Мінулагодняя пандэмія на многія святочныя дзеі наклала свой забаронны адбітак. І хоць захворванне канчаткова не пакінула краіну, толькі прытрымліваючыся неабходных засцерагаючых мераў у плане асабістай бяспекі ўсё стала пакрыху аднаўляцца.
Вось і ў ноч з 6-га на 7-е ліпеня ў гарадскім парку напрыканцы дня на народнае свята пад назваю "Купалу вітаем – сонцу песні спяваем" запрасілі нас работнікі раённага цэнтра культуры.
Людна было і ў самым амфітэатры, і за яго межамі, бо жарты і песні чутны былі надвячоркам далёка-далёка.
А сюжэт і сапраўды шчыра развесяліў: Чарадзейка Марыя Тарасаўна (ролю выконвала Ларыса Унгуран) адразу не магла паладзіць з практыканткай Маргарытай (Таццянай Гаршковай), якая была накіравана да яе "Беларускай акадэміяй магіі і чараўніцтва для праходжання пераддыпломнай практыкі".
У гэтыя разборкі дзвюх чараўніц быў уцягнуты начальнік аддзела магічнага правапарадку ВНУ Арыстарх Пятровіч (Андрэй Тупальскі).
Падзеі развіваліся дынамічна, і пасля кожнага выхаду гэтай троіцы на сцэну гучалі песні ў выкананні мясцовых спевакоў К.Войцік, М.Бандарык, В.Сіняковай, Г.Гардзея, В.Паліводы, А.Майсейчыка, А.Матусевіча, В.Янучок, М.Лісіцы, М.Швайкі, В.Кавальчук, Т.Папок, М.Хілімон, вакальных ансамбляў "Кантабиле" і "Жемчужина". Яркія нумары ад танцавальных калектываў "Ювента" і "Грация" захаплялі і ўздымалі настрой усім, хто ў той вечар не застаўся дома на канапе, а вырашыў правесці час у добрай кампаніі на свежым паветры.
Безумоўна, не сумавалі і гледачы, бо з імі таксама ладзіліся забаўкі. Адным словам – свята атрымалася добрым, і няхай такім жа слаўным будзе ўсё лета бягучага года!
Валянціна Сянкевіч.
Фото Іны Федарчук.
Отправить комментарий