Уладары дарог праз прызму параўнанняў

Усё пазнаецца ў параўнанні. Аксіёма гэтага відавочна ў многіх жыццёвых праяўленнях. Калі размова заходзіць пра якасць работ, паслуг, тавараў, тут мы спяшаемся яе выкарыстаць на поўную магутнасць, прыводзячы аргументы “за” і “супраць” тых рэчаў, наконт якіх і вядзецца параўнальны аналіз. Нядаўняя камандзіроўка ў адну з суседніх краін СНД дала і мне ў чарговы раз магчымасць пратэсціраваць “наша” ў параўнанні з “іхнім”. Нават «індыкатар» для тэста шукаць не давялося – гэту функцыю выдатна выконваў прыбор аўтамабіля, які паказваў хуткасць руху. Занялася матэматыкай: падзяліла колькасць кіламетраў, якія прадстаяла “адмахаць” на “паказанні стрэлачкі”, і ,задаволеная рэзультатам, задрамала. "Біялагічныя часы" спрацавалі, калі (па маіх падліках) павінны былі набліжацца да месца прызначэння. Як бы не так! Хуткасць, як толькі праехалі з паўсотні кіламетраў ад мяжы, ўвесь час даводзілася то змяншаць, то набіраць – у залежнасці ад якасці дарожнага па­крыцця. О! Затое дарога дадому падалася ўзлётнай паласой…

На апошнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта прагучала параўнанне таксама якасці аўтамабільных дарог нашага раёна і шэрагу прысталічных. На карысць нашым, дарэчы. Калі канкрэтна, то гэта 430,3 кіламетра, з якіх 178,7 – асфальтабетонных. Усе яны на балансе філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” – “ДРБУ №212”, плюс у бягучым годзе за арганізацыяй на праве гаспадарчага распара­джэння замацаваны вуліцы сельскіх населеных пунктаў працягласцю 188 кіламетраў. Арганізацыя вядзе работы па іх утрыманні, бягучым і капітальным рамонце, будаўніцтве. Акрамя таго, будуюцца пад’езды да раёнаў індывідуальнай забудовы, абсталёўваюцца аб’екты аграгарадкоў, узводзяцца аднакватэрныя жылыя дамы ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, аказваюцца бытавыя паслугі насельніцтву. На вытворчай базе філіяла выконваецца комплекс работ па абслугоўванні і ўтрыманні дарожнай тэхнікі, на асфальтабетонным заводзе – выпуск гарачых асфальтабетонных сумесей для верхняга і ніжняга слаёў дарожнага пакрыцця, а таксама халодных гравійна-эмульсіённых сумесей для паверхневай апрацоўкі дарог. Аб’ём выкананых філіялам будаўніча-мантажных работ у мінулым годзе склаў 11907 млн.руб., за 4 месяцы бягучага года тэмп росту да леташняга перыяду – 147,5% ( у супастаўных цэнах – 135,5%). За студзень-красавік адрамантавана інжынерных збудаванняў на суму 1455 млн.руб., 800 млн.руб. зрасходавана на ўтрыманне аўтамабільных дарог.  Рост памесячнага атрымання выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг сёлета дасягнуў 141,7% да аналагічнага перыяду 2009 года. Рэнтабельнасць рэалізаваных работ, паслуг за 4 месяцы склала 4,1%        (2,5% – за той жа перыяд летась). Тэмп росту выпрацоўкі па філіялу на красавік – 149,9% да мінулагодняга красавіка. Заработная плата за сакавік 2010 года па арганізацыі – 154,9% да ўзроўню сярэднераённай, да сакавіка 2009 года – 105,6%.

За студзень-красавік 2010 года філіялам КУП “Мінскаблдарбуд” – “ДРБУ №212” асвоена інвестыцый у асноўны капітал на суму 8 млн.руб., што складае ў супастаўляльных цэнах 5,8%. Пры гэтым даведзены тэмп росту аб’ёму інвестыцый на 2010 год па арганізацыях, падначаленых мясцовым органам кіравання, склаў 129,4%.

Лічбы, якія прывёў у сваім дакладзе кіраўнік філіяла А.І.Буката,  не могуць не ўражваць. Упэўнены рух наперад – відавочны. Ён быў бы немагчымым без той працоўнай дысцыпліны, стану тэхнікі бяспекі і аховы працы, адпачынку рабочых, які існуе ў калектыве дарожнікаў. Гэтаму ў арганізацыі надаецца асаблівая ўвага: уведзена адзін­ка інжынера па ахове працы, у механічнай майстэрні і на асфальтабетонным заводзе абсталяваны пакоі адпачынку, маюцца і працуюць душавыя, рабочыя забяспечаны бутылізаванай пітной вадой, спецадзеннем і абуткамі, сродкамі індывідуальнай абароны, аказваецца матэрыяльная дапамога ў перыяд нарыхтоўкі гародніны да зімовага сезона.

Пры такім падыходзе да арганізацыі рабочага працэсу не дзіўна знаёміцца з новымі планамі, якія ставіць прадпрыемства на 2010 год па выкананні сацыяльнага стандарту, будаўніцтве, капітальным рамонце дарог. Яны прадугледжваюць асваенне вялікай сумы грошай, у тым ліку і пры стварэнні дадатковай і развіцці існуючай інфраструктуры ўзводзімых сёлета аграгарадкоў Нагорнае, Арэш­ніца, Арда, Сякерычы, Туча. Да таго ж, як было падкрэслена на пасяджэнні райвыканкама ў да­кладзе начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва М.Я. Смычкоўскага, давядзецца скрануцца з “мёртвай кропкі”: на працягу апошніх пяці гадоў не вялося будаўніцтва новых дарог, засталася ў ранейшым стане дарога каля возера, наспела неабходнасць працягваць будаўніцтва аб’язной з выхадам на Навінкі, Сіняўку, Шчэпічы.

Не ў традыцыях дарожнікаў палохацца новай справы, таму сумнявацца ў яе ажыццяўленні нават няма жадання. Як трапна зазначыў першы намеснік старшыні райвыканкама І.М.Часнок, які вёў пасяджэнне, па аператыўнаму выкананню дадзеных даручэнняў з ДРБУ-212 могуць браць прыклад многія арганізацыі раёна. Але пры наяўнасці добрага хочацца бачыць работу яшчэ на больш высокім узроўні.

Галоўны інжынер КУП «Мінскаблдарбуд» В.Ф.Плісаў зазначыў, што адной з лепшых арганізацый аб’яднанне заўсёды аказвала падтрымку, таму што менавіта тут, на Клеччыне, дарожнікі распараджаюцца да­дзеным умела, па-гаспадарску, працуюць з аддачай і зацікаўленасцю. А непасрэдна Анатолія Іванавіча Букату назваў узорам кіраўніка для яго калег у вобласці.

Напэўна, цяпер чытач таксама згодзіцца, што ўсё пазнаецца ў параўнанні. І прыемна канстатаваць, калі яно на карысць землякоў.

Жанна Гардзіевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *