2012 — Год книги: Жэня, Жэнечка і Дыяна

Узгадваючы чарговую сустрэчу з вядомымі беларускімі літаратарамі, нечакана злавіў сябе на думцы, што дагэтуль героямі ўсіх маіх аповедаў з’яўляліся толькі прадстаўнікі моцнага полу. Яўная дыскрымінацыя атрымліваецца. Тым больш, што ў мяне ж былі сустрэчы, знаёмствы з прызнанымі майстрамі пяра прыгожай паловы чалавецтва, творчасць якіх ні ў чым не ўступае мужчынскай, а нярэдка і пераўзыходзіць яе. У першую чаргу хацелася б назваць такіх руплівіц беларускага слова, як пісьменніцы Лідзія Арабей, Вера Палтаран, Алена Васілевіч, паэтэсы Еўдакія Лось, Раіса Баравікова, Людміла Рублеўская, Валянціна Коўтун і іншыя. Аб кожнай з іх можна было б напісаць, паверце мне, сапраўдную оду, аддаючы належнае таленту гэтых творчых жанчын, высокай адказнасці за выбраную прафесію, вернасць матчынай мове, самаахвярнасці, адсутнасці ў друкуемых імі творах пасрэднасці і шэрасці ва ўсіх яе праявах і відах, што толькі ўзмацняе іх грамадскае гучанне.
У гэтай слаўнай кагорце знаёмых мне аўтарак, адсутнічае імя яшчэ адной яркай, ні ў чым непаўторнай творчай асобы – паэтэсы Яўгеніі Янішчыц, аб якой і будзе мой сённяшні аповед.
Пазнаёміліся мы яшчэ напачатку далёкіх 70-х гадоў мінулага стагоддзя, прычым у некалькі незвычайнай абстаноўцы. Вяртаючыся аднойчы са сталіцы дамоў аўтобусам “Мінск-Пінск”, мне давялося сядзець побач з маладой, сімпатычнай русавалосай дзяўчынай. Недзе на выездзе з горада, калі пасажыры ўжо ўладкаваліся, настроіліся на доўгую дарогу, мая суседка дастала з сумачкі невялікую кнігу, ад якой так і патыхнула свежай друкарскай фарбай. Той, каму даводзілася раней працаваць у рэдакцыі або друкарні, добра ведае гэты спецыфічны пах і заўжды адрозніць кніжную навінку ад звычайнага выдання. У мяне ж тады было ўжо добрых пяць гадоў газетнай работы, і я не мог памыліцца – кніжка толькі што з выдавецтва.
– Хто аўтар? – запытаўся ў дзяўчыны проста так, без усякай цікаўнасці, каб пачаць размову.
– Я сама і ёсць аўтар, – нечакана заўсміхалася суседка і, бачачы маю разгубленасць, нават нейкі недавер у вачах, тут жа працягнула мне кнігу, а заадно дастала з сумачкі службовы пропуск. З апошняга высвятлялася, што загадчыца бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц і аўтар новага зборніка вершаў “Дзень вечаровы” – адзін і той жа чалавек.
– Ды Вы не вініцеся, – неяк замілавана адклікнулася мая суразмоўца. – Мяне многія за дзяўчо залёнае прымаюць, хаця я ўжо даўно не школьніца. Больш таго, адразу скажу, што замужам, нядаўна сыночка нарадзіла, хутка годзік споўніцца. Дый кніжка гэта ўжо ў мяне не першая, а другая...
У яе голасе, інтанацыі, манеры весці гаворку на чыста беларускай мове было столькі светлай дабрыні, цяпла, даверу, шчырасці, што міжволі ўзнікла захапленне гэтай прывабнай маладой жанчынай, жаданне размаўляць з ёй бясконца. Зрэшты, мы і прагаварылі ўсю дарогу, да самага Клецка. Я даведаўся, напрыклад, што мы амаль аднагодкі, што родам яна сама з вёскі Рудка Пінскага раёна, скончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, паспела пажыць-“паслужыць” разам з мужам Сяргеем у вайсковым гарадку ў Чэхаславакіі, адкуль пашанцавала трапіць у Мінск, бо многіх афіцэраў з сем’ямі пасля заграніцы адпраўляюць на Далёкі Усход або ў Сярэднюю Азію. На шчасце, іх сям’ю такі ўдзел мінаваў, і цяпер яна зноў у роднай Беларусі, часта бывае на сваёй малой радзіме, мае магчымасць любавацца роднымі краявідамі, радавацца новым сустрэчам з людзьмі, наяве ўспрымаць сённяшнюю рэчаіснасць і пісаць аб усім гэтым, а таксама тым, што баліць, хвалюе, вершаванымі радкамі...
Развітаўшыся са сваёй спадарожніцай, я тут жа даў сабе слова наведацца ў бібліятэку ці кніжны магазін, каб адшукаць першы зборнік вершаў маёй новай знаёмай. І ўжо назаўтра гэта было зроблена – я трымаў у руках кнігу Яўгеніі Янішчыц “Снежныя грамніцы”. Скажу шчыра: вершы мяне ўразілі сваёй арыгінальнасцю, рамантычнасцю і ў той жа час нейкай інтымнасцю, задушэўнасцю. Памятаецца, я нават шкадаваў, што не адкрыў для сябе гэту аўтарку раней, калі толькі выйшаў у свет гэты зборнік. А неўзабаве ў бібліятэку паступіла і другая кніга паэтэсы, “сігнальны” экзэмпляр якой я і бачыў тады ў аўтобусе. І зноў – тая ж дакладная ўзважанасць радка, пачуццёвая выверанасць, уменне, адштурхоўваючыся ад традыцыйных матываў, перадаць сваё бачанне свету, індывідуальнасць, што прымушае задумацца над пражытым і перажытым. А яшчэ – над тым, ці так жывеш на зямлі, што пакінеш пасля сябе...
Свае ўражанні ад прачытаных, нават “праглынутых” дзвюх яе кніжак я меў магчымасць выказаць у хуткім часе Жэні (яна сама прасіла гэтак сябе называць) на журналісцкіх курсах павышэння кваліфікацыі, дзе вядомая ўжо паэтэса выступала ў якасці літкансультанта “Сельскай газеты”, у рэдакцыі якой і мне пасля давядзецца завяршаць сваю працоўную дзейнасць. Пачуўшы цёплыя, шчырыя хвалебныя водгукі аб сваёй творчасці, і не толькі ад мяне асабіста, Жэня ніколькі не ганарылася, не аднеквалася ад іх, а падзякавала за добрае слова, падкрэсліла, што для яе галоўнае – пісаць, радаваць сябе і іншых вершаванымі радкамі, ведаць, што жывеш недарэмна, а займаешся любімай справай.
А потым у мяне яшчэ было некалькі сустрэч з Жэняй, калі яна па дарозе на сваю ясельду затрымлівалася на некалькі гадзін у Клецку, каб проста пагаварыць, падзяліцца навінамі, планамі на будучае. Былі і такія выпадкі, калі яна заскоквала да нас у рэдакцыю раёнкі на трэці паверх Дома Саветаў літаральна на лічаныя хвіліны, пакуль яе “пінскі” аўтобус стаяў на аўтастанцыі, што знаходзілася тады на скрыжаванні вуліцы Першамайскай і плошчы горада. Дарэчы, каб вы толькі бачылі, як абуралася Жэня, калі гэту самую аўтастанцыю ў нас вынеслі, па яе словах, у чыстае поле, за ваколіцу, дзе яна і сёння знаходзіцца.
– Ванюша, ты пакажы мне таго чалавека, які дакумекаўся да гэтага, – гарачылася паэтэса, пазбаўленая ўсялякай магчымасці па прывычцы заскочыць у рэдакцыю. – Не, я нічога яму не зраблю, хачу проста паглядзець у вочы, убачыць, што гэта за спецыяліст-наватар. У Нясвіжы, Стоўбцах, Дзяржынску, усюды аўтастанцыя ў горадзе, на бойкім месцы, а ў вас цяпер – чорт ведае дзе...
У тыя хвіліны я заходзіўся ад смеху, бо ніколі не бачыў Жэню такой надзьмутай, злоснай, адчайнай, што не дастасоўвалася да яе вобразу, было ёй наогул не ўласціва. Заўжды шчырая, памяркоўная, добразычлівая, рамантычная, яна і ад людзей чакала гэтага, востра рэагавала на несправядлівасць, любыя заганы нашага жыцця, што мела адбітак і ў яе вершах, і ў выпадку з нашай аўтастанцыяй. А спыніўся я на ім так падрабязна толькі таму, што пасля пераносу аўтастанцыі, нашы сустрэчы з Жэняй сталі ўсё больш рэдкімі, выпадковымі, хаця сувязь паміж сабой мы не гублялі, нярэдка тэлефанавалі адзін другому. У прыватнасці, я адразу ж павіншаваў яе, калі яна стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за кнігу лірыкі “Пара любові і жалю”, а таксама цікавіўся яе паездкай у складзе беларускай дэлегацыі ў Амерыку на сесію Генеральнай Асамблеі ААН. У сваю чаргу, Жэня пераслала мне апошнюю кнігу вершаў і паэм “У шуме жытняга святла”. Словам, нармальныя чалавечыя зносіны, бо ўсё-такі блізкімі людзьмі, сябрамі – у звычайным разуменні гэтага слова – мы не былі. Аднак калі лістападаўскім днём 1988 года Жэні раптоўна не стала, я адчуў такую пустату вакол сябе, такое непапраўнае гора (і, думаю, не толькі я адзін), што слёзы засцілалі вочы і доўга балела, не адпускала сэрца, а ў галаве мроіліся Жэніны радкі, прысвечаныя калісьці памяці Еўдакіі Лось: “Плача неба над сталіцай, як жалобная струна...”. Плакала неба і па Жэні, плакала ўся творчая Беларусь, плакалі тысячы, мільёны аматараў сапраўднай паэзіі...
Пройдзе нямала часу, і ачмурэлыя ад пагоні за шалёнымі ганарарамі “папарацы” штурхнуць на пагібель прынцэсу Дыяну. І калі яе хавалі, здаецца, смуткаваў увесь свет. Смуткаваў так, як мусіць, не рабіў гэтага ні па адным з палітыкаў, тагачасных дзяржаўных кіраўнікоў. Як высветлілася, да прынцэсы Дыяны зусім не прыстаў той бруд, якім многія з асалодай аблівалі яе пры жыцці. Як не прыстаў ён і да маёй сённяшняй гераіні, сапраўднай Творцы, надзеленай талентам ад Бога, умела, адухоўлена скарыстаўшай яго, хаця і не ў поўнай меры з-за такога кароткага прамежку жыцця (усяго сорак гадоў!), пакінуўшай яркі, непаўторны след ў айчыннай літаратуры.
Так, усе мы грэшныя на гэтым свеце. Але далёка не кожнаму ўдаецца пражыць у ім гэтак шчыра і ярка, як атрымалася падобнае ў паэтэсы Яўгеніі Янішчыц і прынцэсы Дыяны, каб у чорную хвіліну развітання плакалі мільёны людзей.

Іван Здрок.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *