Пячатка Ёгана Цыбінскага

ПячаткаЯкі след пакінулі ў нашай гісторыі немцы? Гаворка не пра тых, хто прыходзіў сюды са зброяй у руках, як акупант. Іх учынкі гісторыя ўжо ацаніла. Гаворка пра тых, якія пасяліліся на беларускай зямлі з мірнымі намерамі, і для каго яна стала радзімай. Такіх было нямала. Яшчэ ў XIV ст. нямецкіх перасяленцаў – рыцараў, купцоў, рамеснікаў – запрашалі ў Вялікае Княства Літоўскае, абяцаючы ім свабоду веравызнання і розныя льготы. У наступныя стагоддзі прыток каланістаў з Германіі ўзмацніўся, а іх уплыў рабіўся ўсё больш адчувальным. Невыпадкова значная колькасць беларускіх словаў ("гандаль", "крама", "цукар", "шыльда" і інш.) наўпрост запазычана з нямецкай мовы. Немцаў-мяшчан можна было сустрэць і на вуліцах старога Клецка.

Звычайна, калі размова заходзіць пра этнічныя меншасці Клеччыны, згадваюць татараў і яўрэяў. Гэта слушна, але не да канца. У нашым горадзе жылі прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцей. Іх лёгка было вызначыць па адмысловых мянушках. Так, прозвішча Валынец мелі выхадцы з Украіны; Маскаль, Маскоўка – з Расіі; Лотыш перасяліўся з тэрыторыі Латвіі; Мазур – з Польшчы. Сярод мяшчан у 1626 г. сустракаецца нават "турчын Галаім". У XVIII ст. у горад перасялілася некалькі рамеснікаў з Германіі. Вядома, усе гэтыя нацыянальнасці складалі нязначны працэнт насельніцтва.
У 1694 г. у дакументах упершыню згадваецца Ёган Генрых Цыбінскі. І ён, і яго жонка Ганна Экартаўна, былі немцамі. Ёган валодаў даволі рэдкай і прыбытковай прафесіяй – быў злотнікам (ювелірам). Гэтыя майстры адносіліся да нешматлікай катэгорыі рамеснікаў, колькасць якіх у Клецку пастаянна ўзрастала: ад двух у XVI ст. да сямі ў XVIII ст. Праўда, у гісторыі гэтай прафесіі быў і перапынак. Інвентар 1683 г. не называе ніводнага ювеліра, што не выпадкова. На той момант горад яшчэ не акрыяў ад наступстваў спусташальнай вайны з Маскоўскай дзяржавай і каштоўныя вырабы наўрад ці карысталіся попытам. Можна дапусціць, што адраджэнне злотніцтва звязана менавіта з дзейнасцю Ёгана Цыбінскага. Будучы заможным чалавекам, ён мог прэтэндаваць на высокія пасады ў гарадскім кіраванні. Не дзіўна, што ўжо ў 1697 г. Генрых Цыбінскі быў прызначаны клецкім войтам – кіраўніком адміністрацыі (слова, дарэчы, нямецкага паходжання).
"Немец-войт" згадваецца ў дзённіку аднаго з прыдворных шведскага караля Карла ХІІ. Ён сустракаў світу паўночнага манарха, калі той прыбыў у Клецк 6 мая 1706 г. Сярод іншага войт распавёў, што пад яго кіраўніцтвам было пахавана 2015 рускіх салдат і ўкраінскіх казакаў, што загінулі ў бітве са шведамі за два тыдні перад тым. Пакінем у баку сапраўднасць гэтай лічбы і звернем увагу на нямецкую практычнасць (пахаваў трупы, што ляжалі паміж горадам і балотам, каб прадухіліць выбух эпідэміі) і пунктуальнасць у падліку. Але ў гісторыю горада Ёган Цыбінскі ўвайшоў дзякуючы іншаму.
Стаўшы войтам, ён выразаў для сябе адмысловую пячатку. Як дасведчаны майстар, мог зрабіць гэта ўласнаручна. На ёй былі выяўлены элементы родавага герба Радзівілаў – паляўнічы ражок пад княжацкай шапкай (мітрай). Гісторыкі лічаць гэту выяву гарадскім гербам Клецка, апісанне якога да нашых дзён не захавалася. Вакол малюнка ішоў надпіс (легенда): "SIEGIL CIVITATIS KLECKO 1697" ("Пячатка горада Клецка 1697"). Адметна, што першае слова легенды выканана на нямецкай мове, два астатнія – на латыні. Відаць, дзвюхмоўным надпісам новапрызначаны войт аддаў даніну павагі сваёй гістарычнай радзіме.
Ніводны адбітак гарадской пячаткі не дайшоў да нашага часу, але яго яшчэ ў ХІХ ст. перамаляваў гісторык К.Келісінскі. Перамалёўка захоўваецца ў архіве г.Кракаў у Польшчы. Па іроніі лёсу яна з'яўляецца адзінай выявай клецкага герба. Менавіта на яе аснове і была зроблена рэканструкцыя геральдычнага сімвала горада. На сучасным гербе мы бачым у некалькі змененым выглядзе тыя ж элементы, што на пячатцы войта: княжацкую мітру і паляўнічы ражок.
Атрымліваецца, што калі б не было амбіцый і прафесійных навыкаў немца-ювеліра (ніводзін іншы клецкі войт сабе пячаткі не замаўляў), мы б сёння не мелі гарадскога герба? Думаю, што ён усё ж такі з'явіўся б. Вось толькі пачынаць працу геральдыстам давялося б з нуля, што складана. Але ўсё адбылося так, як адбылося.
Войт – кіраўнік гарадской адміністрацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Прызначаўся вялікім князем, або магнатам – уладальнікам горада, звычайна з ліку заможнай шляхты ці мяшчан. Выконваў функцыі вышэйшай адміністрацыйнай улады і кіраўніка гарадскога суда. У яго даход ішлі судовыя пошліны, частка натуральных пабораў, доля прыбыткаў ад рыначнага гандлю, утрымання корчмаў і крамаў. У Клецку гэта пасада была ўведзена каралевай Бонай у 1552 г. З дакументаў XVI-XVIII стст. вядомы прозвішчы 21 клецкага войта. Даўжэй за ўсіх пасаду займалі Марцін Буркун (1749-1767), Зенька Андрэевіч (1552-1575) і Ёган Генрых Цыбінскі (1697-1715).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *