Наш земляк Иван Понкратович причислен к числу святых новомучеников

20503У кастрычніку 1999 г. Святы Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне далучыць да ліку святых мясцовашанаваных новапакутнікаў 23 святары Мінскай епархіі, якія прынялі смерць, але не адракліся веры. Адзінаццаць з іх пайшлі з жыцця ў трагічны перыяд 1937-1938 гг. У тым ліку і наш зямляк Іаан Панкратовіч. Звестак пра яго мала. У зборніку жыццяпісаў святапакутнікаў Мінскай епархіі І.Панкратовічу адведзена ўсяго адна старонка. Кароткая біяграфія ўтрымліваецца ў даведніку Леаніда Маракова. Ёсць яшчэ фрагментарныя згадкі ў дарэвалюцыйных “Памятных кніжках…”. Вось, бадай, і ўсё. Зрэшты, і гэты артыкул не прэтэндуе на паўнату. Ён – хутчэй, накід да біяграфіі.

Іван Фёдаравіч Панкратовіч нарадзіўся ў 1870 г. у мястэчку Клецк Слуцкага павета Мінскай губерніі. Пра яго бацькоў і дзяцінства нічога невядома. Пасталеўшы, юнак паступіў у настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы, скончыўшы якую, у 1894 г. пачаў працаваць настаўнікам народнага вучылішча ў Клецку (у кнізе “Памяць” недакладна ўказана, што гэта адбылося ў 1897 г.). Амаль дзесяць гадоў Іван Фёдаравіч вучыў грамаце местачковых дзяцей. Закон Божы ў вучылішчы выкладаў мясцовы святар Іаан Туміловіч. Думаецца, што пад яго ўплывам малады настаўнік пачаў больш цікавіцца пытаннямі веры, задумвацца над сэнсам чалавечага існавання. Аднойчы ён прыняў рашэнне – далейшае жыццё прысвяціць служэнню Богу. Самастойна вывучаў рэлігійную літаратуру, спасцігаў асновы богаслужэння і праваслаўныя таінствы. Настойлівая праца прынесла вынікі. Ва ўзросце 34 гадоў ён быў рукапаложаны ў іерэі. Першым месцам службы айца Іаана Панкратовіча стаў Спаса-Прэабражэнскі храм сяла Язвінкі Пінскага павета Мінскай губерніі (цяпер Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці). Як настаяцель мясцовай царквы ён згадваецца на старонках губернскіх “Памятных кніжак…” з 1904 года.
У 1913 г. а.Іаан вярнуўся ў Слуцкі павет, у Пакроўскую царкву сяла Чыжэвічы (цяпер у межах г.Салігорска). Пра аўтарытэт святара можа сведчыць тое, што неўзабаве яго абралі сябрам будаўнічага камітэта адным з царкоўных вокругаў Случчыны. Але звыклы і размераны лад жыцця неўзабаве назаўсёды рухнуў. Сусветная вайна, рэвалюцыі, інтэрвенцыі, братазабойчая міжусобіца закрэслілі ўсе папярэднія дасягненні. Развальваліся імперыі, што ўжо казаць пра нейкі асобны чалавечы лёс.
Калі крывавая калатнеча сунялася, родны Клецк аказаўся ў складзе Польскай дзяржавы, а Чыжэвіцкая царква – на тэрыторыі Савецкай Беларусі. Савецкую ўладу айцец Іаан не прыняў. Застаецца загадкай, чаму ён не вярнуўся на радзіму ў перыяд усталявання новай мяжы, калі ішоў інтэнсіўны рух насельніцтва з абодвух бакоў. Ці ён дабраахвотна вырашыў застацца са сваімі прыхаджанамі, ці яму нешта перашкодзіла? Адказу на гэта пытанне няма.
Царкоўныя гісторыкі параўноўваюць ганенні супраць праваслаўя ў першыя дзесяцігоддзі савецкай улады з тым пераследам, які цярпелі хрысціяне Рымскай імперыі ў часы нараджэння новай рэлігіі. Асабліва цяжкімі выдаліся 1930-я гады. Каб лепш адчуць атмасферу таго часу, не лішнім будзе звярнуцца да савецкай прэсы. Так, газета “Рабочы” захоплена распавядала пра антырэлігійны мітынг у Мінску, які, дарэчы, адбываўся ў дзень Хрышчэння Гасподняга: “Касцёр палаў… яркія стужкі полымя ўзвіваліся ў цемры. Гарэлі іконы. Група дэманстрантаў прынесла невялікую труну, паклала ў яе дзесятак абразоў, якія назаўсёды выгнаны з кватэр працоўных, і падпаліла. Касцёр гарэў пасярод плошчы Свабоды. Тысячы мінскіх працоўных прыйшлі на гэту плошчу патрабаваць ад гарадскога Савета перадачы цэркваў пад культурныя ўстановы…”. Дзесяцігоддзямі, а то і вякамі намоленыя храмы гвалтоўна зачыняліся і станавіліся ў лепшым выпадку клубамі, у горшым – складамі і збожжасховішчамі. У адным з партыйных дакументаў паведамлялася, што на канец 1936 г. у БССР была зачынена 1371 царква. Дзейных засталося толькі 74.
Чыжэвіцкі храм зачынілі яшчэ ў 1934 г. Але а.Іаан працягваў служэнне. Патаемна ён асвячаў дамы прыхаджан, хрысціў нованароджаных, адпяваў памерлых. Усё гэта не магло не застацца незаўважаным. 24 жніўня 1937 г. яму прад’явілі абвінавачванне ў сістэматычным здзяйсненні рэлігійных дзеянняў і агітацыі за адкрыццё царквы. У той жа дзень бацюшку арыштавалі. На следстве былі прад’яўлены новыя абвінавачванні: агітаваў супраць уступлення ў калгас; палохаў хуткай вайной і пераменай улады; няправільна тлумачыў савецкую Канстытуцыю. Наконт апошняга варта зрабіць тлумачэнне.
Артыкул 124 Канстытуцыі СССР 1936 г. сцвярджаў: “Свабода здзяйснення рэлігійных культаў і свабода антырэлігійнай прапаганды прызнаецца за ўсімі грамадзянамі”. Вернікі розных канфесій успрынялі гэта, як рэальную гарантыю сваіх правоў. Вядомы выпадкі, калі людзі збіраліся на масавыя малебны, а на пытанне: “Хто дазволіў?”, адказвалі: “Таварыш Сталін і Сталінская Канстытуцыя”. Але ж улада не збіралася выконваць нават тыя законы, якія сама ўсталявала, а спасылкі на іх падносіла як “няправільнае тлумачэнне”. Іерэй Іаан Панкратовіч не застаўся ўбаку і ад Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1937 г. У апытальным лісце быў адмысловы пункт “аб рэлігіі”. Чыжэвіцкі бацюшка заклікаў людзей не хаваць сваёй веры і адкрыта прызнавацца ў прыналежнасці да праваслаўя. На следстве і гэта яму паставілі ў віну. І нарэшце, айцец Іаан збіраў подпісы за адкрыццё ў Чыжэвічах царквы.
На допытах ён паводзіў сябе мужна і спакойна. Следчыя прапаноўвалі адмовіцца ад веры ў Бога, ад сана, ад сваіх поглядаў. Ён не пагадзіўся. Хаця ведаў, што ў такім разе не будзе ніякай літасці. 28 верасня 1937 г. “особая тройка НКВД БССР” прыгаварыла Івана Фёдаравіча Панкратовіча да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу, з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд быў прыведзены ў выкананне 6 кастрычніка таго ж года, у Слуцкай турме. На жаль, няма звестак пра лёс яго блізкіх – жонкі і дваіх дзяцей.
Паўстагоддзя над нашым земляком вісела кляймо “ворага народа”. Толькі ў 1989 г. ён быў рэабілітаваны Пракуратурай БССР. Ужо ў суверэннай Беларусі пачалася работа па выяўленні асоб, якія найбольш пацярпелі ў гады ганенняў на царкву. У “Сінодзіку за веру і Царкву Хрыстову пацярпелых у Мінскай епархіі”, які склаў Фёдар Крыванос, пералічана 330 прозвішчаў. 23 святары з іх ліку былі кананізаваны. Іх абліччы глядзяць на вернікаў з адмыслова напісанай іконы. Дзень памяці гэтых святых адзначаецца штогод 28 кастрычніка. Час усё паставіў на свае месцы. Дарэчы, хто-небудзь згадаў добрым словам сяброў той самай “тройкі”, што так хвацка выносілі прысуды ў 1937 годзе?
P. S. Сярод кананізаваных святароў яшчэ адзін наш зямляк протаіерэй Матфей Крыцук (1892-1950), ураджэнец в.Карацк, настаяцель Свята-Крыжа-Узвіжанскай царквы ў Вялікай Лысіцы (Нясвіжскі раён). Яго лёс варты асобнай размовы.
Фота: Ікона “Сабор новапакутнікаў Мінскай епархіі”, Іаан Панкратовіч трэці справа ў другім радзе, Матфей Крыцук – першы злева ў першым.

Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар газеты, г.Клецк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *