«Быць заўтра лепш, чым сёння»

У Клецкім раённым ліцэі ўсё – атмасфера, узаемаадносіны і справы – вызначаюцца словамі: «Быць заўтра лепш, чым сёння». Пяты год установа новага тыпу стварае адукацыйнае асяроддзе з гуманістычнымі прынцыпамі, якія дапамагаюць педагогам сумесна з вучнямі складаць згуртаваную ліцэйскую сям’ю і падтрымліваць незвычайны ліцэйскі дух. У чым сакрэт поспеху і якія дасягненні ліцэйская сям’я мае на сваім рахунку? Аб гэтым сёння наша гутарка з дырэктарам КРАЛа А.В.Філіповіч:

–  Адным з галоўных складаемых поспеху нашай навучальнай установы з’яўляецца асоба настаўніка. Педагагічны калектыў ліцэя – сплаў вопыту і маладосці. Палова настаўнікаў мае вышэйшую педагагічную катэгорыю. Настаўнік біялогіі Т.П.Пузіна ўзнагароджана знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». У мінулым годзе выкладчыца англійскай мовы Н.Г.Прышчэпа заняла другое месца ў раённым конкурсе «Настаўнік года», а малады спецыяліст па тым жа прадмеце В.А.Понтус стала пераможцаю раённага конкурсу «Шлях у прафесію».

Другое складаемае поспеху – гэта вучнёўскі патэнцыял. Ад таго, якія навучэнцы прыйдуць у ліцэй, будзе у многім залежаць рэзультат работы нашай установы ў цэлым. Вялікімі конкурсамі пры паступленні ў ліцэй мы пахваліцца не можам, аднак дзеці адзначаюць, што вучыцца ў КРАЛе – гэта прэстыжна. Адукацыйнае асяроддзе, якое створана ў ліцэі, стымулюе да вучобы, самаразвіцця, праяўлення найлепшых чалавечых якасцей. Для навучэнцаў з сельскай мясцовасці працуе інтэрнат, дзе створаны спрыяльныя ўмовы для жыцця і вучобы, арганізавана чатырохразовае харчаванне з 50%-ай аплатай яго кошту.

Яшчэ адно не менш важнае складаемае – умовы навучання. Адукацыйная мадэль і сістэма дадатковай адукацыі, што склалася ў нашай установе, здольна аба­значыць індывідуальную траекторыю, якая забяспечыць асобаснае развіццё кожнага вучня. Наладжана супрацоўніцтва з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, Міжнародным дзяржаўным універсітэтам імя А.Сахарава, Камандна-інжынерным інстытутам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Факультатывы, індывідуальныя заняткі з адоранымі, гурткі інтэлектуальнай, экалагічнай і мастацкай накіраванасці дазваляюць не толькі паглыбіць веды вучняў па прадметах, але і развіць іх творчыя здольнасці.

Развіццё інтэлектуальнай адоранасці вучняў з’яўляецца прыярытэтнай задачай кожнага педагога. Мы лічым, што чым вышэй якасць адукацыі, тым верагодней рэалізацыя закладзеных у дзіцяці інтэлектуальных здольнасцей, таму вялікае значэнне надаем якасці правядзення заняткаў.

– Што з’яўляецца прадметам гонару КРАЛа?

– Дасягненні вучняў – вось гонар ліцэя, паколькі для маладой установы адукацыі нават невялікая перамога – крок на шляху да станаўлення і ўдасканалення. А там, дзе працуе калектыў аднадумцаў, безумоўна, мае месца быць творчасць, якасць работы і рэзультатыўнасць.  Сярэдні бал пасведчанняў выпускнікоў 2009 года склаў 8,3, а атэстата – 8,9 бала. Тры выпускі за перыяд навучання на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі – гэта 68 выпускнікоў. 9 з іх узнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі, 12 – па­хвальнымі лістамі за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў. Высокі агульны ўзровень падрыхтоўкі вучняў ліцэя пацвярджаецца вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання і паступлення выпускнікоў: 94 % з іх сталі студэнтамі ВНУ. З 15 – 6 паступілі ў медыцынскія навучальныя ўстановы, па 3 – у БНТУ і БДЭУ, 2 – Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

– А як вашы вучні праяўляюць сябе ў ходзе навучальнага працэсу?

– Выхаванцы ліцэя паспяхова выступаюць на раённых, абласных і рэспубліканскіх прадметных алім­піядах. У нашай скарбонцы – 18 дыпломаў абласнога ўзроўню (10 па біялогіі, 3 – па геаграфіі, па адным – па матэматыцы, хіміі, фізіцы, беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры), тры дыпломы рэспубліканскіх алімпіяд (2 па біялогіі, 1 – па фізіцы).

Напрацягу сёлетняга навучальнага года ў першым туры раённых прадметных спаборніцтваў удзельнічалі 59 ліцэістаў, а гэта палова колькасці нашых навучэнцаў. У другім туры – 45 вучняў, 33 з якіх сталі прызёрамі. 16 ліцэістаў абаранялі гонар ліцэя на вобласці, а пяць з іх вярнуліся з дыпломамі. Дзевяцікласнікі Кацярына Уласевіч (руская мова) і Раман Сарокін (матэматыка) сталі дыпламантамі другой ступені абласной алімпіяды і паспяхова выступілі на рэспубліканскай: Раман узнагароджаны дыпломам трэцяй ступені, Кацярына – атрымала Пахвальны ліст.

Мы мэтанакіравана працуем над тым, каб задаволіць інтарэсы падрастаючага пакалення, раскрыць таямніцы творчасці, вывесці вучняў на пазіцыю даследавання, абудзіць жаданне быць асобай з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Цікаўнасць вучняў рэалізуецца праз работу навукова-даследчага клуба «Інтэлект», аб’яднанняў  па інтарэсах «Музычная палітра», «Магія раслін», «Эрудыт», тэатральнай гасцёўні, правядзенне калектыўных творчых спраў.

– Алена Вацлаваўна, Вы шмат цікавага паведамілі пра сваю ўстанову адукацыі, скажыце, як можна стаць яе навучэнцам?

– Ва ўсіх вучняў раёна, якія скончаць сёлета 8, 9 класаў, ёсць магчымасць папоўніць дружную ліцэйскую сям’ю. У гэтым годзе КРАЛ будзе ажыццяўляць набор у 9 і 10 класы па фізіка-матэматычным (уступныя экзамены па фізіцы і матэматыцы), хіміка-біялагічным (хімія і біялогія), філалагічным (англійская і беларуская або руская мовы – на выбар) накірунках. Залічэнне – на конкурснай аснове: па выніках двух уступных іспытаў.

Без уступных іспытаў у 9-ыя класы залічваюцца пераможцы (дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў) абласной і рэспубліканскай алімпіяд; прызёры (1, 2, 3 месцы) раённай, праведзенай у 2009-2010 навучальным годзе,  па вучэбных прадметах, для якіх дадзеная дысцыпліна вызначана для здачы экзамену; лепшыя слухачы  дыстанцыйных падрыхтоўчых курсаў, якія арганізаваны на нашай базе.

Без уступных іспытаў у 10-ыя класы залічваюцца пераможцы (дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў) абласной і рэспубліканскай алімпіядаў, для якіх да­дзены вучэбны прадмет вызначаны для здачы ўступнага іспыту.

Уступныя іспыты праводзяцца з 15 па 20 чэрвеня. Прыём заяў на допуск да іх ажыццяўляецца з 14 красавіка па 5 чэрвеня прыёмнай камісіяй штодзённа (акрамя нядзелі) з 9.00 да 16.00, у суботу – з 9.00 да 13.00.

Больш падрабязную інфармацыю аб дзейнасці КРАЛа і ўмовах уступнай кампаніі ў ліцэй можна атрымаць на тэл. 53-7-92 (прыёмная камісія), 54-5-89 (дырэктар), на сайце kletskkrol.narod.ru.

Дзверы нашай установы адукацыі адчынены для здольных і творчых вучняў Клеччыны. Нават, калі вы не зусім ўпэўненыя ў сабе, прыходзьце да нас – педагогі     КРАЛа дапамогуць вам лепш пазнаць сябе, ацаніць і развіць уласны інтэлектуальны і крэатыўны патэнцыял, паколькі Клецкі раённы ліцэй – гэта школа ведаў, культуры, развіцця, зносін, творчасці, традыцый, здаровага ладу жыцця.

– Дзякую за гутарку.

Падрыхтавала да друку

Ірына Шаг.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *