Сейчас загружается

Георгіеўскі кавалер з Сіняўкі

фото 2Калі рыхтуеш “юбілейны” артыкул і не паспяваеш у тэрмін, узнікае пытанне – ці варта працягваць работу? “Круглая” дата прайшла і тэма нібыта ўжо неактуальная. Як быць? Нешта падобнае адчуваў і аўтар гэтых радкоў, калі па шэрагу прычын не паспеў сваечасова падрыхтаваць матэрыял пра нашага земляка – генерал-лейтэнанта Мікалая Сямёнавіча Трыкоўскага. Летась у снежні споўнілася 150 гадоў з дня яго нараджэння. Ці варта вяртацца да тэмы пасля юбілею? Варта! На жаль, імя гэтага чалавека невядома абсалютнай большасці кляччан. Так што, хоць і са спазненнем, а трэба належным чынам згадаць аднаго з герояў Першай сусветнай вайны.

Пры жаданні ў інтэрнэце можна адшукаць публікацыі пра М.С.Трыкоўскага, дзе адзначаецца “нарадзіўся 6 снежня 1864 г. у Мінскай губерніі”, пры гэтым пра месца нараджэння гаворка не ідзе. Але ў фондах Расійскага дзяржаўнага ваеннага архіва захоўваецца “Краткая записка о службе Триковского Николая Семеновича”, складзеная ім асабіста, у якой сказана: “нарадзіўся ў мястэчку Азарычы Бабруйскага павета Мінскай губерніі”, “нацыянальнасць – беларус”. Пры чым жа тут Клеччына? Бацька нашага героя, які быў па адных звестках валасным пісарам, а па другіх – сельскім святаром, памёр у 1867 г. Маці, Надзея Ігнатаўна, засталася з двумя дзецьмі без ніякіх сродкаў да існавання. Толькі ў красавіку 1868 г. Указам Мінскай Духоўнай Кансісторыі ёй было вызначана месца прасфорніцы пры Свята-Мікалаеўскай царкве ў мястэчку Сіняўка Слуцкага павета. Менавіта тут прайшло дзяцінства будучага генерала. “Сіняўскую сельскую школу” ён згадваў у якасці першай прыступкі сваёй адукацыі.
Няма нічога дзіўнага ў тым, што юнак спачатку паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, дзе правучыўся чатыры гады. Але ў 1884 г. кінуў яе і быў залічаны ў Рыжскае пяхотнае юнкерскае вучылішча, якое скончыў адным з лепшых вучняў. 1 верасня 1886 г. яму прысвоена званне падпаручыка і выдадзена накіраванне ў 117-ты пяхотны Яраслаўскі полк, які дыслацыраваўся ў Бабруйску, а пазней пераведзены ў Слонім. Цалкам верагодна, што па дарозе да свайго першага месца службы малады афіцэр заехаў у Сіняўку (у Кліравай ведамасці за 1885 г. яшчэ згадваецца 42-гадовая прасфорніца Надзея Трыкоўская і яе 17-гадовы сын Уладзімір, які пражываў разам з маці).
Далей, на працягу 20 гадоў, – тыповая біяграфія афіцэра мірнага часу. Служба ў пяхоце, чын паручыка. Баявая падрыхтоўка, манёўры, парады. Потым – перавод у Віленскае пяхотнае юнкерскае вучылішча. Займаў пасады ад’ютанта і справавода вучылішча, камандаваў юнкерскай ротай і батальёнам. У 1902 г. атрымаў першы ордэн. А ў 1904 г. – баявое хрышчэнне – руска-японская вайна ў далёкай Маньчжурыі. Пасада камандзіра роты 4-га Усходне-Сібірскага стралковага палка.
Сібірскія стралкі добра даліся японцам у знакі. І пасля вайны на адну толькі згадку пра іх самураі рэагіравалі “гартаннымі выгукамі, якія лепш за словы перадавалі адначасова і жах, і захапленне” (факт засведчаны ў мемуарах сучаснікаў). 4-ты Усходне-Сібірскі полк у 1906 г. атрымаў узнагароду – Георгіеўскі сцяг з надпісам “За подзвігі пад Ляаянам і на рацэ Шахэ”. Камандзір яго 10-й роты капітан Трыкоўскі даслужыўся да падпалкоўніка і быў адзначаны шэрагам узнагарод. У тым ліку – Залатой зброяй “За храбрасць” і ордэнам Св. Георгія 4-ай ст. – вышэйшай афіцэрскай узнагародай (не блытаць з салдацкім Георгіеўскім крыжам), якая давала права на спадчыннае дваранства. Партрэт георгіеўскага кавалера быў змешчаны ў ілюстраваным часопісе “Летопись войны с Японией”.
Нягледзячы на гераізм салдат і афіцэраў, вайну на Далёкім Усходзе Расійская імперыя прайграла. Лепшая частка афіцэрства ўспрыняла гэту паразу, як стымул да дзеяння. Мікалай Трыкоўскі лічыў, што баявы вопыт неабходна вывучаць, каб не паўтараць у новай вайне ранейшых памылак. У 1907 г. у друкарні Віленскай ваеннай акругі ўбачыў свет яго падручнік “Боевая подготовка роты и батальона по опыту войны 1904-1905 гг.”. Мяркуючы па ўсім, афіцэрская аўдыторыя прыхільна сустрэла кнігу. Праз тры гады “Боевая подготовка…” дапоўненая і перапрацаваная з улікам заўваг была перавыдадзена ў Санкт-Пецярбургу.
З 1909 г. палкоўнік М.Трыкоўскі камандаваў 104-ым пяхотным Усцюжскім князя Баграціёна палком, раскватараваным у Аўгустове (цяпер на тэрыторыі Польшчы). Цікава, што дзень нараджэння камандзіра супадаў з палкавым святам, якое адзначалася 6 снежня. На чале гэтай адзінкі ён уступіў у Першую сусветную вайну. У жніўні-верасні 1914 г. полк удзельнічаў у паходзе ва Усходнюю Прусію, які скончыўся катастрофай. Немцы ўшчэнт разбілі дзве рускія арміі, у палон трапіла больш за 50 тысяч салдат і афіцэраў. Па выніках аперацыі многія камандзіры былі адхілены са сваіх пасад. А вось М.Трыкоўскі наадварот атрымаў званне генерал-маёра. Факт дастаткова красамоўны. На пачатку 1915 г. ён вызначыўся пры абароне Гродзенскай крэпасці. Сібірская брыгада пад яго камандаваннем, нягледзячы на моцны агонь праціўніка, “заняла вышыню 100,3, якая тройчы пераходзіла з рук у рукі, што прынесла відавочную карысць крэпасці і 10-й арміі”. Неўзабаве да ўзнагарод нашага земляка дадаўся ордэн Св. Георгія 3-й ст. Як сцвярджае даследчык Першай сусветнай вайны В.Бандарэнка – ордэн надзвычай высокі і рэдкі. За ўсю вайну яго атрымалі толькі 60 чалавек, сярод іх 8 беларусаў.
У 1916 г. на чале 3-й Сібірскай стралковай дывізіі Мікалай Трыкоўскі ваяваў у Беларусі, пазней апынуўся на Паўночным фронце. У красавіку 1917 г. ён атрымаў званне генерал-лейтэнанта і быў прызначаны камандзірам 2-га Сібірскага корпуса. Здавалася, кар’ера ідзе ў гору. Але час мяняўся. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі армія ператваралася ў некіруемы натоўп. Абразы ў дачыненні да афіцэраў станавіліся нормай. Замест выканання загадаў ішлі бясконцыя мітынгі. Адзін з іх стаў фатальным для генерала.
У ліпені 1917 г. некалькі стралковых дывізій адмовіліся выконваць загад аб перадыслакацыі. Ад камандзіраў патрабавалі тлумачэння: куды і навошта трэба ісці! Для справаздачы перад салдацкім натоўпам на адзін з мітынгаў прыехаў М.Трыкоўскі. Пра далейшыя падзеі распавядае афіцыйны дакумент: “Камкор 2-га Сібірскага генерал Трыкоўскі, запрошаны на мітынг 5-й Сібірскай дывізіяй… падвергся абразлівым выпадам з боку салдат, яго пазбавілі аўтамабіля і прымусілі вяртацца пешшу. Генерал Трыкоўскі моцна ўзрушаны маральна і фізічна, далажыў камандарму, што па стану здароўя далей служыць не можа і прасіў аб адстаўцы з-за хваробы”.
Данясенне датавана 4 ліпеня 1917 г. А ўжо 17 ліпеня М.Трыкоўскага знялі з пасады. Праўда, у адстаўку не адправілі, прызначылі начальнікам гарнізона ў тылавы Пскоў. Гэты старажытны горад у той час стаў адным з цэнтраў беларускага руху, да якога далучыўся і наш зямляк. Газета “Гоман”, якая выдавалася ў Вільні, паведамляла: “…аграном Кузьма Цярэшчанка надумаў у Пскове закласці беларускую арганізацыю. Гэта зрабіць было няцяжка, бо ў роце, у каторай К.Цярэшчанка быў салдатам, былі бязмала адны беларусы. Пагукаўшы адны з аднымі, склікалі сабранне беларусаў. Сабралася чалавек 30, …прыйшоў і камендант места генерал Трыкоўскі. Гаварыў генерал па-беларуску і так расчуліўся, што чуць не плакаў. Пасля некалькіх прамоў усіх агарнуў гарачы беларускі патрыятызм. Такі быў настрой, што як сталі гаварыць аб грошах і пачалі збіраць ахвяры, то адна дама падарыла свой срэбны рыдыкюль. На гэтым сабранні была выбрана Пскоўская Беларуская Рада”. Неўзабаве ў ваколіцах горада быў сфарміраваны Беларускі конны полк, нашы землякі пачалі вылучацца ў асобныя роты і батальёны. Такая дзейнасць наўрад ці была б магчымай без падтрымкі з боку начальніка гарнізона.
Але ў далейшым М.Трыкоўскі адышоў ад нацыянальнага руху. З 1918 г. ён трывала звязаў свой лёс з Чырвонай Арміяй. Тут неабходна зрабіць тлумачэнне. Большасць генералаў і афіцэраў “старой” арміі не мелі асаблівых сімпатый да савецкай улады. Разам з тым, яны не жадалі ўдзельнічаць у братазабойчай Грамадзянскай вайне і нейкі час стараліся захоўваць нейтралітэт. Сітуацыя змянілася з пачаткам нямецкага наступлення ў лютым 1918 г., калі Камітэт рэвалюцыйнай абароны Петраграда выдаў зварот “Да ўсіх кадравых афіцэраў”, дзе заклікаў дапамагчы ў фарміраванні “рабочых атрадаў для паспяховай абароны”. На яго адгукнуліся тысячы вайскоўцаў, якія заявілі аб гатоўнасці аддаць свае веды і вопыт для абароны краіны ад знешняга ворага. Сярод іх быў і М.С.Трыкоўскі. 54-гадовы генерал, адзначаны дзевяццю ордэнамі і залатой зброяй, заняў невысокую для свайго чына пасаду – ваеннага кіраўніка Стара-Рускага чырвонаармейскага атрада.
Далейшы шлях можна прасачыць па “Краткой записке…”: з сакавіка 1918 г. – галоўны кіраўнік Цвярскога ваеннага атрада; з 1919 г. – выкладчык тактыкі ў Маскоўскай акружной школе дапрызыўнікоў (г. Цвер); з 1920 г. – выкладчык тактыкі ў 9-й Цвярской кавалерыйскай школе; з лістапада 1923 г. – выкладчык Вышэйшай тактыка-стралковай школы па прадмету методыкі навучання і выхавання войск. Як бачым, Мікалай Трыкоўскі амаль увесь час знаходзіўся на непрыкметнай штабной і выкладчыцкай рабоце і не прымаў удзел у баях. Магчыма таму, і не атрымаў ад савецкай улады ўзнагарод, кшталту імянной зброі або ордэна. І ўсё ж, думаецца, зрабіў немалы ўклад у станаўленне Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Вось вытрымкі з яго атэстацыі: “…адзін з вельмі нешматлікіх [выкладчыкаў], які ведае свой прадмет і ўмее яго перадаць. Чалавек таленавіты, энергічны і рашучы. З вялікай ініцыятывай і неабыякім розумам. Мае вялікі баявы, шыхтовы і педагагічны вопыт. Нягледзячы на свае 60 гадоў не састарэў ні па навыках, ні па паняццях. Чалавек з цвёрдым характарам і воляй. Добра ведае педагогіку і методыку… Карыстаецца безумоўным аўтарытэтам як сярод выкладчыкаў і слухачоў у школе, так і за сценамі школы… Шмат працуе над сваім прадметам, многа піша, валодае бойкім і разумным пяром…”. Дарэчы, у некаторых публікацыях гаворыцца, што М.Трыкоўскі быў рэдактарам спецыялізаванага ваеннага часопіса “Выстрел”, але гэта інфармацыя яшчэ патрабуе праверкі.
Выснова атэстацыі гучыць наступным чынам: “Сваю справу ведае выдатна. Не зусім асвоіўся з ідэалогіяй Чырвонай Арміі, што часам заўважаецца на яго занятках. Як высокакваліфікаваны работнік, заслугоўвае таго, каб застацца на пасадзе, якую займае”. Атэстацыя падпісана 10 чэрвеня 1925 г. А ўжо 16 сакавіка 1926 г. “штатны выкладчык методыкі курсаў удасканалення каманднага складу Трыкоўскі Мікалай Сямёнавіч” быў выключаны са спіскаў Чырвонай Арміі у сувязі “са смерцю”. Пахаваны наш зямляк у Маскве на Новадзявочых могілках. Звестак пра яго сям’ю і нашчадкаў няма.
На фота М.С.Трыкоўскі (сядзіць другі злева) разам з афіцэрамі і службоўцамі штаба 3-й Сібірскай дывізіі. На форме добра відаць два Георгіеўскія крыжы.

 Андрэй Блінец, пазаштатны аўтар.

Ордэн Святога Георгія – вышэйшая ваенная ўзнагарода Расійскай імперыі. Зацверджаны ў 1769 г. для заахвочвання афіцэраў за подзвігі на полі боя і за выслугу гадоў. Меў чатыры ступені. За ўвесь час існавання ўзнагароду розных ступеняў атрымалі каля 10 тысяч чалавек. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. ордэн быў скасаваны.
У статуце гаварылася: “Ні высокае паходжанне, ні раны, атрыманыя ад непрыяцеля, не даюць права атрымаць гэты ордэн: даецца ён толькі тым, хто не адно сваю службу нясе згодна прысягі, гонару і абавязку, але звыш таго вызначыўся асаблівым мужным учынкам, альбо падаў мудрую і для воінскай службы карысную параду…”. Згодна ордэнскага статута 1913 г. кавалерам Георгіеўскага крыжа 4-й ступені да мінімума быў скарочаны тэрмін выслугі для надання наступнага чына: ад аднаго года ў малодшых афіцэрскіх чынах, да чатырох гадоў з генерал-маёраў у генерал-лейтэнанты.
Георгіеўскі крыж 4-й ступені насілі на грудзях, 3-й ступені – на шыйнай стужцы.

Отправить комментарий