Сейчас загружается

Першы выпуск

Адзіная на Клеччыне, ды што на Клеччыне – у сталічнай вобласці, раённая дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў уручыла атэстаты першым сваім дзевяці  выпускнікам. У фае Зубкаўскага дома культуры ў той дзень ад арыгінальных саламяных вазаў, прыгожых карцін і пано, яркіх вышыванак зіхацела ў вачах. І гэта ўсё – выпускныя работы юных рамеснікаў.

Чатыры гады таму Зубкаўская раённая дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў гасцінна расчыніла свае дзверы. На кожнай прыступцы навучальнага працэсу хлопчыкі і дзяўчынкі адкрывалі для сябе таямнічы свет дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пазнавалі традыцыі сваіх продкаў. А вопытныя педагогі Н.Ф.Калаткевіч, Г.В.Буркун, В.Л.Ждановіч дапамагалі ім у гэтым, раскрываючы таямнічы свет і сакрэты валодання саломкай, вышыўкай і роспісам.  Аб кожнай з дзевяці выпускніц цяпер можна сказаць: мае залатыя рукі, бо яны ўжо ўмеюць спрытна вышываць і ткаць, плесці цудоўныя выявы з бісеру, ствараць сапраўдныя саламяныя дзівосы. Безумоўна, не ўсе яны звяжуць сваё далейшае жыццё з дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, але ў кожнай з іх будзе арыгінальнае хобі, справа для душы, і гэта – вельмі важны набытак. А.Жданюк, Н.Лейбук, Ю.Кулага, А.Ждановіч, К.Кароль, І.Генюк, В.Дылеўская, Н.Рамашка ўпэўнены, што набытыя ў гэтай школе веды ў будучым ім дапамогуць стаць добрымі гаспадынямі, з густам прыбраць свой дом і двор, падрыхтаваць неардынарны падарунак блізкім людзям сваімі рукамі, а Каця Хоміч марыць, так як і яе настаўнікі, вучыць прамудрасцям дэкаратыўнага мастацтва малодшых зубкаўчан.

З новага навучальнага года плануецца ад­крыццё філіялаў, а яшчэ –  пашырэнне накірункаў дзейнасці: адновіцца ткацтва, з’явіцца разьба па дрэве. Дырэктар школы А.В.Кадзевіч упэўнена, што ўзначальваемую ёю адукацыйную ўстанову чакаюць новыя высокія дасягненні і дыпломы, бо беларускі народ шчыра дбае аб захаванні народных промыслаў, а галоўнае – дзеці самі з задавальненнем асвойваюць майстэрства дзядоў і прадзедаў.

Вольга Русіновіч.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий