Сейчас загружается

Травы просяцца ў пракосы

Травы выспелі і просяцца ў пракосы, значыць –  настаў час распачынаць касавіцу. Такі вердыкт вынесены на прайшоўшай у аўторак рабочай нарадзе з удзелам кіраўнікоў, тэхнолагаў палёў і фермаў, работнікаў ветэрынарных службаў прадпрыемстваў сельскагаспадарчай галіны раёна. Сёлета, у Год якасці,  забеспячэнню якасных паказчыкаў нарыхтоўваемага корму, мяркуючы па глыбіні абмеркавання пытання, плануецца надаць асаблівую ўвагу. Як дабіцца гэтага на практыцы? Падзяліцца думкамі наконт асноўных складаемых поспеху мы запрасілі спецыялістаў.

Аляксандр Іванавіч Пляшэвіч, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама:

– Нарыхтоўка корму, а мы павін­ны забяспечыць паўтарагадовы яго запас, – справа нятанная і працаёмкая, асабліва ўлічваючы няўстойлівасць надвор’я нашай кліматычнай зоны. Недарэчна выглядае той факт, калі з-за элементарнага недагляду, недасканаласці арганізацыі корманарыхтоўчага працэсу травяністыя кармы не паядаюцца жывёлай, а выкідваюцца вон, не даючы ніякай выгады. Гэта недапушчальная      з’ява. І мы абавязаны прыняць усе магчымыя меры, каб разам з выкананнем пастаўленых перад намі колькасных паказчыкаў гарантаваць якасць кожнай тоны кансерваванага корму, кожнай тоны сена. Таму дробязяў, якімі дапушчальна было б ігнараваць, у тэхналагічным працэсе ўборкі траў проста не можа быць. Многае залежыць ад самога матэрыялу, які плануем пакласці ў сянажную траншэю ці высушыць на сена. Пераросшая, грубая трава адназначна не дасць чакаемага рэзультату. Правільна выбраная фаза яе ўборкі – адзін з найбольш важных параметраў, гарантуючых якасць корму.  Аптымальны перыяд для скошвання злакавых траў на сена – пачатак калашэння, для бабовых культур – бутанізацыя, на сянаж, адпаведна, – фаза трубкавання і з’яўлення бутонаў. Закладваючы сянаж, траву пры добрым надвор’і трэба правяльваць на працягу не менш за чатыры гадзіны, пры дажджы – прымяненне кансервантаў абавязкова. Калі закладзём у траншэі масу вільготнасцю не больш за 50-60 %, то атрымаем добры спажыўны корм. На сена касіць траву трэба толькі раніцай, тады яна хутчэй сохне, губляе менш спажыўных рэчываў. Ускорыць працэс яе падсыхання можна стварэннем валкоў. Толькі выкананне ўсіх тэхналагічных нормаў, высокая арганізацыя работ забяспечыць назапашванне травяністых кармоў патрэбнай якасці.

Алена Эдуардаўна Салата, выконваючая абавязкі галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна:

– З упэўненасцю магу сказаць, што якасць корму пачынаецца з падрыхтоўкі траншэй. Ды не абы як, а пад венік, а то і з мыццём іх. Лічу, у абавязковым парадку дно сховішчаў павінна быць зацэментавана, калі гэта немагчыма – варта прымяніць спецыяльныя смолы, навуковыя распрацоўкі цяпер дазваляюць і такі варыянт. Неабходна адрамантаваць бетонныя сцены, ачысціць валы і добраўпарадкаваць прылягаючую тэрыторыю, прывесці да ладу пад’язныя шляхі. І толькі пасля – дэзінфекцыя. У раёне маецца 171 траншэя, 60 з якіх – наземныя. Аднак падрыхтаваны пакуль толькі 46, на 19 – праведзена дэзінфекцыя. На высокім узроўні выканана гэта работа ў СВК “Лазавічы”, гатовы прыняць зялёную масу 4 траншэі ў СВК “Кухчыцы”, 2 – у СВУ “Шчэпічы”, 6 – у агракамбінаце “Клецкі”, 3 – у МАУ ПГП “Зубкі”. Відавочна, што работу ў гэтым накірунку трэба актывізаваць. Зоаветэрынарныя службы сельгаспрадпрыемстваў раёна абавязаны весці пастаянны кантроль за захаваннем тэхналогіі закладкі травяністай масы. І пачынаецца кантроль з наяўнасці неабходнага абсталявання. Напрошваецца пытанне, як будуць рабіць гэта тыя гаспадаркі, якія да сённяшняга дня не паклапаціліся набыць універсальныя прыборы для вымярэння вільготнасці і тэмпературы масы? Кормавытворцы павінны памятаць, што тэрмін закладкі траншэі не можа перавышаць 3-4 дні. Адпаведна віду травы і яе вільготнасці трэба праводзіць рэгуліроўкі рэжучых апаратаў корма­ўборачнай тэхнікі на велічыню здраблення. Якасць трамбоўкі вызначаецца ў першую чаргу тэмпературай масы, яна па нарматывах не павінна перавышаць 37 градусаў. Герметызацыю ў абавязковым парадку праводзяць адразу пасля завяршэння закладкі, а затым траншэю трэба агарадзіць. Гэтыя меры будуць са­дзейнічаць павышэнню спажыўнасці кансерваванага корму і, тым самым, павелічэнню аддачы кожнай кармавой адзінкі і прадукцыйнасці статкаў. Усё ў нашых руках. І ад таго, як правядзём корманарыхтоўчую кампанію, будзе залежаць выніковасць работы жывёлагадоўчай галіны раёна і ў гэтым, і ў наступным годзе.

Падрыхтавала

Вольга Русіновіч.

Отправить комментарий