На Клетчине отпраздновали Зажинки

IMG_5410Водарам спелага калосся напоўнена паветра. На полі ля машынна-трактарнага парка ААТ “Кухчыцы” свежазжатая пляцоўка. Святочнае прыбранства: каляровыя флагі, імправізаваны дворык, выразаныя з дрэва буслы, самадзейныя артысты ў народных касцюмах, а гасцей свята вітае духавы аркестр. Сапраўдная ўрачыстасць. Настрой пры такіх умовах нават у самага звычайнага прахожага ўзнімецца. Але найбольш узрушаныя ў гэты момант яны – аграрыі Клеччыны. У той дзень – мінулую пятніцу – усе разам зажыналі першы сноп, давалі старт самай важнай і адказнай сельскагаспадарчай справе – святкавалі Зажынкі.

Кожны, хто быў на мерапрыемстве, адчуў сябе прыналежным да жніва. Вяскоўцы з асаблівым хваляваннем абступілі імправізаваную пляцоўку, дзе праходзіла дзея: сімвалічна, што на полі сабраліся як пажылыя кухчычане, так і шмат моладзі – мамы з каляскамі, з гадавалымі дзеткамі на руках, крыху падросшымі, што заўзята бегалі па іржышчы і весяліліся пад музыку. А тым часам вядучыя далі слова для прывітання гаспадару клецкай зямлі Генадзію Міхайлавічу Салаўю:
– Да сённяшняга дня мы з вамі ішлі цэлы год, пачаўшы бягучае жніво летась закладкаю насення азімых збожжавых у глебу, забяспечыўшы напрацягу гэтага часу выкананне ўсяго цыклу сельскагаспадарчых работ. А сёння на палетках Клеччыны змалацілі амаль 50% плошчаў рапсу і пачынаем уборку збожжавых і зернебабовых культур. Збожжа для нас – аснова жыцця, таму сабраць яго своечасова, без страт, і захаваць – наша з вамі задача. Я вас усіх шчыра віншую са святам, жадаю, каб ніва шчодра сыпала ўраджаем, хапала здароўя і сіл падняць кожны каласок. Поспехаў у нялёгкай хлебаробскай справе.
Да віншавальных слоў старшыні райвыканкама далучылася і госця свята старшыня Мінскага абласнога каардынацыйнага цэнтра грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый М.М.Худая:
– Сёлетняе жніво – сямідзясятае на вызваленай беларускай зямлі, і, напэўна, старэйшае пакаленне памятае тую першую пасяўную кампанію, якая праводзілася ў 1944 годзе, калі практычна не маючы тэхнікі і мужчынскай фізічнай сілы, людзі імкнуліся пасеяць збожжа, каб не застацца галоднымі, а фашысцкая Германія лічыла, што трэцім фактарам знішчэння Беларусі з’яўляецца галадоўка. Таму ўсе папярэднія гады і сёння мы лічым, што самай галоўнай задачай, памяццю пра тых людзей, хто праліваў кроў, хто загінуў у Вялікай Айчыннай вайне, нашым святым абавязкам зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб вырашчаны ўраджай сабраць спаўна і чыста, каб нашы засекі былі поўныя, была гарантавана харчовая бяспека краіны. Я сёння, як ваш зямляк, як ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці, звяртаюся з вялікай просьбай да ўсіх – давайце разам, з душою і сэрцам, прыступім да святой справы ўборкі хлеба і з гонарам скажам, што святкаванне 70-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і падрыхтоўку да 70-годдзя Вялікай Перамогі мы ўвасобілі сваёй пачэснай працай, чым забяспечым дабрабыт нашага грамадства.
Свежавыпечаныя духмяныя караваі з першага ўраджаю-2014 былі ўручаны Г.М.Салаўю і М.С.Кедыку, дырэктару ААТ “Кухчыцы”, на землях якога і праходзілі раённыя Зажынкі. Гэты момант надзвычай важны для кожнага хлебароба, бо пакланіцца караваю – гонар, мець дачыненне да ўборкі хлеба – святая справа. Менавіта таму і артысты, і вядучыя з самымі найлепшымі словамі, пажаданнямі звярталіся да галоўных удзельнікаў мерапрыемства – камбайнераў і іх памочнікаў. А пераможцы сярод іх мінулагодняга жніва Юрый Вярбіцкі і Аляксандр Якубчык мелі гонар узняць сцяг.
Потым па традыцыі на свята завіталі жнейкі. Мясцовыя бабулі, маладыя жанчыны і дзяўчаткі з сярпамі, песнямі і радаснымі ўсмешкамі віталі ўдзельнікаў Зажынак, а потым з малітваю зажалі першы сноп. Яго ўручылі Генадзію Міхайлавічу Салаўю, іншыя – Марыі Мікалаеўне Худой, прысутнаму на свяце ў якасці ганаровага госця Аляксандру Пятровічу Мельнікаву, начальніку ўчастка №4 цэха АЗС эксплуатацыі складоў захавання нафтапрадуктаў РУП “Беларуснафта-Мінскаблнафтапрадукт”, а таксама ўсім кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Клеччыны.
Кожная справа ў беларусаў суправаджаецца малітвай. Каб хлебаробам спрыяла надвор’е, каб набіраліся яны здароўя, моцы і сіл, каб душы былі светлымі ў святой справе ўборкі хлеба, адслужыў малебен благачынны Клецкай акругі Матфей Белаус, які асвяціў святою вадой удзельнікаў жніва, тэхніку, на якой яны будуць шчыраваць на палетках. Моладзь адарыла камбайнераў кветкамі, пекары іх і ўсіх прысутных на свяце пачаставалі духмяным караваем, густым беларускім квасам, а артысты адарылі душэўнай песняй…
– Экіпажы, па машынах! – даў адмашку гаспадар зямлі кухчыцкай…
І загудзелі дружна камбайны, маладыя жанчыны і дзетвара махаюць услед сваім мужам і татам, ласкавым позіркам праважаюць іх сівавалосыя маці. А каласы адзін за другім схіляюцца пад веліччу збожжаўборачных машын, бункеры напаўняюцца залацістым збожжам… Звонка зайграла музыка жніва на Клеччыне!

Ірына Шаг.
Фота Аляксандра Абрагімовіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *