Шчэпіцкія корманарыхтоўкі

З высокага небасхілу яркае летняе сонца ласкава нам усміхаецца, сагравае зямлю сваімі цёплымі промнямі. Як жа цудоўна гарачым чэрвеньскім днём апынуцца на лузе, дзе толькі што скошаны травастой, і яго непаўторны

водар разліваецца над вясковымі прасторамі. Для нас, людзей выпадковых, касьба – гэта рамантыка, адпачынак. А для вяскоўцаў – корманарыхтоўшчыкаў сельгасарганізацый раёна – ідзе гарачая пара: з шасці гадзін ранку і да змяркання гудуць на палетках касілкі, камбайны, трактары і МАЗы. Адны з зялёнага травастою закладваюць духмяныя пракосы, другія – падбіраюць правяленую масу і здрабняюць яе, трэція – адвозяць у месцы захоўвання… Працэс можна працягваць і далей, але, як чалавек не дасведчаны ў гэтай справе, баюся памыліцца ў тэхналагічнай паслядоўнасці. Таму запрасіла больш падрабязна расказаць аб ходзе корманарыхтоўчай кампаніі ў СВУ «Шчэпічы» ААТ «Клецкі камбікормавы завод» яго галоўнага агранома Івана Васільевіча Новіка:

– У Шчэпічах сёлетняя корманарыхтоўчая кампанія стартавала 21 мая. Мы ўпэўнена ўзяліся за работу, арганізаваўшы дзейнасць касілкі Е-301 і дзвюх КПР-9, якія агрэгатуюцца з замежным «Фендтам» і айчынным «МТЗ-3022». Яны здольныя накасіць дастатковую колькасць травы і забяспечыць работай тры корманарыхтоўчыя камбайны: КВК-800 і два КЗР-10, на якіх працуюць вопытныя механізатары Віталій Толкач, Васіль Салата і Міхаіл Грыб. Хлопцы з ранняга ранку і да 9-10 гадзін вечара безупынна на сваіх «падначаленых» здрабняюць масу, якую ў сянажныя траншэі дастаўляюць вадзіцелі чатырох МАЗаў, трох МТЗ-1221 і МТЗ-1523.

Для таго, каб вытрымліваўся тэхналагічны працэс закладкі сянажнай масы нармальнай якасці, важна арганізаваць бесперабойны канвеер. Сёння, на жаль, гэта зрабіць не заўсёды проста. Калі тэхнікай і людзьмі мы можам лавіраваць, то на­двор’е штодня прыносіць сюр­прызы. Вось і сёння (а дзень нашага прыезду ў гаспадарку выпаў на пятніцу – аўт.) з раніцы працягвалі закладваць яму на МТФ «Шчэпічы», што пачалі ўчора, а бліжэй да абеду бачыце, які дождж спорны сыпануў. Вільготнасць масы будзе ўжо павышанай (балазе, кансерванты выручаюць, закладваем корм з абавязковым іх выкарыстаннем), а як паўдня не перастаючы будзе ліць, дык і трактары на полі загразнуць могуць. Летась, напрыклад, з-за праліўных дажджоў так і не здолелі скасіць амаль 200 га траў.

Але рукі не апускаем, выкарыстоўваем кожную пагодлівую хвіліну. Так на мінулым тыдні «выхапілі» магчымасць і нарыхтавалі 90 тон сена. Як пастаіць надвор’е, будзем сушыць траву і далей, неабходна выканаць план нарыхтоўкі – 700 тон. Што не паспеем цяпер, пакінем на другі ўкос – ён абяцае быць не менш ураджайным. Хапае вільгаці, падкошаныя палеткі і пашы адразу падкормліваем азотным угнаеннем.

А вось у планах нарыхтоўкі сенажу  6100 тон. Па стану на 7 чэрвеня ў дзвюх траншэях – на фермах у Даматканавічах і Шчэпічах – закладзена амаль паўтары тысячы тон масы. Першую з іх на 550 тон закрылі за тры дні. Другая – больш за 1000 тон – закладваецца чацвёрты дзень, яна вельмі аб’ёмная, але мы стараемся хутчэй з ёй справіцца, каб не парушаць тэхналагічных патрабаванняў. Такім чынам, на сённяшні дзень маем амаль                  2 ц.к.адз. на галаву. Фронт работ, безумоўна, яшчэ вялікі, таму калектыў корманарыхтоўшчыкаў працуе на ўсю моц, каб правесці бягучую кампанію рэзультатыўна і ў перспектыве забяспечыць грамадскі статак якаснымі кармамі і ў поўнай патрэбе.

Ірына Шаг.

На здымку: механізатары корманарыхтоўчага камбайна КВК-800 Віталій Толкач і МТЗ-1523 на адвозцы масы Валерый Войцік (справа налева).

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *