На гарышчах у бацькоўскіх хатах яшчэ, напэўна, можна дзе-нідзе знайсці сярпы ды цапы, з дапамогай якіх славяне адвечна ўбіралі з палеткаў хлебныя каласы, вымалочвалі зерне, ад колькасці якога напрамую залежаў дабрабыт кожнай сям’і. Прайшлі стагоддзі, аднак да гэтага часу хлеб застаецца стратэгічным прадуктам, гарантуючым харчовую бяспеку і палітычную незалежнасць цэлым краінам. Безумоўна, цяперашнія плошчы, якія адводзяцца пад збожжавыя культуры, і намалоты ў разы вышэйшыя колішніх, таму сярпамі ды цапамі ўжо ніяк не абысціся. На змену ім прыйшла магутная збожжаўборачная тэхніка і эфектыўныя сушыльна-ачышчальныя комплексы, надзейная работа якіх у напружаны жніўны час непасрэдна ўплывае на важкасць духмянага бохана хлеба на нашых сталах. Да 15 ліпеня хлебаробы павінны былі справіцца з рамонтнымі работамі і вывесці камбайны на лінейку гатоўнасці, паставіць апошнюю кропку ў справе падрыхтоўкі КЗСаў. Ці ўдалося ім гэта? У пошуках адказу на пытанне мы звярнуліся да начальніка раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Леаніда Горбача.
– Апошнімі днямі Вас, Леанід Аляксеевіч, практычна нельга было застаць у рабочым кабінеце. У сельгасупраўленні пастаянна адказвалі: выехаў на тэхагляд камбайнаў і прыёмку КЗСаў. І вось гэты важны пераджніўны этап 15 ліпеня завершаны, ужо можна выстаўляць інжынерным службам сельгаспрадпрыемстваў заслужаныя адзнакі. Скажыце, у заліковай ведамасці пераважаюць запісы “здавальняюча”, ці ўсё ж праскокваюць і “незд.”?
– Прыемна канстатаваць, што практычна ўсе гаспадаркі раёна, нягледзячы на напружаны рытм работы, уклаліся ў даведзены графік пастаноўкі збожжаўборачнай тэхнікі на стартавую прамую і гатоўнасці ачышчальна-сушыльных комплексаў. 95% камбайнаў, а іх сёлета будзе задзейнічана 107 адзінак, ужо атрымалі “допуск” да работы. Кожны з іх прыняты камісійна, асаблівая ўвага надавалася праверцы спраўнасці светлавой і гукавой сігналізацыі, якасці праведзенай герметызацыі, бо менавіта гэта акалічнасць будзе ў далейшым уплываць на чысціню абмалоту і захаванасць вырашчанага ўраджаю. Свае подпісы ў дакуменце “Д-210”, які ў абавязковым парадку вывешваецца на лабавым шкле ці то камбайна, ці то іншай аўтатрактарнай тэхнікі, якая будзе задзейнічана на ўборачных работах, паставілі кіраўнік, галоўны інжынер, аграном, эканаміст і прафсаюзны лідар кожнага сельгаспрадпрыемства. Гэта значыць, такая тэхніка хоць сёння можа выходзіць на хлебныя нівы. Так што “здавальняюча” – адназначна ў большасці заліковак. Апошнія штрыхі ў рамонтнай эпапеі ставяць камбайнеры РУСП “Племзавод “Чырвоная зорка” і АФ “Арда”. За суботу-нядзелю і тут цалкам закрыюць пытанне, бо запасныя часткі ўжо набыты пад поўную патрэбнасць.
– Наколькі я ведаю, літаральна днямі ў раён яшчэ паступіла новая збожжаўборачная тэхніка.
– Так, на ўмовах лізінгу атрыманы яшчэ 8 камбайнаў: па адным гомсельмашаўскім КЗС-1218 – ПУП “АФ “Арда”, кааператывы “Кухчыцы”, “Заастравечча”, “Морач”, “АК “Клецкі”, СВУ “Шчэпічы” ААТ “Клецкі камбікормавы завод”, дзве адзінкі – райаграсэрвіс, і імпартны “Нью-Холанд” – ЗП “Налібокі-Нёман”.
– Гэта дазволіць яшчэ больш знізіць нагрузку на адзін камбайн і, тым самым, скараціць тэрміны ўборкі збажыны?
– Безумоўна. Але хачу адзначыць і тое, што камбайнавы парк сельгаспрадпрыемстваў раёна ўвогуле за апошнія гады абноўлены практычна на 70%, што садзейнічае паспяховасці жніўнай справы. Цяпер нагрузка на адзін камбайн у нас складае 178 гектараў. Паказчык не напружаны, бо сучасныя камбайны – высокага класа, ім пад сілу ўбраць за сезон і больш за 300 га. Хаця ў некаторых сельгаспрадпрыемствах нагрузка ўсё ж перавышае сярэднераённую лічбу. У “Налібоках”, напрыклад, яна складае 290 га, у СВК “Грыцэвічы” – 266, 199 – у “Кухчыцах”.
– Вакантных месцаў у камбайнавых экіпажах не засталося?
– Кадравае пытанне закрыта цалкам. Усе старшыя камбайнеры маюць пасведчанні катэгорыі “Д”.
– Прадуманы пытанні і тэхнічнага абслугоўвання збожжаўборачных машын у ходзе жніўных работ?
– Для набыцця запасных частак з бюджэту вобласці выдаткаваны 83 млн. рублёў – значная дапамога хлебаробам у гэты напружаны час, калі кожны рубель на ўліку. Так што рамкамплектамі гаспадаркі забяспечаны. А справа арганізацыі работ – у руках спецыялістаў на месцах. Толькі больш аператыўна яны павінны вырашаць праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць пры эксплуатацыі гарантыйнай тэхнікі, выстаўляць прэтэнзіі заводам-вытворцам, не пазней, чым на працягу трох дзён звяртацца ў дылерскія і сэрвісныя цэнтры. Гэта ж эканоміць фінансавыя сродкі.
– Важная справа – якасна ўбраць хлеб з палеткаў, але не менш адказная – захаваць яго на збожжатаках, своечасова дапрацаваць і з выкананнем усіх тэхналагічных нормаў пакласці ў засекі. Гатова да работы зернесушыльная гаспадарка?
– Наяўныя 43 зернеачышчальна-сушыльныя комплексы практычна гатовы прыступіць да работы. Толькі ў некалькіх гаспадарках завяршаецца рамонт печаў. Усе яны “пракручаны”, укамплектаваны пажарнымі шчытамі, спецыялісты прайшлі пераабучэнне ў Клецкім СПЛ і маюць пасведчанні ўстаноўленага ўзору. Усе завальныя ямы абсталяваны ахоўнымі рашоткамі. Гэтымі днямі гаспадарнікі вырашаюць пытанні забеспячэння КЗСаў дровамі. Добрай практыкай у раёне стала ўвядзенне штогод у эксплуатацыю аднаго-двух новых комплексаў. Вельмі своечасова, бо асноўная колькасць КЗСаў эксплуатуецца ўжо па 30-35 гадоў, а гэта значыць, прапускная іх здольнасць не адпавядае сучасным патрэбам, ды і фізічна яны даўно зношаныя. Сёлета працуюць над гэтым пытаннем у СВК “Морач”, дзе ўжо ідуць пуска-наладачныя работы абсталявання і добраўпарадкоўваецца прылягаючая тэрыторыя, і СВК “Грыцэвічы”. Тут ёсць пэўныя праблемы, звязаныя з заводам-вытворцам, які несвоечасова паставіў камплектуючыя. Але цяпер работы актывізаваліся. Увогуле, зернеачышчальна-сушыльныя комплексы гатовы прыняць на дапрацоўку вырашчаны на клецкіх землях багаты ўраджай.
– Няхай толькі плённай працы спрыяе добрае надвор’е. Поспехаў у заключным акордзе хлебаробскай справы.
Вольга Русіновіч.
Фота Яўгеніі Семянчук.
Отправить комментарий