У апошнія дні ліпеня 1941г. на дарозе каля Галынкі з’явілася невялікая група людзей, якую канваіравалі конныя паліцаі. Людзі былі моцна пабітыя, ледзьве трымаліся на нагах. Раптоўна прагучала каманда спыніцца, вязняў адвялі на ўзбочыну дарогі, і раздаліся стрэлы. Пасля гэтага паліцаі пайшлі, пакінуўшы за сабой шэсць трупаў. Хто былі гэтыя людзі? Ні ў кнізе “Памяць”, ні на братняй магіле ў Галынцы не значацца іх імёны. Але гэта не сакрэт і не таямніца. Прозвішчы тых, хто загінуў каля Галынкі, унесены ў кнігу “Памяць” Ганцавіцкага раёна, а некаторыя – у рэспубліканскую кнігу “Памяць”, падрыхтаваную МУС Рэспублікі Беларусь.
У першыя тыдні акупацыі на суседняй Ганцавіччыне пачалі арганізоўвацца партызанскія групы. Ініцыятарам утварэння адной з іх быў участковы ўпаўнаважаны райаддзела міліцыі Аляксандр Дубоўскі. Ён жа здабыў зброю для маленькага атрада – 4 вінтоўкі і 4 пісталеты. Неўзабаве такую ж групу арганізаваў участковы міліцыянер з в.Кукава-Бор П.Швед. Камандзіры планавалі ў далейшым каардынаваць дзеянні сваіх аддзелаў, але прыступіць да баявых аперацый не паспелі. У адну з апошніх начэй ліпеня Дубоўскі накіраваўся ў родную вёску Агарэвічы, каб забраць сваю сям’ю. Ён не ведаў, што там яго чакае засада. На досвітку ў хату ўварваліся паліцаі. Аляксандра схапілі і вывелі на двор. Неўзабаве прывялі іншых арыштаваных – савецкіх актывістаў. Да гэтай групы далучылі і Шведа, якога схапілі ў Кукава. Іх усіх пагналі на Галынку. Калі апынуліся ў Машукоўскім лесе, Аляксандр паспрабаваў уцячы. Але канвойны паліцай дагнаў яго, збіў з ног, стаптаў канём, пачаў лупцаваць бізуном па галаве. Міліцыянер нават не мог стаяць на нагах. Тады яго прывязалі да каня і пацягнулі волакам. Гэтак жа моцна збівалі і астатніх. Так група дайшла да Галынкі…
На жаль, ні дакладнае месца расстрэлу, ні месца пахавання гэтых людзей невядомы. Толькі імёны растраляных: Дзенісеня Дзям’ян Лявонцьевіч – міліцыянер Ганцавіцкага райаддзела, Дубоўскі Аляксандр Іванавіч – участковы ўпаўнаважаны Ганцавіцкага райаддзела міліцыі, Ленкавец Гаўрыла Дзмітрыевіч – пажарны інспектар раённага аддзела міліцыі, Муха Аляксей Адамавіч, Муха Казімір Адамавіч – дэпутаты Круговіцкага сельскага Савета, П.Я. Швед (імя і імя па бацьку не ўстаноўлены) – участковы ўпаўнаважаны Ганцавіцкага райаддзела міліцыі.
Отправить комментарий