Сейчас загружается

Фестиваль народного творчества “Скарбонка Клеччыны”

У апошнюю нядзелю верасня ў Клецку зранку грымела музыка, абвяшчаючы аб тым, што свята вось-вось распачнецца. Такім чынам нават той, хто па нейкіх прычынах абышоў бокам афішу Раённага цэнтра культуры, пачуўшы народныя мелодыі дзесьці праз адчыненую фортку ці проста выйшаўшы раніцаю на надворак быў “праінфармаваны” аб тым, што ў горадзе ладзіцца нешта цікавае. Аднак клецкі народ і на гэты раз не праявіў актыўнасці, і каля дванаццаці гадзін (аўт.: менавіта на гэты час была запланавана дзея) на пляцоўцы ля РЦК можна было пералічыць гледачоў на пальцах. Тым не менш, роўна апоўдзень самадзейныя артысты выйшлі на імправізаваную сцэну. Народны ансамбль “Весялуха” Янавіцкага СДК распачаў фестываль народнай творчасці “Скарбонка Клеччыны”, правядзенне якога ў нашым раёне стала ўжо добрай традыцыяй.

Сёлета арганізатары мерапрыемства для таго, каб разнастаіць праграму “Скарбонкі” і расшырыць конкурсную жанравую палітру, аб’ядналі яе з фестывалем народнай гульні і гумару “Клецкая рагатуха”. І не памыліліся, бо смех, жарты і гумар, насамрэч, дапамаглі культработнікам стварыць сапраўдны вясёлы настрой не толькі для кляччан, але і для тых, хто выпадкова апынуўся побач.
Трэба адзначыць, што літаральна ўсе выканаўцы гумарыстычных і музыкальных нумароў атрымалі ў той дзень сваю “порцыю” апладысментаў, аднак ільвіная доля іх дасталася ўсё ж артыстам тэатра эстрадных мініяцюр “Паўлінка” Загорнаўскага СДК і іх гумарыстычнай праграме “Калгасная балада”, а таксама па-за конкурснай “Хуткай дапамозе” і брыгадзе медыкаў, ролю якіх выконвалі Наталля Войцік і Андрэй Тупальскі.
Сапраўдную атмасферу ўрачыстасці і святочнасці фестывалю надавалі народныя песні, танцы, варажба, гумарэскі і конкурсы. Кожны з гасцей меў магчымасць паўдзельнічаць у розыгрышы прызоў і нават атрымаць грашовы суперпрыз. Увагу ўсіх прысутных, якіх, на шчасце, з цягам часу станавілася ўсё больш, прыцягвалі выставы мастацкіх вырабаў, на якіх размяшчаліся работы вядомых кухчыцкіх і клецкіх майстрых, і нацыянальных ручнікоў, што ўпрыгожвалі на свяце галоўную сцэну. Сярод жартаўлівых забаў варта таксама адзначыць дэкарацыю баечных герояў, сфатаграфавацца ля якой маглі ўсе жадаючыя.
Конкурсная праграма фестывалю доўжылася больш за дзве гадзіны. За гэты час работнікі культуры змаглі падарыць сваім гледачам самы лепшы падарунак, які дапамагае лягчэй перажыць чалавеку ўсе жыццёвыя катаклізмы і няўдачы, – смех. Псіхолагі сцвярджаюць, што менавіта ён, а ніякія лекі, мікстуры і іншыя сродкі, з’яўляецца лепшым антыдэпрэсантам. Ён дорыць незабыўныя імгненні радасці і найлепшыя ўспаміны. Недарэмна ў народзе кажуць: “Той ніколі не старэе, хто смяецца і дурэе!”.
Фестываль закончыўся. Галоўнымі жартаўнікамі сёлета сталі артысты Загорнаўскага СДК. Тэатр эстрадных мініяцюр "Паўлінка" за высокі мастацкі ўзровень і лепшае ўвасабленне гумарыстычнай праграмы ўзнагароджаны Дыпломам. Дыпломамі былі адзначаны і лепшыя выканаўцы ў другіх творчых намінацыях.
Свята ўдалаося. Удалося дзякуючы людзям, якія заўжды імкнуцца і выконваюць па-майстэрску сваю адвечную справу – узнімаюць настрой, дораць бадзёрасць і аптымізм гледачам, а таксама выхоўваюць у іх любоў да беларускай культуры і традыцый, захоўваюць самабытнасць народнай мовы. Усё гэта ўмела спалучылася ў розных фальклорных жанрах. Шкада было толькі аднаго, – што пачуць сапраўдны беларускі жарт і гумар ва ўсім, яго каларыце змаглі нямногія. А можа і без яго ў нашым жыцці досыць радасці і весялосці?

Святлана Орпель. Фота аўтара. 

Отправить комментарий