Корреспондент получил задание: вярнуцца ў вёску – на аўтобусе

Той працоўны дзень быў не зусім звычайны… Не ў тым сэнсе, што скарочаны, а наадварот: нармальны, 8-мі гадзінны. З адной толькі папраўкаю: 18 мая ўсе прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы (не толькі Клецкага раёна, але і ўсёй рэспублікі) працавалі за пятніцу, 10-га мая. Усе, акрамя… філіяла аўтапарка №8 г.Нясвіжа ААТ “Мінаблаўтатранс”.
Цяжка ўжо нават і сказаць, калі АП №8 ператварыўся ў “асобную дзяржаву”. Там даўно дзейнічаюць “свае законы”, нікому не падуладныя. Напрыклад, ужо сталі нярэдкімі выпадкі, калі жыхары пасёлка Рассвет не могуць своечасова даехаць на работу па незразумелай для іх, але стаўшай нормай ці, можа, наадварот, дробяззю для дырэкцыі аўтапарка прычыне – адсутнасці рэйсавага аўтобуса “Нясвіж-Клецк п/з Лань”.
Паспрабуем паглядзець на сітуацыю вачыма кіраўніцтва АП №8: ну навошта пускаць аўтобус 5-7 разоў на тыдзень за 40 км, калі ў ім ездзяць усяго па пяць чалавек?! Гэта ж такія страты для аўтапарка! Правільна: сядзіце, людцы, дома! Захварэлі? Выклікайце “хуткую” (Міністэрства аховы здароўя багацейшае, сцерпіць такія расходы!). Захацела бабуля купіць унукам падарунак? Трэба тэлефаванаць “прыватніку”, і той уміг прывязе, што пажадаеце! Бо аўталаўкі райспажыўтаварыства возяць у асноўным прадукты харчавання і тавары па заказах (пэўны пералік), а ўсе астатняе – толькі ў прыватных гандляроў, якія і магчымасці знойдуць, каб выканаць ваш заказ, і, безумоўна, даставяць яго! Дарэчы, што тычыцца аўталавак, то ў тую ж суботу, 18 мая, па адным з маршрутаў нават хлеб ў адны рукі не прадавалі больш, чым па дзве булкі! Дажыліся!
Абуцца і апрануцца хочаце па сезоне? Ну, тады вам трэба загадзя планаваць сваю паездку ў райцэнтр. Толькі вось, як гэта зрабіць, дакладна не скажу, сама не ведаю! Не бяруся гарантаваць выкананне руху па графіку нашага грамадскага транспарту – не выконваецца ён. Гэта і пацвердзілася 18 мая, калі вырашыла пасля работы паехаць ў Сіняўку, зусім забыўшыся пра тое, што АП №8 г.Нясвіжа - “дзяржава ў дзяржаве”. На працягу паўгадзіны настойліва тэлефанавала на аўтастанцыю г.Клецка, каб даведацца, якім чынам гэта можна ажыццявіць. Нарэшце пасля кароткіх пайшлі гудкі выкліку ў тэлефоннай трубцы, якую доўга ніхто не здымаў. Жаночы, вельмі незадаволены і злосны голас адрэзаў: “Мы працуем па звычайнай субоце”… Азначала гэта, што мне давядзецца да 19 гадзін марнавацца ў Клецку ў чаканні аўтобуса “Мінск-Пінск”, бо толькі ў рабочыя дні (а ніяк не ў выхадныя і святочныя) мясцовы рэйс “Клецк-Сіняўка” прадугледжаны ў другой палове дня.
Пытанні руху грамадскага транспарту рэгулярна ўздымаюць нашы грамадзяне пры выездах інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама, на сайце газеты. Неаднаразова накіроўваліся пісьмы і дырэктару Нясвіжскага АП №8 А.Я.Ксенжыку. Ды толькі Анатоль Яўгенавіч нават слухаць не хоча аб праблемах клецкіх вяскоўцаў, таму і на размову не ідзе. Я сама неаднарозава была сведкай таго, як абураныя пасажыры пры чарговым зняцці па незразумелай прычыне з маршрута аўтобуса гнеўна тэлефанавалі ў аўтапарк і імкнуліся дабіцца тлумачэння. Але кожны такі званок адымае ў чалавека шмат здароўя, нерваў, сіл і застаецца безвыніковым!
Так, мы ўвесь час у залежнасці: ад абставін, ад дзейнасці і выканання планавых паказчыкаў нашых і чужых арганізацый, ад пастаянных падлікаў эканамічнай складаемай нашага жыцця. Часам бяруцца за аснову не інтарэсы людзей, а – лічбы! Але ці заўсёды гэта правільна? Уласная машына для часткі насельніцтва па-ранейшаму застаецца раскошай, а не сродкам для руху. І я таксама езджу ў веску на аўтобусах, хаджу па Клецку пешшу… Дарэчы, а чаму ў нашым раённым цэнтры няма гарадскога аўтобуса? Ці, можа, ён ёсць, а ніхто пра яго не ведае? Пад акном майго кабінета, насупраць кінатэатра “Іскра”, пабудаваны прыпынак. Даўно прыглядаюся, хто ж на ім спыняецца? Аказваецца, аўтобусы прадпрыемстваў, якія развозяць рабочых. Чаму ж няма распрацаванага гарадскога маршрута? Не патрэбен? А вось таксісты, бізнэс якіх так імкліва развіўся за апошнія гады ў нашым Клецку, зусім па-іншаму думаюць. І пасажыраў у іх – досыць! Мне ж “пашчасціла” пабачыць таямнічы расклад руху. Аказваецца, пяць разоў на тыдзень гарадскі аўтобус адпраўляецца з АС “Клецк” у 7.10 і рухаецца на працягу 50 хвілін па ўсім горадзе, у 7.46 праязджаючы якраз прыпынак на пл.Маякоўскага. У адваротным накірунку гарадскі аўтобус пачынае свой рух з АС “Клецк” у 16.50… Вось такая справа. На працягу дня і кругласутачна па выхадных гараджанам застаецца займацца аздараўленчай хадзьбой ці бегам: выскачыў з работы ў цэнтры горада і – трусцою на Віцім або ў мікрараён Алёнка… Гэта ж такі зарад бадзёрасці! Спартсмены пазайздросцяць! І пабяжыш, калі дзяцей накарміць трэба ды самому хоць крыху перакусіць…
Успамінаюцца 80-ыя і 90-ыя гады, калі кожны час штодня можна было беспраблемна дабрацца ў самую дальнюю кропку раёна хутка і з камфортам. Нехта зараз скептычна заўважыць, што пара забыцца пра тыя гады і жыць сенняшнім. Згодна… Аднак час прызнаць і іншае: ад аб’яднання двух аўтапаркаў Клецкі раён не толькі аказаўся не ў выйгрышы – пакрыўджаны людзі. Напрыклад, маршрут “Клецк-Берацава” ажыццяўляецца толькі два разы на тыдзень – па панядзелках і суботах. І калі вясковец выехаў у райцэнтр у 6.08, то назад з горада можа вярнуцца толькі ў 19.24. Вось гэта прагулка! А таму, сябры, беражыце нервы, не рызыкуйце планаваць свае паездкі на святочныя і выхадныя дні (як рабілі гэта ў былыя часы), прытрымлівайцеся графіка руху грамадскага транспарту па буднях, гэта – найбольшая верагоднасць заехаць і прыехаць без здарэнняў.

Валянціна Сянкевіч.
P.S. А ў Сіняўку ў 19 гадзін 18 мая я так і не змагла дабрацца. Назіраючы за тым, што на аўтавакзале сабралася чалавек 15 на адзін са мной напрамак, касір патэлефанавала ў Нясвіж і потым, як звыклае, аб’явіла нам праз акенца: “Аўтобус зламаўся і стаіць у Нясвіжы, наступны – праз паўтары гадзіны. А ў мяне… рабочы дзень скончыўся!” . І пакуль пасажыры адзін другому перадавалі гэтую навіну, акно касы зацягнулася занавескаю...

Корреспондент получил задание: вярнуцца ў вёску – на аўтобусе: 1 комментарий

  • 22.05.2013 в 9:06 дп
    Permalink

    Сапрауды, праблема узнятая аутарам, вельмi сур»ёзная. Чамусьцi наш Клецкi раён стау у апошнiя гады многа у чым абдзелены. Ужо на сайце уздымалася пытанне пра даезд, напрыклад, у аграгарадок Шчэпiчы. Я вось дзеля цiкаунасцi патэлефанавала у аутапарк, як даехаць у Шчэпiчы. Аказваецца, можна толькi ранiцой i увечары. Нiчога не змянiлася у лепшы бок. А чаму б сапрауды, як задавалася пытанне раней, не пусцiць гарадскi маршрут да Шчэпiч, цi хаця б да ПМК — гэта ж гарадскi аб»ект, а там ужо i да вёскi рукой падаць. Аграгарадок — гучыць! А як жа дабрацца туды? Што ужо казаць пра аддаленыя вёскi раёна? Аутапарк у нас адзiн — Нясвiжскi. Але у Нясвiжскiм раёне лепшае транспартнае абслугоуванне. Нязгодна толькi з аутарам у тым плане, што вiнаватыя у гэтым супрацоунiкi Клецкай аутастанцыi: iх там аставiлi усяго пару чалавек, а загрузiлi па поунай. I усе, як кажуць, шышкi i абразы у сувязi з дрэнным рухам аутобусау па раёне валяцца на iх галовы

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *