В Клецке прошли районные дожинки

IMG_1258У нядзелю Клецк грымеў. Дружнай калонай лепшыя з лепшых працаўнікі літаральна ўсіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна гуртом у суправаджэнні самадзейных артыстаў Клеччыны з гармонікамі і баянамі, сялянак з сярпамі, а наперадзе – святочна прыбраным вазком, на якім было даручана даставіць на галоўную пляцоўку мерапрыемства раённы дажыначны сноп, рушылі ад возера Меляўня на плошчу Маякоўскага. Менавіта тут упершыню за ўсю гісторыю “Дажынак” у Клецкім раёне сёлета адбылося іх святкаванне, удзел у якім маглі прыняць не толькі вяскоўцы, але і гараджане, госці Клецка. Перш чым распачалася ўрачыстая дзея, вядучыя прадставілі гледачам дэлегацыі кожнага сельгаспрадпрыемства, падрыхтаваўшы ім своеасаблівыя прэзентацыі. І калі адзін за другім пазней узнімаліся на сцэну перадавікі за заслужанымі ўзнагародамі, кожны ўжо меў уражанне, чыімі рукамі быў здабыты сёлетні духмяны бохан хлеба.
Першым па традыцыі яго прыняў і нізка пакланіўся караваю старшыня райвыканкама Г.М.Салавей:

– Ад моманту, як мы заклалі зерне ў глебу і да сённяшняга 51 ц/га намалоту прайшоў год. Жніво – апагей усёй хлебаробскай справы, і вы з ёю, шаноўныя землякі, справіліся дастойна, вытрымаўшы адказнае выпрабаванне, – звярнуўся да ўсіх прысутных Генадзій Міхайлавіч. – Мы атрымалі 82 720 т збожжа, безумоўна, гэта не той рубеж, які можам дасягнуць, і найвышэйшыя ўраджаі ў нас яшчэ наперадзе. Калегам трэба раўняцца на хлебаробаў ААТ “Морач”, дзе на круг прыпала па 60,3 ц/га, ДП “Племянны завод “Чырвоная зорка” – 56,5, ААТ “Грыцэвічы” – 54,2.
З пажаданнямі кожнаму кляччаніну, каб на стале заўсёды быў свежы і духмяны хлебны бохан, Г.М.Салавей разам са сваім першым намеснікам начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ўручылі пераможцам раённага спаборніцтва на жніве-2013 Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі. А “віноўнікаў” урачыстасці на самой справе было шмат. У прыватнасці, абсалютнымі пераможцамі сярод гаспадарак 1 і 2 груп арганізацый названы ААТ “Кухчыцы” і “Грыцэвічы”, другое месца – за хлебаробамі ДП “Племянны завод “Чырвоная зорка” і ААТ “Морач”.
Сярод камбайнавых экіпажаў па 1 гр. гаспадарак лідарства ў славутага чырваназоркаўца Дзмітрыя Герасімовіча, намалот якога дасягнуў 2098 т збожжа на ўмоўны камбайн. Ён на сёлета стаў уладальнікам пераходнага прыза імя А.А. Шлапакова, які яму ўручыў Аляксандр Апанасавіч. Зладжаны дуэт Сяргея Янучка і Віктара Жукоўскага з ААТ “Кухчыцы” стаў другім (1654 тоны) у дадзенай намінацыі. Іх калегі Мікалай Сіцька і Уладзімір Журык удастоены не менш ганаровага трэцяга месца (1584 тоны).
Пераможны сцяг па 2 гр. арганізацый – у экіпажа ААТ “Лазавічы” Уладзіміра Ніканчука і Уладзіміра Паюты, на рахунку якіх 1260 тон намалочанага збожжа. Экіпаж ЗП “Налібокі-Нёман” – Мікалай Дудук і Дзмітрый Сёмуха – атрымаў другое месца са сваім 1126-тонным намалотам. Марачанін Мікалай Абабурка завяршыў слаўную тройку перадавікоў сваімі 1056 тонамі.
Моцным сёлета быў і шафёрскі састаў: Ігар Патаповіч (ААТ “Кухчыцы”) – першы ў 1-й групе, Генадзій Дзямідчык (ДП “Племянны завод “Чырвоная зорка”) – другі, чырваназоркавец Іван Зайкевіч – трэці ў данай намінацыі. Іх паказчыкі – 2765, 1936 і 1163 перавезеныя тоны адпаведна. Другую групу арганізацый ганарова прадставілі вадзіцелі з ААТ “Грыцэвічы” Анатолій Мазан (2877 т), райаграсервіса Аляксандр Бурак (1462 т), ЗП “Налібокі-Нёман” Мікалай Карпіевіч (1459 т).
Хлеб змалаціць і звезці – справа не простая і адказная, аднак не меншай руплівасці патрабуе і дапрацоўка збожжа – ачыстка, сушка. Тут зладжана папрацавалі аператары зернеачышчальных сушыльных комплексаў. Такім чынам, за заслужанымі ўзнагародамі на раённую святочную сцэну падымаліся звяно сельгасфіліяла “Клецкі” ў складзе Сяргея Скрыбы, Аляксандра Пешкі і Пятра Вараненкі, якія разам з масланасеннем рапса дапрацавалі 2599 тон і занялі першае месца па 1 гр. гаспадарак. У 2-й – і першае, і другое месца атрымалі марачане адпаведна: звяно Мікалая Рамашкі, Івана Барташэвіча і Міхаіла Абабуркі (3814 т) і Івана Рамашкі і Мікалая Крука (3549 т).
Адметна, што амаль у нагу са старэйшымі калегамі ідуць і маладыя хлебаробы. Амаль штонумар “ДНП” расказвала пра іх дасягненні нараўне з адлюстраваннем на газетных старонках вопыту майстроў хлебнай справы. І не менш прыемна сёння яшчэ раз адзначаць прозвішчы камбайнераў – чырваназоркаўца Дзмітрыя Шкуцькі і тучанцаў Анатолія Міладоўскага і Аляксея Анікея, якія сталі абсалютнымі пераможцамі сярод аднакашнікаў па 1 і 2 групе гаспадарак. На іх рахунку 1412 і 711 намалочаных тон адпаведна.
Адрозніўся добрасумленнай справай і малады вадзіцельскі састаў: лідарамі тут прызнаны Сяргей Касцюкевіч з ААТ “Кухчыцы” (4050 т) і Аляксандр Грамыка з ААТ “Морач” (504 т) – па 1 і 2 групах арганізацый.
На гэтым віншавальная старонка раённых “Дажынак-2013” яшчэ не перагарнулася. Слова трымалі госці свята – партнёры па працы –намеснік дырэктара Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў А.У.Лявоненка і намеснік дырэктара СЗАА “РапсКлецк” У.К.Дзяшчэня. У кляччан з калегамі шматгадовае супрацоўніцтва, цесныя партнёрскія і дзелавыя сувязі. Разам з тым, адчувалася, як яны нараўне з гаспадарамі радаваліся паспяховаму заканчэнню жніва ў раёне, як шчыра зычылі ў наступным годзе атрымаць яшчэ больш важкі намалот, і усім, хто ў гэтай справе задзейнічаны – здароўя, поспехаў і асабістага шчасця. А ў знак плённага супрацоўніцтва адзначылі каштоўнымі падарункамі ААТ “Кухчыцы” за першынства ў раёне па закрыцці дзяржзаказу і экіпажу гэтай жа гаспадаркі Сяргея Янучка і Віктара Жукоўскага за самы высокі сярод калег намалот масланасення рапсу.
Тое, што раённыя “Дажынкі” ўпершыню святкаваліся ў Клецку, на плошчы, стала не адзінай інавацыяй гэтага мерапрыемства. Напярэдадні быў аб’яўлены сярод гаспадарнікаў конкурс на лепшы сноп. Фантазію ідэолагі праявілі заўзятую, а найпрыгажэйшым вырабам журы прызнала твор сельгасфіліяла “Клецкі”, за што мясцовыя майстры былі ўдастоены падарунка райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Святочным быў Клецк: грымела музыка, працавалі гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства, пляцоўку на перакрыжаванні вуліц Савецкая, Перамогі і 17 Верасня ўпрыгожваў імправізаваны вясковы дворык. А на пад’ездзе да горада з розных бакоў на гаспадарскіх палетках яшчэ і сёння красуюць кампазіцыі з саламяных катушак – мядзведь з бочкай мёду, трактар, вежа, дзед з бабаю. Святочным быў і настрой усіх кляччан, не толькі вяскоўцаў, бо кожны меў магчымасць адчуць такі прыемны і непаўторны хлебны водар, што разліўся ў мінулую нядзелю над горадам.

Ірына Шаг.
Фота Аляксандра Абрагімовіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *