Сейчас загружается

Марыя Міхайлаўна Шыкуць: Настаўнік праз усё жыццё

Ужо даўно не трэба прачынацца па будзільніку, наспех рыхтаваць сняданак, хуценька прыхарошвацца ля люстэрка і літаральна... ляцець, нібыта на крылах, на любімую работу. Не трэба асвойваць інавацыйныя тэхналогіі і імкнуцца ў ліку першых з калег укараніць іх у сваёй школе. Не трэба нервавацца і перажываць у чаканні чарговай праверкі з раённага аддзела і тым больш міністэрскай... Многае са звыклага, прывычнага, надзённага ўжо не трэба спяшацца выканаць тэрмінова, абавязкова, хвіліна ў хвіліну, чаго б ёй гэта ні каштавала, бо натура такая – быць першай, лепшай, прыкладам для другіх. Сёння шмат перадумана і пераасэнсавана, многае з прафесійнага скарба – падзеі, асобы, правілы – ужо ў мінулым і толькі цепліцца ва ўспамінах. Нязменнай, нягледзячы ні на што, засталася яна сама – добрая, шчырая, тактоўная, ветлівая, інтэлігентная, аптымістычная, жыццялюбівая...

Такой яна з’явілася на белы свет. А, можа, жыццядзейны код заклаўся ў асобе нованароджанай дзяўчынкі менавіта ў той момант, калі бацькі далі ёй светлае, вялікае, гучнае імя? Марыя! Што значыць святая, міласэрная, мудрая, здольная на самаахвяравальнасць.

Марыя Міхайлаўна Шыкуць лічыць сябе шчаслівым чалавекам. Аднак лёс не заўсёды быў літасцівым да яе. Нарадзілася ў той год, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. І хоць была яшчэ зусім малой, але запомніла той страх, што адчувалі штодня людзі, якія аберагалі яе ад жахаў, гора і пакут.

Не стала лягчэй і ў пасляваенны час. Мама пабудавала сваю хату. Маленькая Марыйка засталася жыць з бабуляй. Не захацела тая ў адзіноце дажываць свой век, вось і пакінула ў сябе дзяўчо. Марыя Міхайлаўна ні ў якім разе не скардзіцца за гэта на бабулю: Яна ніколі не адчувала сябе адшчапенцам, пра яе памяталі бацькі і заўсёды дапамагалі і маральна, і матэрыяльна, калі гэта было неабходна, але часам, асабліва ў дзяцінстве, проста хацелася, каб мама лішні раз пяшчотна прытуліла, пагладзіла па галоўцы, пацалавала, ласкава назвала.

Можа, менавіта гэта акалічнасць і паўплывала на выбар яе будучай прафесіі, сэнс якой заключаецца ў тым, каб дарыць цяпло свайго сэрца дзецям.

Калі размова заходзіць пра школу і настаўнікаў, яе і без таго ўсмешлівы твар яшчэ больш пачынае свяціцца радасцю і цеплынёй. А ў галаве адзін за другім “нараджаюцца” ўспаміны. Школа – яе стыхія, жыццё, сэнс. Пра яе педагог можа гаварыць гадзінамі, без супынку.

– Пытаешся, калі я адчула сябе настаўнікам? Дык я ж ім, Светачка, нарадзілася! Я праўду табе кажу! – той, хто ведае Марыю Міхайлаўну асабіста, напэўна, у гэтых простых, шчырых словах улавіў інтанацыю маёй суразмоўцы і адчуў яе настаўніцкую сутнасць – ад “мозга костей”. – Я нават яшчэ не пайшоўшы ў першы клас, ужо была настаўніцай, калі разам з сяброўкамі гуляла, – заўзята працягвае гаворку Марыя Міхайлаўна, глыбока акунаючыся ў найбольш прыемныя моманты са сайго далёкага жыцця.

– Сёння і сама дзіву даюся, чаму малыя вяскоўцы слухаліся мяне. Можа, хто з іх таксама хацеў выступіць у ролі настаўніка, але ніводнага разочку ніхто не пярэчыў, калі ўсаджвала сябрукоў за стол, раздавала ім сшыткі і алоўкі і загадвала ўважліва слухаць. Чаму дакладна я іх тады “вучыла”, ужо і сама не помню, але дзеці сядзелі, як мышы, і толькі пазіралі на мяне.

Як і сама яна, калі ўжо будучы школьніцай, сустрэлася з новым у іхняй (Грыцэвіцкай) школе педагогам – Алай Паўлаўнай Купрыянчык.

Расіянка, мова –  чыста руская. Калі я, дзеравеншчына, яшчэ такую чула? А сама настаўніца такая вытанчаная... Нават памятаю і сёння, у што яна была прыбрана. І яе бялюсенькую насоўку, якой настаўніца час ад часу выцірала скроні і твар. Постаць, голас, інтанацыя, манеры... Гараджанка, інтэлігентка! Мы ўсе слухалі яе з раскрытым ротам.

Урокі літаратуры, паэзія, любоў да слова (як сама Марыя Міхайлаўна зазначае: “Як пачую прыгожыя словы, дык як бальзам кладуцца на душу, здаецца, і закахалася ўжо”), уменне дэкламаваць вершы, асабістае красамоўства, выступленні на школьных святах і пазашкольных мерапрыемствах, арганізатарскія здольнасці і ўпэўненасць у сабе – усё гэта замацавала яе памкненні стаць настаўнікам. І стала: у той час адзіная з акругі – Вялікіх і Малых Мервінаў – паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ул.І.Леніна.

– Пасля здачы ўсіх экзаменаў адзін з членаў прыёмнай камісіі запэўніваў, што я магу лічыць сябе студэнткай, але ў жніўні сумненні пачалі  “грызці” знутры: экзамены, здаецца, добра здала, а выклік не ідзе чамусьці, якая ж студэнтка? – распавядае яшчэ аб адным  памятным дні М.М.Шыкуць. – І вось прыбягае сяброўка і кажа: “Скачы, нешта дам!” Ну, што, думаю, яна можа мне даць. Хіба, ліст ад кавалера з арміі ў паштальёна перахапіла, дык буду за гэтага тут перад ёй скакаць. А тая на сваім: “Скачы!” То ж і быў даўгачаканы выклік. А менавіта ёй аддаў паштальён канверт, бо з нашых якраз дома нікога не было.

Тады яшчэ доўга не ўсе верылі, што я паступіла ў самы прэстыжны вуз краіны. А вучыцца было вельмі цяжка, бо спецыяльнасць абрала такую: “спецыяліст з правам выкладання рускай і беларускай мовы і літаратуры”. Затое цікава, выкладчыкам у мяне быў сам Ніл Гілевіч, а таксама другія знакамітыя мовазнаўцы і літаратары.

Марыя Міхайлаўна прысвяціла школе амаль 40 гадоў свайго жыцця, з іх тры дзясяткі – займала адміністрацыйныя пасады: пачынала з намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Нагорнаўскай школе, затым на працягу трынаццаці гадоў сама ўжо ўзначальвала Ардзянскую васьмігодку. Памяняўшы месца прапіскі, перабраўшыся жыць у райцэнтр, больш за дзесяць гадоў была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце ў СШ №2 г.Клецка.

Але дзе б яна ні з’яўлялася, дзе б ні працавала, паўсюль адчувала сябе сваёй у новым калектыве. Яна лёгка сыходзілася з людзьмі, знаходзіла з імі агульную мову і разуменне, бо не выстаўляла сябе на першы план, не кічылася пасадамі, а была роўнай. Галоўным запаветам яе душы з’яўляецца жаданне дапамагаць людзям. І нават калі абавязкі “патрабавалі” напраўляць, настаўляць калег, яна бачыла ў кожным з іх найперш асобу. Была выдатным псіхолагам і добрай дарадцай: заўважала любыя дробязі, якія мянялі ў той ці іншы бок душэўны стан яе калег, ведала, каго з іх патрэбна падтрымаць, падбадзёрыць, выслухаць, параіць, дапамагчы, а на каго паўплываць сілай свайго аўтарытэту.

Калі патрэбна, была сур’езнай, строгай, патрабавальнай, але найбольш яе ведаюць добрай, мяккай з тонкім пачуццём гумару. Такой яе памятаюць былыя вучні. Ужо сёння, калі самі сталі дарослымі людзьмі і абзавяліся ўласнымі сем’ямі, падчас размоў з дзецьмі і ўнукамі пра школу, яны часам успамінаюць сваіх самых любімых настаўнікаў. І пра Марыю Міхайлаўну гавораць толькі добрае: “цярплівая: магла па некалькі разоў адстаючым вучням паўтараць і тлумачыць тэму, але заўсёды з вытрыманым голасам, нават на паўтона не павышаючы яго”; “працавітая: яе ўрокі заўсёды былі цікавымі і запамінальнымі, штосьці выдумляла новае, каб прыцягнуць увагу вучняў”; “актыўная і лёгкая на пад’ём: разам з класам хадзіла ў шматдзённыя паходы, арганізоўвала экскурсіі, перапіску з пісьменнікамі” (заўв.: з дзецьмі ўдзельнічалі ў розных творчых конкурсах і займалі прызавыя месцы; клас Марыі Міхайлаўны ў 1996 годзе быў прызнаны лепшым класам Мінскай вобласці, за што атрымаў пуцёку ў рэспубліканскі дзіцячы аздараўленчы лагер “Зубраня”, дзе адпачывалі ўсім саставам); “добрая і шчырая: яна была не проста выдатным настаўнікам, але і сябрам, ніколі нікога не абразіла і не пакрыўдзіла, падоўгу і цярпліва займалася з адстаючымі вучнямі”; “эталон педагога: на яе хацелася быць падобнай – заўсёды с прычоскай, прыгожа апранутая, з усмешкай на твары і добрым словам у запасе”.

Дарэчы, асобныя з вучняў Марыі Міхайлаўны ўсё ж матэрыялізавалі свае жаданні і сталі падобнымі на яе. Некаторыя з іх (Жанна Аляксандраўна Макрэцкая, Алена Ягораўна Аўдзей, Тамара Мікалаеўна Наневіч, Анжэла Канстанцінаўна Будавей, Алена Леанідаўна Ламакова, Ганна Канстанцінаўна Жданко) працуюць у школах нашага раёна і таксама карыстаюцца высокай рэпутацыяй сярод сваіх вучняў і калег: значыць, прыклад педагога, яго талент не на словах, а на самой справе мае вялікую натхняльную сілу.

“Настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі”, “Выдатнік адукацыі” – яна была тым педагогам, які праз уласную асобу вучыў быць сапраўдным чалавекам, чулым, уважлівым, шчырым, разумеючым другіх. Менавіта гэтыя рысы характару, як найвялікшую каштоўнасць у сабе, як Божы дар, М.М.Шыкуць нясе людзям і гэтаму ўвесь час вучыла школьнікаў. Для яе быць настаўнікам – гэта штосьці большае, чым прафесія. Вось чаму і сёння, калі час дазволіў ужо адпачываць, яна не сядзіць склаўшы рукі. Яе сэрца па-ранейшаму гарыць і прагне добрых спраў. Яна, як сапраўдны настаўнік, нястомна шукае новыя ідэі і рэалізуе новыя планы.

Амаль 10 гадоў назад разам з такімі ж актыўнымі і жыццярадаснымі калегамі, як і яна сама, ветэраны педагагічнай нівы Клеччыны стварылі клуб “Аптымісты” (Марыя Міхайлаўна – член прэзідыума клуба).

Мэта іх – не прапусціць ніводнага прыемнага імгнення жыцця. Яны самастойна ладзяць святы і ў працэсе падрыхтоўкі да іх выступаюць у ролі сцэнарыстаў, рэжысёраў, вядучых, артыстаў, арганізуюць канцэрты, экскурсіі па гістарычных месцах Беларусі, сустракаюцца з такімі ж апантанымі ветэранамі-педагогамі з суседніх рэгіёнаў, абменьваюцца вопытам работы і набыткамі з уласнага жыцця, але больш за ўсё любяць бываць у школе, дзе, гледзячы на маладых калег і дзяцей, адкрываецца другое дыханне, душа напаўняецца энергіяй і сілай, і хочацца жыць і ствараць. Дзеля самазацвярджэння, у імя жыцця.

***

У нядзелю, калі краіна адзначала Дзень настаўніка, у доме Марыі Міхайлаўны было таксама па-святочнаму радасна і ўзнёсла, як і штогод. Патэлефанавалі “аптымісты”, забеглі павіншаваць сяброўкі, хтосьці  з былых вучняў успомніць, і абавязкова сямейныя (калі б жыў Яўгеній Пятровіч, муж Марыі Міхайлаўны, таксама педагог,  то віншаванняў было б значна больш – да позняга вечара).

Дарэчы, Дзень настаўніка – прафесійнае свята і для яе дачушкі Жанны, якая сёння займае пасаду дырэктара гімназіі №5 г.Мінска, і для ўнука Ільі – ён працуе выкладчыкам на кафедры фізічнага выхавання ва ўніверсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. А калі дзеці і ўнукі становяцца прадаўжальнікамі справы сваіх бацькоў, значыць, сам Лёс сцвярджае: калісьці быў правільна абраны шлях!

Святлана Орпель.

Фота Юрыя Мысліцкага і з сямейнага архіва.

Отправить комментарий