Сейчас загружается

Фестываль народнай гульні і гумару “Клецкая рагатуха” адбыўся ў Клецку

 

Прынялі ўдзел у ім 11 калектываў аматарскай творчасці сельскіх устаноў культуры.

Праграма фестывалю была цікавай і насычанай гумарам, і кожная хвіліна выклікала бурныя авацыі гледачоў. Так, гумарыстычны нумар «Самагон» ад вакальнага гурта «Ивушка» з Кухчыцаў – гэта імправізаваны варыянт мастацкай камедыі Леаніда Гайдая “Самагоншчыкі”, вось толькі гераіні – нам вельмі добра знаёмыя і  заўжды чаканыя.

Мініяцюра “Бабушка” ў выкананні гуртка эстрадных мініяцюр “Жартаўніца” Лазавіцкага СДК запрасіла стаць сведкамі размовы свахаў, якія ў працэсе прагулкі з унукам смешна высвятлялі адносіны.

Міні-тэатр “Карусель” з Зубкоў парадаваў мініяцюрай “Пункт вакцынацыі”. Памылковы званок да медыкаў, замест шлюбнага агентства, быў забаўным і для самой жанчыны з катэгорыі 70+, і для “урача”.

Рассветаўская “Забава” парадавала музычным жартоўным нумарам “Эх, бабы, бабы”.

 

Спадабалася гледачам мініяцюра “Падкідыш” ад удзельнікаў аматарскай творчасці Грыцэвіцкага СДК: жанчынкі знайшлі каля магазіна п’янага мужчынку і пачалі яго дзяліць…

З Тучы прыехалі на фестываль гумару сяброўкі Антаніна, Наталля і Валянціна, і прывезлі музычны нумар пад назваю “Частушки-подружки”.

Тэатральны калектыў “Фартовая 10-ка” з Сіняўскі запрасіў у “Кафэ Эдэм”. Праўда, нічога “свежага” сваёй кліентцы гаспадыня кафэ Святлана і яе памочніца не змаглі прапанаваць, таму і атрымалась ўсё надзвычай забаўным.

Прыйшлася ўсім па душы мініяцюра “А мы гостей встречаем хлебом и зрелищами” ад вакальнага гурта “Бліскавіца” Морацкага СДК імя заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь Яўгеніі Ніканаўны Піліпені. Сустрэча госці хлебам-соллю была яркай, гучнай і і вельмі смешнай.

Шмат гучных апладысментаў прагучала ў адрас драматычнага гуртка “АМССУ” з Галынкі за іх мініяцюру “Здрастуйце, пажалуста”. Гераіні яўрэйскай нацыянальнасці абмяркоўвалі ў працэсе размовы шмат тэмаў, і кожная з іх у выніку зводзілася да грошай. Было сапраўды камічна!

Гумарыстычнай кампазіцыяй “Ах, мамочка, на саночках” вітаў у суботу 1-га красавіка кляччан гурток сцэнічных мініяцюр “Фантазёры” Янавіцкага СДК. Хлопцы ў жаночыхнацыянальных касцюмах парадавалі добрым і шчырым гумарам.

З мініяцюрай “Цешча” выступіў гурток эстрадных мініяюр “Прышчэпкі” са Шчэпічаў. Як заўжды – гучна, весела, забаўна!

Няпроста было вызначыць пераможцаў у гэты раз, бо ўсе ўстановы культуры раёна да фестывалю добра падрыхтаваліся, і гумар у іх быў мяккі, нікога і нічым не абразіў. І ўсё ж перамаглі – мацнейшыя.

Дыпломам III ступені XI фестывалю народнай гульні і гумару “Клецкая рагатуха” адзначаны гурток сцэнічных мініяцюр “Фантазёры” Янавіцкага СДК, Дыпломам II ступені – гурток эстрадных мініяцюр “Прышчэпкі” Шчэпіцкага СДК, Дыпломам I ступені – тэатральны калектыў “Фартовая 10-ка” Сіняўскага СДК. Гран Пры конкурсу атрымаў драматычны гурток “АМССУ” з Галынкі.

Дарэчы, у фае раённага цэнтра культуры была арганізавана шыкоўная выстава, прысвечаная красавіцкаму фествылю гумару. Гэта ўстановы культуры Клеччыны прывезлі свае лялькі-рагатухі, сярод якіх журы вызначыла таксама лепшых.

Так, III месца ў незвычайным спаборніцтве прысуджана Тучанскай кампазіцыі “Ізноў вясна”, Дыпломам II ступені адзначаны “дзядуля і бабуля на лаўцы” Даматканавіцкага СДК, а пераможцам стала кампазіцыя Шчэпіцкага СДК (бабуля сядзіць на возе, каля яе – агародніна, куры, яйкі і шмат яшчэ чаго, а дзед трымае коніка).

Вось так цікава адзначылі кляччане 1-га красавіка традыцыйны день гумару разам з таленавітымі артыстамі нашага раёна.

Валянціна СЯНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

Отправить комментарий