Ад Пiнскай да Першамайскай. Гiсторыя адной вулiцы

Напэўна, у кожным горадзе ёсць вуліцы двух тыпаў. Вуліцы ў новых раёнах, забудаваныя ладнымі, прыгожымі, часта стандартнымі, але з усімі зручнасцямі дамамі, і вуліцы гістарычнага цэнтра. Мена­віта ад апошніх разрастаецца горад, толькі яны захоўваюць памяць аб яго мінулым. І дамы іх, што неаднаразова дабудоўваліся-перабудоўваліся, маглі б шмат расказаць пра сваіх былых гаспадароў. Да гістарычнага цэнтра Клецка можна без ваганняў аднесці вуліцы, чые назвы ўпершыню трапілі на старонкі дакументаў XVI ст. – сённяшнія імя Гагарына, Кітчанкі, Леніна і Першамайская. Сучасныя назвы яны атрымалі адносна нядаўна, а да гэтага называліся Віленскай, Слабадской, Нясвіжскай і Пінскай.

Вуліца Першамайская (былая Пінская) неўзабаве зможа адзначыць сваё 460-годдзе. Першыя згадкі пра яе сустракаюцца ў апісанні Клецка 1552 г. Менавіта ў той час горад пачаў забудоўвацца згодна з заходнееўрапейскай традыцыяй: цэнтрам планіроўкі стала Рыначная плошча (сучасная плошча Маякоўскага), ад якой адыходзілі вуліцы Віленская, Нясвіжская і вышэйзгаданая Пінская.  Паводле інвентара 1552 г. яе працягласць складала каля 400 метраў, а шырыня праезнай часткі мянялася ад 5 да 6 метраў. Тут размяшчалася 18 дамоў, агульную колькасць жыхароў можна вызначыць у 90 чалавек, што складала прыблізна восьмую частку насельніцтва тагачаснага горада. Сваю назву вуліца атрымала таму, што ад яе пачынаўся гандлёвы шлях Клецк-Сіняўка-Лагішын-Пінск. Менавіта сюдой прыходзілі абозы ўкраінскіх купцоў з разнастайнымі таварамі: валынскімі яблыкамі, галіцкай соллю, турэцкімі спецыямі, грэцкімі арэхамі. Сюдой жа прыганялі гурты валоў.

Інвентар 1626 г. яшчэ называе вуліцу Пінскай, а ўжо наступны 1641 г. фіксуе новую назву – Краснастаўская. Чаму адбылася такая змена? Справа ў тым, што ў першай палове XVIІ ст. у ваколіцах Клецка ўзніклі два вадзяных млыны. Адзін – каля Лебядзінскага маста (сучасная вул.Гагарына), другі – на Краснаставе. Відавочна,  што на гэты млын і кляччане, і жыхары вакольных вёсак ездзілі часцей, чым на Пінск. Вулі­ца, якая туды вяла, спачатку ў гутарцы, а потым і ў афіцыйных паперах атрымала новую назву. Яе жыхары не парывалі з земляробствам. Некаторыя мелі даволі вялікія  надзелы, трымалі хатнюю жывёлу. Дакументы другой пал. XVIІ ст. фіксуюць агарод, абнесены частаколам; гаспадарчыя пабудовы – аборы для кароў і хлявы для свіней. Інвентар 1685 г. адзначае наяўнасць на Краснастаўскай вуліцы першай і адзінай у горадзе лазні, якая размяшчалася на прыватным падворку.

Як і ўвесь горад, вуліца перажыла спусташальныя войны сяр. XVIІ – пач. XVIІІ ст.ст., калі Клецк палілі то маскоўскія, то шведскія войскі. У 1713 г. на ёй  налічваўся 21 пусты пляц. Дамы былі разбураныя, а гаспадары або загінулі, або ўцяклі, ратуючыся ад навалы. Толькі праз пяцьдзесят гадоў удалося пераадолець наступствы войнаў. Паводле інвентара 1760 г. на Краснастаўскай  было ўжо 27 дамоў і 110-120 жыхароў.

У ХІХ ст. вуліца зноў змяніла назву і стала Радзівілімонтаўскай. Гэта звязана з тым, што ў Радзівілімонтах была збудавана новая княжацкая рэзідэнцыя. Дарога да яе пачыналася ад Рыначнай плошчы, потым паварочвала на цяперашнюю вуліцу Тэхнічную, ішла ўздоўж гаражоў і ДЭУ на Бабае­вічы, а ўжо адтуль – на княжацкі палац. Некалькі пазней, на пач. ХХ ст., за вуліцай замацавалася назва Бабаеўская. Менавіта так яе называюць усе старажылы, з якімі мне даводзілася размаўляць. А вось на плане Клецка, складзеным вучнямі польскай школы ў 1932 г., які захоўваецца ў фондах музея, яна па-ранейшаму названа Радзівілімонтаўскай. Відаць, у той час паралельна суіснавалі афіцыйная і гутарковая назвы.

Істотна змяніўся і склад вулічнага насельніцтва. У ХІХ – пач. ХХ ст. яна была заселена яўрэямі. Па законах Расійскай імперыі ім было забаронена жыць у вёсках, купляць зямлю і займацца сельскай гаспадаркай. Таму невялікія гарады і мястэчкі былі перапоўнены іўдзеямі. У Клецку яны складалі больш за палову насельніцтва. У чыншавай ведамасці 1874 г., сярод жыхароў Ра­дзівілімонтаўскай вуліцы мы знаходзім толькі адно славянскае прозвішча – Антон Дарапашын, яму належаў самы вялікі пляц; астатнія яўрэйскія – Шая Айзекавіч, Іцка Ёселевіч, Шымон Беркавіч, Лейба Міхелевіч, Шлома Мойшавіч, Хоня і Хаім Борухавічы, Лейба Янкелевіч, Давід Шустар і г.д. Жыхары вуліцы займаліся пераважна рамяством, сярод іх згадваюцца: шкляр, меднік, бронзнік, кравец, некалькі кавалёў, мяснік, рэзнік і інш. Мяркуючы па ўсім, жылі гэтыя людзі небагата. Мала хто з іх мог заплаціць князю чынш за карыстанне зямлёю, большасць адносілася да ліку неплацельшчыкаў. Некаторыя па 5-6 гадоў былі не ў стане за­плаціць за свае надзелы, накопліваючы  нядоімку.

Пляцы былі вельмі малыя. На кожным сённяшнім участку стаяла па 3, а часам па 4-5 хатак. Здаралася так, што з акна адной рукой можна было дацягнуцца да сценкі суседняй. Асабліва шчыльна была забудавана част­ка ад Рыначнай плошчы да Татарскай вуліцы (сёння вул.Талстога). Тут жа на скрыжаванні знаходзілася яўрэйская пякарня, дзе выраблялі мацу – сухі хлеб, якія яўрэі ўжываюць на Вялікдзень (Песах). Вялікі ўчастак (на адрэзку ад сучаснай вул.Талстога да Піянерскай) у міжваенны час быў незабудаваны. Гэту зямлю арандаваў нейкі Камароўскі для вырошчвання памідораў.

Пад час акупацыі заходняя частка вуліцы была адведзена пад яўрэйскае гета. Яна цалкам згарэла пры ліквідацыі апошняга ў ліпені 1942 г. Гэта жахлівая падзея – адчайныя спробы яўрэяў вырвацца з полымя і тое, як іх расстрэльвалі немцы і паліцаі, – надоўга ўрэзалася ў памяць кляччан. Па ўспамінах сведкаў, калодзеж каля яўрэйскай пякарні (цяпер засыпаны) увесь быў завалены целамі забітых людзей. Дамы, якія ўцалелі ў 1942 г., былі спалены ў ліпені 1944 г., калі ішлі баі за вызваленне Клецка. Толькі пасля вайны вуліца пачала аднаўляцца. Тады ж яна стала Першамайскай. Да 1965 г. на ёй было ўжо 56 дамоў.

Сёння пра мінулае нагадвае дом, які размешчаны амаль у самым канцы вуліцы – Першамайская, 51. Напэўна, кожны хоць аднойчы звяртаў увагу на гэты будынак з калонамі, які рэзка выдзяляецца сярод навакольных.  Ён быў узведзены ў 1926 г. (дата захавалася на падмурку) памешчыкам Лявонам Бярновічам з маёнтка Зубкі, які нейкі час быў бургамістрам горада, але жыў у ім рэдка. Пасля будынак арандавала Клецкая беларуская гімназія. Увогуле, яе памяшканні – класы, інтэрнаты – былі раскіданы ў розных дамах па ўсяму Клецку, аднак да нашых дзён захаваўся толькі дом Бярновіча. Да таго ж, калі не памыляюся, гэта самы стары жылы будынак сучаснага горада.

А можа чытачы дапамогуць адшукаць іншыя цікавыя дамы, пра якія мы пакуль не ведаем?  Не адна ж старая вуліца ў Клецку…

На фота дом Л.Бярновіча 1926 г. пабудовы.

Матэрыялы на старонку прадаставіў Андрэй Блінец,

навуковы супрацоўнік ДУ “Музей гісторыі Клеччыны”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *