Неизвестные приключения барона Мюнхаузена

Імя гэтага чалавека даўно зрабілася сінонімам бахвальства і дасціпнасці. Любы аповед пра яго ўспрымаецца выключна як выдумка. Але гаворка пойдзе пра прыгоды не легендарнага, а цалкам рэальнага барона Мюнхаўзена, які апынуўся ў Беларусі амаль трыста гадоў таму назад. Я не ведаю, ці быў ён у Клецку, але дакладна вядома, што падзеі, якія адбыліся ў нашым горадзе прадвызначылі яго лёс. Але давайце аб усім па парадку…
Вясной 1706 г. Заходняя Беларусь стала арэнай жорсткага процістаяння шведскіх і руска-ўкраінскіх войскаў. Апошнія разам з палкамі мясцовых магнатаў стаялі гарнізонамі ў шэрагу гарадоў і замкаў. У прыватнасці, яны займалі магутную Ляхавіцкую крэпасць. Тут знаходзіліся казакі Пераяслаўскага палка і наёмныя жаўнеры польскага магната Юзафа Мнішака. Казакамі камандаваў палкоўнік Іван Міровіч, найманцамі – барон фон Мюнхаўзен.
Ён паходзіў з курляндскай галіны роду. На той час Курляндыя (сучасная паўднёва-заходняя частка Латвіі) была сумесным уладаннем Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства. Яе дваране ахвотна служылі ў арміі Рэчы Паспалітай, дзе рабілі неблагую кар’еру. У дакументах 1687 г. сустракаецца прозвішча вайскоўца Ёгана фон Мюнхаўзена, які памёр, пакінуўшы пасля сябе двух сыноў. Ужо ў наступным годзе яны згадваюцца, як “польскія афіцэры”. Аднаго з нашчадкаў Ёгана ваенны лёс ў 1706 г. прывёў у Ляхавічы. Яго імя не ўстаноўлена, вядома, што ён меў званне падпалкоўніка і камандаваў ротай у палку Мнішака. Некаторыя дакументы называюць барона Мюнхаўзена камендантам Ляхавіцкай крэпасці.
Шведскі атрад Карла Крэйца, які падступіў да фартэцыі, быў адносна нешматлікі. Не маючы сіл для штурма, ён блакаваў замак, разлічваючы, што голад і нястача ўрэшце вымусяць абаронцаў скласці зброю. У першыя тыдні аблавы казакі трымаліся бадзёра. Надзейныя ўмацаванні дазвалялі адчуваць сябе ў бяспецы, а па колькасці гарнізон нават пераўзыходзіў праціўніка. Украінцы неаднаразова рабілі вылазкі і рапартавалі аб захопленых у палон непрыяцельскіх салдатах. Пра актыўнасць барона Мюнхаўзена і яго падначаленых крыніцы маўчаць. Але неўзабаве стала ясна, што крэпасць не зможа доўга трымацца з-за недахопу правіянту. У абаронцаў скончыліся запасы хлеба і казакі былі вымушаны есці ўласных коней, якіх, дарэчы, таксама не было чым карміць. У красавіку на дапамогу фартэцыі выступіў руска-ўкраінскі корпус, які налічваў каля 5 тысяч чалавек. Ён меўся зняць блакаду і знішчыць шведаў. Аднак атрымалася наадварот.
Пакінуўшы ля сцен крэпасці невялікі заслон, Крэйц рушыў напярэймы праціўніку і ўшчэнт разбіў яго 19 красавіка ў Клецку. У той жа дзень ляхавіцкі гарнізон, убачыўшы змяншэнне варожых сіл, здзейсніў некалькі вылазак. Неўзабаве ў шведскім лагеры з’явілася група кавалерыстаў, якія прынеслі вестку аб клецкай перамозе. Не ведаючы гэтага, ляхавіцкія абаронцы палічылі жменьку людзей, заўважаных з замкавых сцен, рэшткамі разбітага аддзела. На радасцях яны пачалі біць у барабаны і літаўры, трубіць у трубы і страляць у паветра. Але радаваліся нядоўга. Асноўныя сілы шведаў вярнуліся з-пад Клецка, ведучы палонных. А калі насупраць крэпасці былі пастаўлены 4 трафейныя гарматы і расцелена 16 захопленых сцягоў, у абложаных знікла апошняя надзея на паратунак.
З гэтага моманту ў стане абаронцаў пачаўся раскол. Казакі былі гатовы і далей трымаць абарону, харчуючыся адной канінай, а вось Мюнхаўзен настойваў на капітуляцыі, сцвярджаючы, што без солі і мукі доўга не пратрымаешся. Учарашнія паплечнікі ператварыліся ледзьве не ў зацятых ворагаў. Найманы жаўнер, барон Мюнхаўзен, відаць, быў гатовы загінуць у баі, але не хацеў паміраць ад голаду. Невядома колькі б доўжыўся гэты канфлікт, але ў справу ўмяшалася сама прырода. 1 мая 1706 г. у нашых шыротах можна было назіраць сонечнае зацменне. У першай палове дня сонечны дыск амаль знік і яго не было відаць на працягу двух гадзін. Казакі ўспрынялі гэту з’яву, як благі знак, чым і скарыстаўся барон, адчыніўшы браму перад непрыяцелем. Ляхавіцкі замак, які лічыўся непрыступным і вытрымаў не адну аблаву, упершыню ў сваёй гісторыі здаўся.
У палон трапіла 1500 казакаў і 300 найманых жаўнераў, якія ў шведскіх дакументах названы “немцамі і літвінамі”. Прозвішчы апошніх выклікаюць асаблівую цікавасць. Так, сярод вайскоўцаў роты Мюнхаўзена згадваюцца афіцэры Самуэль Казарын і Крыштоф Невяроўскі, артылерыст Ян Савіцкі, салдат Лука Зазаневіч. У апошнім выпадку пісар мог недакладна перадаць гучанне прозвішча Сазановіч, якое даволі распаўсюджана на Клеччыне. Таксама сустракаецца і прозвішча Казарын. Магчыма, сярод падначаленых Мюнхаўзена былі і нашы землякі.
Шведы адразу ж падзялілі палонных. Найманцам дазволілі размясціцца ў сваім лагеры, а ўкраінцаў трымалі пад вартай у замкавых памяшканнях. 4 мая ў Ляхавічы прыбыў Карл ХІІ. Ён агледзеў крэпасць, якую загадаў зруйнаваць, і палонных, ім паабяцаў захаваць жыццё. 6 мая кароль рушыў на Клецк, а потым на Нясвіж. У Ляхавічах застаўся невялікі атрад, які вартаваў казакаў, “немцаў і літвінаў”, што разбіралі замкавыя ўмацаванні. Скончыўшы работу, яны былі накіраваны ў польскія парты, а адтуль – у Швецыю. Але імя барона Мюнхаўзена няма ў спіску асоб, якія прыбылі ў Скандынавію. Дакументы сведчаць, што многія вайскоўцы, захопленыя падчас кампаніі, памерлі ў Польшчы, не вытрымаўшы доўгага шляху. Асабліва шмат іх пахавалі ў Познані. Напэўна, там скончылася і жыццё фон Мюнхаўзена. На чужой зямлі, сярод чужых людзей…
Лёс літаратурнага героя выглядае куды лепшым.

Андрэй Блінец, пазаштатны
аўтар газеты, г.Клецк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *