Рамонтнікі трымаюць слова


1 сакавіка для рамонтнікаў раёна – дзень знакавы. Гэта дата ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама была вызначана як канчатковы тэрмін завяршэння рамонтнай кампаніі і пастаноўкі сельгастэхнікі на лінейку гатоўнасці. А з 9 сакавіка распачаўся тэхагляд трактароў і прычэпаў. Ці ўклаліся інжынерныя службы ў даведзеныя графікі? Якія адзнакі за якасць выкананых работ выстаўляе раённая камісія пры “прыёмцы” самаходных машын? За адказамі на гэтыя пытанні мы звярнуліся да кампетэнтных спецыялістаў і самі пабылі на “перадавой”.

Спецыялісты інжынерных службаў сельгаспрадпрыемстваў мінулую рамонтную кампанію характарызуюць як даволі складаную, і, найперш, у фінансавым плане. Яшчэ летась з абласнога бюджэту на аднаўленне тэхнікі выдаткоўвалася значная матэрыяльная дапамога. Сёлета ж весь цяжар лёг на плечы саміх гаспадарак. За перыяд рамонтнай кампаніі на закупку толькі запчастак затрачана больш за 1 млрд. рублёў. Напрадвесні яшчэ выкарыстаны крэдытныя рэсурсы ў суме 350 млн. руб. Але як бы складана ні было, сёння ўжо можна канстатаваць: сельгастэхніка фактычна гатова да выхаду на вясновыя палеткі.

Л.А.Горбач і В.М.Гарошка дасканала вывучаюць спраўнасць хадавой і электрычнай сістэм кожнага трактара і прычэпа ў СВК "Грыцэвічы"

– З 27 пасяўных агрэгатаў на лінейцы гатоўнасці ўжо 26. Толькі РУСП “Племянны завод “Чырвоная зорка” з дня на дзень чакае звароту сеялкі “Тэрра Дрылл” з ААТ “Мінскі аблаграсервіс”. Гэтаму складанаму ў канструкцыйным плане пасяўному агрэгату быў неабходны рамонт ратацыйнай бараны, аднавіць якую сіламі брыгады племзавода было немагчыма, – каменціруе сітуацыю начальнік аддзела механізацыі, кантролю і будаўніцтва ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В.М.Гарошка. – З 24 наяўных энергетычных трактароў 22 – спраўныя. Патрабуе правядзення тэхабслугоўвання “Фэндт-930” у СВК “Агракамбінат “Клецкі”, а ў СВФ “Туча” ў рамонце рухавік трактара “Класс Атлесс-546”. Дзень-другі – і яны будуць гатовыя стаць у строй дзеючых. Па глебаапрацоўчай тэхніцы нявырашаных пытанняў таксама практычна не засталося. Апошнія штрыхі ставяцца па рамонце АКШ у агракамбінаце “Клецкі”, ЗП “Налібокі-Нёман”, СВК “Морач”, СВУ “Шчэпічы”.  На 95 % падрыхтаваны парк машын па ўнясенні арганічных і мінеральных угнаенняў.

Падводзячы рысу пад сказаным Віталіем Міхайлавічам, можна зрабіць выснову, што, нягледзячы на існуючыя фінансавыя абмежаванні, рамонтнікам раёна ўдалося правесці гэту адказную кампанію на высокім арганізацыйным узроўні. Без аўралаў, планава ішлі работы ў СВК “Кухчыцы” (галоўны інжынер С.І.Гайлюнас), ААТ “Клецкі райаграсервіс” (В.М.Мароз), СВФ “Туча” РУП “Мінск Крышталь” (А.М.Міснік). Вядома, рэальна будзе ацэнена работа рамонтнікаў і ступень падрыхтаванасці сельгасагрэгатаў у палявых умовах. А вясновае поле, што даказвалася практыкай не аднойчы, “зімовых” памылак не даруе.

Каб па максімуму іх пазбегнуць і весці пасяўную кампанію без спасылак на “праглядзелі-прапусцілі”, тэхнічны агляд праводзіцца вельмі скурпулёзна. За работай раённай камісіі нам давялося назіраць у СВК “Грыцэвічы”. Галоўны дзяржаўны інспектар дзяржтэхнагляду па Клецкім раёне Л.А.Горбач разам з В.М.Гарошкам (на здымку 1) дасканала вывучалі спраўнасць хадавой і электрычнай сістэм, стан фільтраў і знешняга выгляду кожнага трактара і прычэпа, правяралі безліч іншых тэхнічных “дробязей”. Дарэчы, некалькі адзінак двойчы, а то і тройчы вярталіся на зыходную для ўхілення той ці іншай непаладкі. У цэлым жа работа тэхнолагаў механічнага цэху гаспадаркі і саміх механізатараў ацэнена станоўча.

– Па спісачнай колькасці ў нас значацца 54 трактары, 42 з якіх мы ўжо паставілі на лінейку гатоўнасці, і сёння кожны з іх паспяхова вытрымаў тэхагляд, –  даў тлумачэнні галоўны інжынер СВК “Грыцэвічы” М.А.Аляксейчык. –  Былі выяўлены пэўныя недакладнасці па светлавой сігналізацыі, тармазной сістэме на старых трактарах, але гэтыя недахопы адразу ліквідаваны. Маразы, якія трымаюцца яшчэ і зараз, не далі магчымасці ў поўным аб’ёме выканаць работы па афарбоўцы тэхнікі. Але яны завяршацца літаральна днямі, і астатнія трактары будуць гатовы да “тэхэкзамену”.

“Экзаменацыйная сесія” для рамонтнікаў прадоўжыцца да 27 сакавіка.

Вольга Русіновіч.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *