.Дзяшчэня адзначыў падарункамі сваіх дзелавых партнёраў: дырэктара ААТ “Клецкі райаграсэрвіс” А.П.Лахнюка, яго намесніка Л.Л.Масько, камбайнераў Аляксея і Івана Хлюстоў (фота 9). Намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Мінск Крышталь” падарыў кляччанам тэлевізар і таксама выказаў падзячныя словы за працу хлебаробам.
Віншавальная старонка – гэта частка ўрачыстага свята “Дажынак”, якая сваёю велічнасцю разлівалася па ўсім морацкім наваколлі. Сюды прыбылі з кожнай гаспадаркі Клеччыны, сабраліся мясцовыя вяскоўцы, бо і паглядзець, і парадавацца было за што і за каго.
Святочнасць не толькі аграгарадку-гаспадару свята, але і ўсяму раёну надавала своеасаблівае, адметнае менавіта для “Дажынак” убранства. Уздоўж абочын дарог на зжатых палетках красуюць па ўсім раёне складзеныя з катушак саломы розныя фігуры: дзед з бабаю, матрошкі, крэпасць, цягнік, мядзведзяняты, танк, вусень – вынік фантазіі ідэолагаў гаспадарак (фота 14, 16). На скрыжаванні дарог на пад’ездзе да Морачы мясцовыя майстры абсталявалі імправізаваную хату з дваром, гаспадарамі і іх пажыткамі (фота 15), а нападыходзе да галоўнай пляцоўкі “Дажынак” сельвыканкамы – вясковыя дворыкі з адметнасцямі іх мясцін (фота 12). Вытворцы ўсіх жадаючых частавалі квасам, самадзейныя артысты адорвалі гасцей песнямі – народнымі, душэўнымі, такімі роднымі кожнаму вяскоўцу.
Як вянец хлебаробскай справе – багаты тугі сноп. Конкурс на лепшы аб’явілі напярэдадні арганізатары мерапрыемства. Кожная гаспадарка прадставіла на суд журы свой – арыгінальна ўпрыгожаны, у традыцыях продкаў (фота 6). Самым яркім, творча аздобленым аказаўся сноп ААТ “Клецкі камбікормавы завод”, дырэктар якога – В.М.Ілюкевіч – атрымаў за гэта падарунак, а таксама – кветкі з нагоды асабістага свята – дня нараджэння.
Такога масштабу “Дажынкі” на Клеччыне прайшлі ўпершыню. І, як адзначыў старшыня райвыканкама Г.М.Салавей, традыцыя такая будзе жыць і далей, што пацвердзіў момант перадачы снапа ўраджаю-2015 А.У.Філіпчанкам свайму калегу М.П.Аскерку, як сімвал эстафеты “Дажынак” (фота 7). А Генадзій Міхайлавіч паабяцаў выдаткаваць на развіццё гэтых гаспадарак 300 млн рублёў “Морачы” сёлета і 200 – у наступным годзе, а таксама 500 – “Лазавічам” у 2015-ым.
Яшчэ доўга гудзела Морач святам, песнямі (фота 5), любаваліся госці і ўдзельнікі мерапрыемства выкладзенымі з кветак дыванамі ля мясцовага Дома культуры (фота 13), частаваліся караваем (фота 10), дзячылі хлебаробам. А назаўтра – зноў у поле, араць і хутка сеяць…

Ірына Шаг.
Фота Аляксандра Абрагімовіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *