Листая “Географию…” Аркадия Смолича

img05420 гадоў таму ў выдавецтве «Беларусь» была перавыдадзена “Геаграфія Беларусі” Аркадзя Смоліча. Да чытача вярнуўся першы падручнік па геаграфіі нашага краю, дзе ён разглядаўся як асобная краіна са сваімі адметнасцямі, а не як частка Расіі ці Польшчы. А.Смоліч далучыўся да нацыянальнага руху яшчэ ў 1910 г., будучы студэнтам інстытута сельскай гаспадаркі і лесаводства, ды неўзабаве стаў адным з найбольш прыкметных яго дзеячаў. У 1918 г. ён заняў пасаду народнага сакратара (міністра) асветы ва ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі (дзеля справядлівасці заўважым, што ўсё “міністэрства” складалася з аднаго чалавека). У 1919 г., у цяжкіх ваенных умовах, выдаў першы варыянт сваёй “Геаграфіі…”. У прадмове адзначалася (цытаты падаюцца на мове арыгінала – А.Б.): “…масы беларусаў, прайшоўшыя расейскія ды іншыя школы, яшчэ і дагэтуль глядзяць на родны край вачамі казённых вучэбнікаў. Беларуская маладзёж даведвалася ў школе толькі аб тым, што яе Бацькаўшчына – гэта нейкае адно балота; самае важнае ў ёй – гэта хвароба “каўтун”, а па-за гэтым больш няма нічога цікаўнага”. Каб разбурыць гэты стэрэатып і адкрыць моладзі багацце роднага краю, аўтар і задумаў сваю працу. Стваралася яна ў пару, калі не было ніякіх абагульняючых работ па гэтай тэме, нават мова яшчэ не была ўнармавана і значна адрознівалася ад сённяшняй літаратурнай. Але былі жаданне працаваць дзеля сваёй краіны і вера ў яе адраджэнне.
З цягам часу кніга дапаўнялася, перапрацоўвалася, вытрымала яшчэ тры выданні. Яе выкарыстоўвалі ў якасці падручніка і ў заходнебеларускіх гімназіях і ў школах БССР. Цікава адзначыць, што аўтар разглядаў Беларусь не ў тагачасных палітычных граніцах (у 1920 г. наша краіна была падзелена на пяць частак), а ў этнаграфічных межах.
Пасля Грамадзянскай вайны Аркадзь Смоліч плённа працаваў на культурна-навуковай ніве ў Савецкай Беларусі. Заслужана здабыў рэпутацыю спецыяліста ў галіне эканомікі і аграноміі, удзельнічаў у правядзенні адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы, чытаў лекцыі ў БДУ, выдаў некалькі навуковых прац, быў ініцыятарам разгортвання краязнаўчага руху. Ён стаў першым беларускім прафесарам геаграфіі. Але перыяд актыўнай дзейнасці неўзабаве скончыўся. У 1930 г. у ліку ста з лішнім навукоўцаў, грамадска-палітычных дзеячаў і пісьменнікаў, вучоны быў арыштаваны і высланы на Урал. У 1937 г. паўторна арыштаваны і праз год расстраляны. Яго кнігі схавалі ў спецсховішчах, і толькі на пачатку 90-х яны вярнуліся да чытача.
Вядома, сёння нельга разглядаць “Геаграфію Беларусі” 1920-х гадоў, як школьны падручнік. Яна хутчэй уяўляе цікавасць, як гістарычная крыніца. На яе старонках можна знайсці звесткі не толькі па геаграфіі, але і па гісторыі, этнаграфіі, эканамічным становішчы краіны на пач. ХХ ст. Да таго ж, кніга застаецца неперасягнутым узорам навукова-папулярнага апісання нашай зямлі. Сустракаюцца згадкі і пра Клеччыну. Сто гадоў таму яна ўваходзіла ў склад Слуцкага павета.
Пра сам горад А.Смоліч піша: “Клецак – даўнейшае дрыгавіцкае места. На памятку аб мінуўшчыне засталося тут абшырнае замчышча, абкружанае з усіх бакоў балотам. Цяпер Клецак вялікае тарговае і прамысловае мястэчка (7 тыс. жыхараў) ля р.Лані. У мястэчку некалькі млыноў, хвабрыка грабянёў, і моцна разьвіта гародніцтва. Тут-жа істнавала адна з старэйшых і мацнейшых пазычковых касаў. У Клецку вядзецца значны гандаль збожжам, ільняным сяменьнем ды інш.” Фотаздымак “Жаночая вопратка з-пад Клецку” выкарыстоўваецца як ілюстрацыя для адпаведнага раздзела: “Жаночая вопратка складаецца з вышытае на рукавох кашулі, саматканае каляровае з прыгожым рысункам спадніцы, або андарака, і гарсэціка, ці кітліка, з сукна, а то і шоўку ды аксаміту, які надзяваецца на кашулю. Заместа гарсэціка часта надзяваецца звычайны каптан. На галаве замужнія кабеты носяць наметкі з даўгое палатніны, якой абкручуецца галава, а канцы спускаюцца ўніз. Носяць гэтаксама чапцы і найзвычайней – хусткі”.
Калі меркаваць па карце “Беларускія гаворкі”, Клеччына размешчана ў дзвюх моўных зонах. Паўночная частка сённяшняга раёна адносіцца да арэала “галоўнай беларускай гаворкі”. Паўднёвая мае свае асаблівасці: “Рэзкай яе адзнакаю ёсць ужываньне заместа –ся на канцы дзеясловаў – са (прыкл., зваліўса, глядзеўса), дзеля чаго тамашніх беларусаў называюць сакунамі. У іхняй гаворцы ёсць і яшчэ некаторыя асобнасьці. Прыкл., яны часамі заместа: буду хадзіць, буду рабіць; ужываюць старадаўнія формы: хадзіціму, рабіціму і г.д.”. На значнае адрозненне гаворак у гэтых частках Клеччыны, яшчэ да А.Смоліча, звярталі ўвагу этнограф Павел Шпілеўскі і мовазнаўца Яўхім Карскі.
Таксама розныя часткі раёна некалькі адрозніваюцца паводле ландшафту: “На поўначы Слуцкага павета цераз Клецак і Капыль ідзець узгор’е, што памалу зьніжаецца к поўдню. На ўзгор’і і яго спадах ляжаць багатыя гляістыя грунты. Мяйсцовасьць тут вельмі густа заселеная, лясоў мала. Паўднёвая частка павету мае пяшчаныя грунты, пакрыта лясамі і балотамі”. Аўтар адзначае, што паколькі на захадзе Беларусі лясы былі прыватнай уласнасцю (большасць лясных масіваў Клеччыны належала Радзівілам – А.Б.), то гаспадары пераважна пастаўлялі драўніну на экспарт. У той час, як сяляне маглі карыстацца лесам вельмі мала і толькі за плату.
Гаворачы пра гаспадарку, аўтар піша, што Слуцкі і Наваградскі паветы з’яўляюцца самымі ўраджайнымі ва ўсёй Беларусі, шмат збожжа адсюль вывозіцца за мяжу і ў іншыя рэгіёны краіны, але робіць заўвагу: “На такіх самых грунтох, якія ў нас даюць ураджаі ў сярэднім па 40-50 пудоў жыта з дзесяціны (1 пуд = 16,3 кг; 1 дзесяціна = 1,09 га), нямецкі гаспадар зьбірае 100 і больш пудоў”. Гаспадарчай адметнасцю Случчыны было тое, што тут вырошчвалі шмат пшаніцы, у той час, як у большасці іншых рэгіёнаў галоўнай культурай з’яўлялася жыта. Таксама шмат пасяўных плошчаў займалі авёс і бульба. Апошнюю пераважна перапрацоўвалі на спірт у броварах (вінакурнях). На мяжы ХІХ – ХХ стст. у Беларусі гэта быў найбольш пашыраны тып прадпрыемства. На Клеччыне яны дзейнічалі ў Радзівілімонтах, Кунцаўшчыне, Дунайчыцах, Тучы, Галынцы, Карацку. Паводле А.Смоліча ва ўсіх беларускіх броварах перад Першай сусветнай вайной выпрацоўвалі каля 15 мільёнаў вёдзер спірту (вядро = 12,3 літра). Прыблізна 9 мільёнаў з іх ішлі на экспарт за межы краю. Пры гэтым Беларусь, асабліва заходняя, была ці не самым цвярозым рэгіёнам Расійскай імперыі. У раздзеле, прысвечаным жывёлагадоўлі, А.Смоліч адзначае, што перад вайной у многіх маёнтках Слуцкага павета пачалі звяртаць увагу на конегадоўлю. Гэта з’ява не абышла і Клеччыну. Так, у маёнтку Булгака (Шчэпічы) гадавалі бельгійскую пароду коней, у маёнтку Багдановіча (Жомайдзь) – англанармандскую. Увогуле, на пач. ХХ ст. у нашым краі назіраўся сапраўдны гаспадарчы ўздым. У “Геаграфіі Беларусі” чытаем: “Гаспадарка на Случчыне наагул стаіць добра і гаспадары найбольш заможныя, хаця часта – малазямельныя. Усюдых стараюцца дзяржаць палепшаныя пароды сьвіньняў і кароваў. У некаторых мяйсцох разьвіваецца пакрысе сыраварэньне. Сяляне сеюць шмат кармовых траваў… Зямлю акуратна гнояць, вырабляюць яе плугам, а часамі і спранжыноўкаю”.
І на заканчэнне – пра надвор’е. Якім яно было сто гадоў назад. У паўднёва-заходняй Беларусі: “Сярэдняя гадавая тэмпература вышэй +60, а тэмпература студзеня каля -50, -60. Зіма трывае ня больш 3-х месяцаў (ад паловы сьнежня да пачатку сакавіка), прычым вызначаецца частымі адлігамі, ад якіх бывае, што сярод зімы, у студзені навет, на некалькі тыдняў гіне сьнег і прападае санная дарога. Сьнег узімку ідзець тут дужа часта, што таксама змяншае маразы. Леты бываюць ня вельмі гарачыя (ліпень +18,50, +190), моцна дажджыстыя і хмарныя. Аднак, што вельмі важна для гаспадаркі, тут саўсім блізка не бывае летніх прымаразкаў. Дзякуючы гэтаму і, асабліва, мягкой зіме тут магчыма шырокае разьвіцьцё садоўніцтва”.

 Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар газеты, г.Клецк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *