Сейчас загружается

Беларускі духоўны код

Маладзечна здаўна славіцца сваёй культурнай спадчынай і духоўнымі здабыткамі. Тут цэняць і любяць кнігу. А на прыканцы мінулага года ў Палацы культуры прайшла першая прэзентацыя факсімільнага выдання акварэльных замалёвак «Д.Струкаў. Альбом малюнкаў. 1864-1867», выпушчанага ў свет выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Асобныя старонкі прысвечаны гістарычным мясцінам Маладзечна, якое цяпер па сваім абліччы не саступае вядомым еўрапейскім гарадам.
2012 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам кнігі. І ў гэтым ёсць логіка. Кніга з’яўляецца бясцэнным скарбам, непадуладным часу. Магутная сіла слова яднае людзей, спалучае ў іх жыцці – ўзвышанае і зямное. Кніга адкрывае для нас будучыню і дае магчымасць зазірнуць у мінулае. Дзякуючы ўнікальным выданням, адраджаюцца нацыянальныя традыцыі, адкрываюцца забытыя помнікі гісторыі і культуры.
Гэта падчас сустрэчы адзначылі шаноўныя госці, удзельнікі мерапрыемства.
Першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Станіславаўна АНАНІЧ:
– Пасля таго, як я пабывала ў Маладзечне на «Дажынках», захацелася абавязкова вярнуцца сюды. У гэтым горадзе можна чэрпаць духоўную сілу, як некалі сказаў класік, «спачываць душой». Для чарговай сустрэчы ёсць добрая нагода – прэзентацыя ўнікальнага мастацкага альбома Дзмітрыя Струкава. Кніга выйшла ў свет у верасні 2011 года. Падтрымка Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і асабіста яго старшыні Барыса Васільевіча Батуры – гэта яшчэ адзін доказ сур’ёзнага стаўлення дзяржавы да нацыянальнага кнігавыдання. Нават на прыкладзе канкрэтнага выдавецтва, якому, дарэчы, у наступным годзе спаўняецца 45 гадоў, можна ўбачыць, як увасабляюцца маштабныя беларускія праекты. Сёлета за факсімільнае выданне «Радзівілы. Альбом партрэтаў ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў» яно атрымала Гран-пры VIII Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі». Альбом удастоены прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Краіна не губляецца на сусветнай інфармацыйнай прасторы і па такім паказчыку, як колькасць выдадзеных кніг.
У наш імклівы, хуткаплынны час, калі вельмі запатрабаваныя сучасныя носьбіты інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсы, кніга павінна займаць сваё пачэснае месца. Для гэтага трэба, каб кожны з нас быў зацікаўлены ў вяртанні ёй высокай значнасці і глыбіннага сэнсу, умацаванні духоўнага кода беларускай нацыі. Ва ўсе часы менавіта кніга была надзейным сябрам і лепшым падарункам. Кніжныя калекцыі, сабраныя з любоўю, дастойныя таго, каб перадавацца з пакалення ў пакаленне, а значыць, жыць і ў наступных стагоддзях. Выдадзены мастацкі альбом Дзмітрыя Струкава, які будзе прэзентавацца ў розных гарадах Беларусі, якраз такі прыклад. Сапраўднае мастацтва здольнае аб’яднаць усю краіну.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінскага аблвыканкама Руслан Іванавіч ТРУХАН:
– У Маладзечне мы сталі сведкамі і ўдзельнікамі важнай падзеі культурнага жыцця краіны – прэзентацыі альбома вялікага рускага мастака Дзмітрыя Струкава. Хачу падзякаваць супрацоўнікам Міністэрства інфармацыі, выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» за выданне ўнікальнай кнігі. Адрасую цёплыя словы кожнаму, хто меў дачыненне да вялікай работы. А гэта не толькі нашы суайчыннікі – над каментарыямі да альбома працавалі 16 даследчыкаў з розных краін свету. І такое супрацоўніцтва на карысць развіццю міжнародных культурных сувязей. Упэўнены, што альбом будзе запатрабаваны, ён стане добрым набыткам для кожнай бібліятэкі Мінскай вобласці. А зацікаўленыя людзі па-новаму адкрыюць для сябе старонкі гісторыі Беларусі.
Дацэнт кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Дзмітрыеўна БАЖЭНАВА:
– Да пэўнага часу альбом Дзмітрыя Струкава для даследчыкаў быў сінонімам Беларусі. Без яго і цяпер нельга спасцігнуць усю сілу культурнай спадчыны нашай краіны. Выпушчаны накладам каля дзвюх тысяч экзэмпляраў, ён стаў даступны шырокаму колу чытачоў. Матэрыялы кнігі прадстаўлены на беларускай, рускай і англійскай мовах. Як даследчык, я магу гаварыць аб скрупулёзнай і маштабнай рабоце над жывым помнікам беларускай годнасці, якім з’яўляецца гэты альбом. На яго старонках прадстаўлены найвялікшыя каштоўнасці нашай краіны, першапрычына стварэння якіх – сіла духу і праваслаўнай веры. Гэты выдавецкі праект – свайго роду «Беларуская Атлантыда», а работы Струкава – не фактычны матэрыял ці мастацкія замалёўкі, гэта наша нацыянальная гісторыя, прасякнутая непарыўнай сувяззю пакаленняў. Адны людзі на старонках альбома бачаць іконы, іншыя адзначаюць акадэмічны малюнак.
Міншчына, самая вялікая памяць Дзмітрыя Струкава, паказана дзіўным чынам. Жадаеце ўбачыць стары Мінск ці першую выяву Мінскай Божай маці? Зазірніце ў альбом. У Маладзечне, тагачасным вялікім горадзе асобнага княства, увагу мастака прыцягнулі гарадзішча і старажытная царква. І мы, сучаснікі, таксама можам убачыць іх вачыма мастака.
Доктар архітэктуры, прафесар, загадчык кафедры жылых і грамадскіх збудаванняў БНТУ Сяргей Аляксеевіч СЕРГАЧОЎ:
– Гэта кніга каштоўная не толькі таму, што прыгожа ілюстраваная, адметна аформленая, ці па якой іншай прычыне. Яна перадае падзеі сацыяльнага і духоўнага жыцця краіны, што адбываліся паўтара стагоддзя таму. А ў час наведвання Маладзечна Дзмітрый Струкаў замаляваў замак і старажытную драўляную царкву 1600 года, замест якой пазней быў пабудаваны Свята-Пакроўскі храм. І хоць у яе архітэктуры, здаецца, няма нічога адметнага, мы адчуваем подых даўніны. Без мінулага няма будучыні. Аб гэтым яшчэ раз нагадвае выданне і служыць своеасаблівым зваротам да тых маладых людзей, якія жадаюць пакінуць свае імёны ў гісторыі. Шлях ёсць: «Працуй – і ты атрымаеш па заслугах».
Настаяцель прыхода царквы Нараджэння Хрыстова ў Маладзечне протаіерэй Мікалай САЎЧУК:
– Кожны служыць Богу так, як умее. Спявак славіць Тварца голасам, мастак выражае эмоцыі пэндзлем. І калі справа дастойная, адбываецца цуд – мы можам душой дакрануцца да высокай творчасці. Дзіўныя фарбы ажыўляюць карціны, пакідаюць глыбокія ўражанні. У нашым жыцці нічога не бывае выпадковага. Нездарма навуковыя супрацоўнікі знайшлі тэму і сталі працаваць над ёй, былі выдзелены сродкі, і ўнікальны альбом Дзмітрыя Струкава ўбачыў свет. Усю значнасць яго, магчыма, мы цяпер і не можам усвядоміць. Кніга будзе цікавай і карыснай для гісторыкаў, мастакоў, архітэктараў, наогул для кожнага неабыякавага чалавека. А ў будучым яе глыбінны сэнс адкрыецца нашым дзецям, што зробіць іх больш адухоўленымі. Ва ўсе часы кожнаму з нас трэба памятаць, што галоўная каштоўнасць – гэта чалавечая душа, і шукаць свой шлях да храма.

Людміла Цар.
Фота Аляксея Платко.

Отправить комментарий