Сейчас загружается

Мужчын трэба шанаваць

6 лютага бягучага года раённая газета пачала цікавы, на мой погляд праект "Гендэрная палітыка ў жыцці мужчын і жанчын" аднайменным артыкулам журналіста Ірыны Уласень. У ім аўтар выказала погляд

на праблему з жаночага пункту гледжання. А я хачу паразважаць на гэтую тэму з іншай пазіцыі.

Ва ўступе да артыкула гаворыцца: "Спадзяёмся, што гэтыя, магчыма, суб'ектыўныя заметкі выклічуць цікавасць у чытачоў".

На мой погляд, суб'ектывізм у матэрыяле прысутнічае. "…Хоць агульнавядома, - сцвярджае аўтар, - што большасць нашых суайчынніц адукаваныя асобы. Тым не менш,  гэтая акалічнасць не перашкаджае ім часта займаць радавыя пасады і заставацца па-за сферай уплыву і прыняцця дзяржаўных рашэнняў". Гэтаму сцвярджэнню супярэчаць факты, прыведзеныя ў артыкуле: "Сёння больш 30 % дэпутатаў Нацыянальнага сходу – жанчыны. Вышэйшыя дзяржаўныя пасты таксама сталі займаць яны. Больш 70 працэнтаў – кіраўнікі навучальных устаноў".

Не будзем, як кажуць, далёка хадзіць, а возьмем прыклады са свайго раёна. Старшынёй раённага Савета дэпутатаў працуе маладая прывабная жанчына. У райвыканкаме жанчыны ўзначальваюць наступныя аддзелы: арганізацыйна-кадравы, статыстыкі, ААТ "Беларусбанк" цэнтр банкаўскіх паслуг № 607, фінансавы, культуры, маладзёжны, ЗАГС, ФСАН, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Галоўны ўрач РТМА – жанчына, старшыня райспажыўтаварыства – таксама прадстаўніца прыгожага полу. З трох школ горада дзве ўзначальваюць такія ж асобы. А хто дырэктар агульнаадукацыйнага ліцэя? Імпазантная жанчына.

Можна яшчэ называць факты, якія сведчаць аб гендэрнай няроўнасці на карысць "слабага" полу. Але, думаю, і гэтых дастаткова, каб даказаць, як цяжка жыць мужчынам. І не дзіўна, што і на той свет яны адпраўляюцца на 10–12 гадоў раней за сваіх клапатлівых спадарожніц.

На мой погляд, слабым полам трэба называць мужчын. Даўным-даўно я чытаў (не памятаю, у якой газеце) артыкул пад загалоўкам "Беражыце мужчын!". Галоўная думка гэтай публікацыі: іх трэба шанаваць, каб не адбылося гендэрнай катастрофы.

Аўтар праекта зазначае, што ў Швецыі  паспяхова стымулююць неабходнасць падзелу сямейных спраў і абураецца: "А ў нас атрымліваецца, што пакуль "мама мые раму", тата, лежачы на канапе, глядзіць тэлевізар або чытае газету".

Не буду аспрэчваць: такія выпадкі здараюцца, але бываюць і іншыя карціны, як у тым анекдоце: "Жонка падала заяву ў суд, што муж прапіў усю пасуду. А муж падаў сустрэчны іск, абвінаваціўшы сваю палавіну ў тым, што знікненне пасуды яна выявіла праз шаснаццаць сутак".

Сапраўдныя мужчыны абагаўляюць прыгожую палавіну роду чалавечага. Лепшым прадстаўніцам яго прысвячаюцца ўзнёслыя вершы, песні, раманы і кінафільмы.

А што тычыцца кандыдата  філасофскіх навук, дацэнта І.У.Сідорскай, на якую спасылаецца аўтар праекта, то яна мае магчымасць абараніць яшчэ і доктарскую дысертацыю па праблеме гендэрнай роўнасці.

Аляксандр Жукоўскі,

г. Клецк.

Отправить комментарий