Іх невялічкая жоўтая хата на вуліцы Лугавой вёскі Масцілавічы вельмі гасцінная і ад таго сонечная не толькі звонку, але і знутры. І ў гэту атмасферу святла і цеплыні мне заўсёды прыемна акунацца, бо Валянціна Міхайлаўна і Мікалай Васільевіч Ерашэнкі, якія тут жывуць, – мае бабуля і дзядуля. Здаецца, звычайная пара немаладых ужо людзей, непрыкметная, з беларускай глыбінкі, аднак зусім неабыякавая для мяне і вельмі блізкая па духу, па адносінах да жыцця. Людзі кажуць, яго пражыць – не поле перайсці. А бабуля Валя і дзядуля Коля ідуць поруч праз усе выпрабаванні вось ужо паўстагоддзя, крочаць разам, (задумайцеся!) больш чым паасобку – цэлых 50 гадоў.
Іх сям’я нарадзілася ў маі 1962 года. Не ўсё ў нашых маладых з’явілася з першага дня: не было сваёй хаты, пастаянна не хапала грошай. Па ўспамінах саміх юбіляраў, нават агурок даводзілася дзяліць на дваіх. Але было галоўнае – згода. Поспехі аднаго падвойваліся шчырай радасцю за гэта другога, а ў моманты смутку неслі яго цяжар удваіх. Так здарылася, калі сям’ю напаткала сапраўднае гора – смерць сярэдняй дачушкі Галі. Аднак нельга было ўпадаць у адчай, патрэбна было гадаваць сына і дачку, ставіць іх на ногі, дапамагаць атрымліваць адукацыю і... самім вучыцца.
Валянціна Ерашэнка, жанчына, па шчырасці, добра вядомая і за межамі сваёй акругі. Моцная духам, рухавая, вясёлая і працавітая, у свае 70 яна ўсё яшчэ кіруе сельскай бібліятэкай і па праву з’яўляецца старастай вёсак Масцілавічы і Рудкі. Нарадзілася Валя ў сям’і Лідзіі і Міхаіла Есісаў, мела трох братоў. Будучы ўжо спадарыняй Ерашэнка скончыла ў 1982 годзе Магілёўскі тэхнікум і ўсё астатняе жыццё прысвяціла любімай справе. Бабуля ніколі не пасуе перад цяжкасцямі, не ведае стомленасці і вельмі адданая сваёй сям’і, якая прырасла сем’ямі дзяцей і абагацілася ўнукамі. Адметнай рысай, як адзначаюць вяскоўцы, з’яўляецца неабмежаваная гасціннасць Валянціны Міхайлаўны і яе заўсёды шчырая ўсмешка пры сустрэчы знаёмых. “Здаецца, пасяліла б у хаце ўсю вёску, толькі месца няма”, – жартуе бабуля. З асаблівай жа ўвагай і клопатам яна адносіцца да свайго дарагога мужа Мікалая, сябра і памочніка.
За плячыма Мікалая Васільевіча нялёгкае жыццё. У адзінаццацігадовым узросце загінуў бацька, таму ўсе клопаты пра маленькага хлопчыка і трох яго старэйшых сясцёр леглі на плечы маці – Лізаветы, у гонар якой потым дадуць імя і мне. Скончыўшы сямігодку, Мікалай пайшоў працаваць у кантору, потым была армія, а пасля – паглынаючая закаханасць у хударлявую светлавалосую юную Валечку. Мікалай Васільевіч заўсёды вылучаўся сярод сваіх аднавяскоўцаў: неад’емная прага да ведаў, прыроджаная сціпласць, “гарадская” акуратнасць і разам з гэтым – “арыстакратычная” абаяльнасць. Пунктуальнасці і адказнасці гэтага чалавека можна толькі пазайздросціць. І такім ён быў з маленства. Некаторыя да гэтай пары не могуць зразумець, як у беднай сялянскай сям’і магло нарадзіцца такое дзіця. А сёння, у свае 75, чорнавалосы, у касцюме з гальштукам, у сучасных акулярах, дзядуля выглядае не болей чым на 60.
Колькі радасных світанняў нашы юбіляры яшчэ сустрэнуць разам, вядома аднаму Богу. Я па-сапраўднаму ім зайздрошчу, бо гэта шчасце і такая рэдкасць – адзначаць залатое вяселле ў коле самых блізкіх. Іх лёс – мне прыклад: пяць дзесяцігоддзяў назад Ерашэнкі далі клятву любіць адзін другога, пакуль смерць не разлучыць іх. І яны застаюцца ёй вернымі. Аднак у нашых юбіляраў у планах дачакацца, прынамсі, свайго кароннага вяселля, таму застаецца ад усіх блізкіх і сяброў пажадаць ім толькі моцнага здароўя, бо ўсё астатняе ў іх ужо ёсць.
Лізавета Хмель, унучка, студэнтка 2 курса Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий