24 апреля — Международный день памятников и исторических мест

ПАКРОЎСКАЯ ЦАРКВА

г.Клецк

Пакроўская (Вазнясенская) царква ўпершыню адзначаецца інвентаром Клецка ў 1626г. як уніяцкая: “Перад горадам на арыне другая царква, закладзена Вазнясенню Гасподняму”. Яна сапраўды была на пэўнай адлегласці ад горада. Храм стаяў пры ўездзе ў Клецк з боку Нясвіжа, леваруч ад гасцінца, на ўзвышшы, якое ў XVI ст. звалася гара Гарынь. Мінуючы Вазнясескую царкву Нясвіжскі гасцінец спускаўся да р.Сільная (левы прыток Лань), праз гаць вёў у Клецк і даходзіў да Рыначнай плошчы горада. Адсюль да царквы было каля 1 км. Вазнясенская царква сапраўды стаяла “на арыне”, сярод ворыва, адсюль яе другая назва – арынская царква (пазней гэтая назва пачала асэнсоўвацца як Ірынская царква). Цяпер немагчыма растлумачыць, чаму яна была збудавана не ў самім Клецку, а на водшыбе. Але гэтая акалічнасць садзейнічала яе больш доўгаму жыццю, у адрозненні ад Васкрасенскай царквы.

Паводле звестак царкоўнага гісторыка ХІХ ст. Н.Рубероўскага, Вазнясенская царква была пяціглавая, вышынёй ў 12 сажняў і мела форму правільнага крыжа памерамі 38 х 38 аршынаў. Магла ўмяшчаць да 1500 чалавек. У той час царкву называлі яшчэ Пакроўская, а таксама Кладбішчанская, бо могілкі вакол яе сталі галоўнымі ў Клецку. Царква славілася мясцова-шанаваным абразом Багародзіцы, да якога збіралася шмат паломнікаў, асабліва на святы Вазнясення, Успення, Раства Багародзіцы і Пакрова. Гэты абраз, “весьма древней греческой живописи”, паводле слоў Н.Рубероўскага, быў перанесены ў Вазнясенкую царкву з Нясвіжскага Міхайлаўскага касцёла ў дзень вялікамучаніцы Ірыны, 5 мая невядомага года. Гэта магло адбыцца ў канцы ХVIIІ ст., калі ў сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў (1773 г.) быў закінуты Міхайлаўскі касцёл.

Пасля скасавання ў 1839 г. у Расійскай імперыі ўніяцкай царквы Вазнясенскі храм як ужо праваслаўны быў пакінуты Радзівіламі без нагляду. У 1845 г. мінскі епіскап Антоні (Зубко) прасіў губернскія ўлады, каб яны прымусілі ўладальніка горада Лявона Радзівіла адрамантаваць царкву.У 1852г. было зроблена нават імператарскае распараджэнне на гэты конт, але храм да гэтага часу так здрахлеў, што правіць яго ўжо не было магчыма. Л.Радзівілу прадпісалі скласці каштарыс на будаўніцтва новай царквы. 5 лістапада 1853 г. губернская будаўнічая і дарожная камісія яго зацвердзіла. 21 мая 1854 г. радзівілаўская адміністрацыя выдала распіску, што пабудуе царкву за 2 гады, аднак ужо ў кастрычніку пачала хадайнічаць перад епіскапам Міхаілам (Галубовічам), каб з’яднаць прыход гэтай царквы з прыходам новай Васкрасенскай царквы, аб’яднанне з дамініканскім касцёлам  на Рыначнай плошчы Клецка. Усё ж адміністрацыя абяцала збудаваць і новую Пакроўскую кладбішчанскую царкву, відаць, як часовую. Пасля гэтага справа спынілася. У 1857 г., нарэшце, з Сіноду быў атрыманы дазвол на злучэнне прыходаў, а радзівілаўскую адміністрацыю зноў пачалі прымушаць узнавіць Пакроўскую царкву. Адміністрацыя склала праект храма на 150 чалавек. Мінская кансісторыя палічыла, што гэта недастаткова. Быў сладзены праект храма на 350 чалавек, потым яшчэ адзін, на 250 чалавек. 2 сакавіка 1859 г. радзівілаўская адміністрацыя дала падпіску, што яна не марудзячы пачне будаўніцтва паводле апошняга плану, каб скончыць царкву ў тым жа годзе. Потым справа зноў спынілася. Нарэшце ў 1865 г. мясцовыя вернікі самі згадзіліся фінансаваць будоўлю новай царквы, але пры дапамозе ўраду. Падпалкоўніку Генеральнага штабу Зяленскаму загадалі скласці новы праект. Ён быў разлічаны  на 250 чалавек, каштарыс складаў 4185 руб., якія грошы ў канцы 1868 г. паводле загада віленскага генерал-губернатара былі асігнаваны са збораў з маёнткаў Л.Радзівіла ў 1866 г. Але ў 1869 г. было атрымана распараджэнне генерал-ад’ютанта Патапава аб немарудзячым зломе старой Пакроўскай царквы, пабудове на яе месцы часоўні і аб узвядзенні наўкол агароджы – ўсё на сродкі ўладальніка Клецка. Л.Радзівіл падчас асабістай сустрэчы з генерал-губернатарам быў вымушаны даць на гэта згоду, аднак прасіў аб прысылцы праекта. Адначасова быў зроблены запыт епіскапу Аляксандру (Дабрыніну). У тым жа годзе ён адказаў, што ў Клецку ўсё ж шмат прыхаджанаў (4568 чалавек), а значыць, у горадзе павінны быць дзве царквы. Адначасова ў Мінск ў царкоўна-будаўнічае ўпраўленне паступіла просьба клецкіх вернікаў збудаваць на могілках не драўляную, а мураваную царкву на 300 чалавек, дзеля чаго яны ў дадатак да 4185 руб. абяцалі сваім коштам дастаўляць валуны на падмурак храма, даць падводы на падвоз цэглы, варны, дрэва і г.д., а таксама тры чалавекі з кожнага двара на чорную работу пры будаўніцтве. У адказ царкоўна-будаўнічае ўпраўленне склала праект царквы менавіта на 300 чалавек (зацверджаны 29 мая 1871 г.). Выкананне работ было даручана гаспадарчым спосабам мясцоваму прыхадскому папячыцельству пад наглядам губернскага архітэктара Іванова. Аднак праз 4 гады папячыцельства звярнулася ва ўпраўленне  з просьбай змяніць праект, бо дасланы, паводле прыкладак, запатрабаваў  усяго 15000 руб. У лістападзе 1875 г. папячыцельству быў высланы новы праект. Пабудаваць царкву падрадзіўся нясвіжскі мешчанін Вольф Андрусір, які да таго паставіў у Мінскай губерніі больш за 60 праваслаўных храмаў. На гэтым звесткі, сабраныя да 1876 года Н.Рубяроўскім обрываюцца.  Яна стаіць на клецкіх могілках і па сённяшні дзень.

Царква мае ў плане форму крыжа памерамі 17 х 14 м, з заходняга боку да яе далучаецца прытвор – званіца памерамі 4,5 х 10 м, да яго – уваходны драўляны тамбур. Агульная даўжыня храма каля 23 м, найбольшая шырыня каля 14 м. Цэнтральны аб’ём сучаснага храма накрыты пакатым чатырохсхілавым дахам, над якім завяршэнне: чацверык, над ім васьмёрык, зверху – шацёр з цыбулінай-галоўкай. Трохярусная званіца мае падобную пабудову: яе другі ярус – чацвёрык, трэці ярус – васьмёрык, зверху шацёр з цыбулінай. Унутры знаходзіцца іканастас, маюцца значныя па памерах абразы на дрэве і халсце. Увогуле гэтая царква тыповы ўзор “мураўёўкі”, рэтраспектыўна-рускага стылю.

На сучасным этапе па ініцыятыве настаяцеля храма айца Андрэя з падтрымкай прыхажан праведзены касметычны рамонт. Дзякуючы намаганням настаяцеля абнавіўся інтэр’ер храма. Кожны тыдзень царкоўныя службы са звонам калакалоў запрашаюць вернікаў наведаць храм.

Святыня жыве, а значыць,  яе гісторыя працягваецца!

Ю.Новік, супрацоўнік ДУ "Музей гісторыі Клеччыны".

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *