В Клецке отпраздновали День Независимости

Тысячы кляччан і гасцей горада наведалі райцэнтр падчас урачыстасцей, прысвечаных галоўным дзяржаўным святам – Дню Незалежнасці і Дню вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Так маштабна і шумна Клецк, напэўна, не святкаваў ніколі. Праграма мерапрыемстваў была складзена такім чынам, каб кожны мог знайсці сабе забаву па душы.
Традыцыйны ўрачысты мітынг пачаўся ў 11 гадзін раніцы. Але да гэтага часу горад ужо на ўсю моц гудзеў: на плошчы працавала выстава-кірмаш – ноу-хау святочнага праекта гэтага года. Прамысловыя прадпрыемствы, сельскагаспадарчыя арганізацыі, установы адукацыі і культуры пастараліся нездарма. Літаральна кожны міні-падворак заслугоўвае вялікага мноства кампліментаў і слоў захаплення. Бо акрамя дэманстрацыі ўласнай прадукцыі, гаспадары гасцінна заклікалі прахожых паспытаць прывезеных ласункаў. Не праходзіў народ міма імправізаваных рамесных майстэрняў. Іх экспанаты, выкананыя ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, не пакінулі абыякавымі не толькі прыхільнікаў нацыянальных традыцый, але і членаў прысутнай на свяце дэлегацыі з Літвы.
Самыя юныя гараджане «атакавалі» дзіцячую пляцоўку, якую уладкавалі стваральнікі любімых прысмак малых, добра вядомых пад брэндам «Непоседа». Дзеці з задавальненнем гулялі з цацкамі, а таксама дэкламавалі вершы, спявалі і танцавалі наўзамен на абяцаны сюрпрыз. Для маленькіх гараджан свята таксама была арганізавана праграма «Сонечны настрой». Мора ўсмешак, жартоўныя віктарыны і гучныя апладысменты – усё гэта сведчыла аб тым, што тут былі невыказна рады гасцям.
Не забыліся ў Дзень Рэспублікі і аб дзятве, якая толькі-толькі папоўніла талаку клецкіх хлопчыкаў і дзяўчынак. 3 ліпеня прадстаўнікі раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» наведалі радзільнае аддзяленне УЗ «Клецкая ЦРБ» з мэтай павіншаваць жанчын-маці з нараджэннем дзяцей і ўручыць падарункі маленькім беларускім грамадзянам ад сваёй і грамадскай арганізацыі «Белая Русь».
Адным словам, паўсюль разлівалася музыка і чуўся людскі гоман і смех. З раніцы да самай ночы ў горадзе прайшло мноства яркіх мерапрыемстваў, незабыўных момантаў – акцыі, конкурсы, выдатныя канцэрты, дыскатэка. Усе яны – гэта не проста забава, лекі ад нуды, магчымасць адпачыць і атрымаць добры зарад энергіі. Усё казала аб тым, што беларускі народ – адзіная згуртаваная нацыя. І дзеці, і дарослыя, і старыя – мы ведаем, якой цаной была заваявана свабода нашай краіны. Мы ўмеем шанаваць памяць аб тых, хто здабываў мір і незалежнасць. Мы ўмеем паважаць тое, што сёння ствараецца для будучых пакаленняў і для росквіту нашай Айчыны.
“Мы, беларусы, – мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і…”
Заспяваўшы разам урачыстую песню, галоўны сімвал беларускай народнасці, кляччане далучыліся да ўсёй краіны і тым самым прынялі ўдзел у традыцыйнай для гэтага дня рэспубліканскай акцыі «Спяваем гімн разам».
Уся ўрачыстасць скончылася шыкоўным салютам і незабыўнымі ўражаннямі – да наступнага свята.

Святлана Орпель.
Фота Аляксандра Абрагімовіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *