Сейчас загружается

Першы клас!

Жыве ў Клецку чалавек. Вядзе звычайнае жыццё, нічым не адрозніваецца ад дзесяці тысяч суграмадзян – жыхароў свайго гарадка. Займаецца домам, агародам, пакупкамі. Сустрэць яго можна ў нешматлікіх месцах: у цэнтральных прадуктовых крамах, на пошце, у павільёне на балоце. Часам, і нават часцяком – у доме Саветаў: ён і сёння займаецца грамадскімі справамі, удзельнічае ў рабоце выбарчых камісій, піша ў раённую газету, ды проста сустракаецца з колішнімі супрацоўнікамі і сябрамі. Па вуліцах ён звычайна рухаецца спорнай хадою – галава крышку нахіленая ўперад і направа, погляд нібы накіраваны ўнутр сябе, светлага колеру пышная грыва злёгку рассыпаецца ў бакі. Падцягнуты, дагледжаны, годна апрануты, ён пастаянна паглыблены ў свае думкі. І ў той жа час заўсёды адкрыты да зносін, да нейкага дыялогу – канкрэтнага і зацікаўленага.

Многія маладыя яго не ведаюць, некаторыя чулі аб ім ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Аднак ёсць вельмі шмат тых, хто захаваў аб ім удзячную памяць: тыя, каго прымаў на работу, каму дапамагаў прафесійна расці, каго накіроўваў на лячэнне ў санаторыі; з многімі шчодра дзяліўся сваім настаўніцкім вопытам, дапамагаў з рамонтам, палівам, будматэрыяламі. Вельмі шмат справаў уваходзіла ў кола яго клопатаў – такі ўжо быў яго жыццёвы шлях, яго кар’ера.

Дарэчы, аб кар’еры. Не так даўно пачула ад кагосьці (аднойчы Аляксандр Мікалаевіч выпадкова прагаварыўся аб сваім  сакрэце): з ранняга юнацтва ён марыў стварыць кар’еру (заўважце, не ніжэй за міністра!). Пахвальнае імкненне, ці не праўда? І калі? У сярэдзіне галодных 50-ых гадоў, калі мала хто планаваў хаця б паступіць у якое-небудзь вучылішча ці тэхнікум, русявы арэшніцкі хлопчык паставіў сабе такую высокую планку!

Але перш за ўсё ён хацеў стаць настаўнікам. І, скончыўшы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, прыехаў працаваць у родныя мясціны – Драбаўскую школу. А пасля – вельмі хутка – дырэктар Дунайчыцкай, СШ №2 г.Клецка, загадчык аддзела народнай асветы. На гэтай пасадзе ён працаваў 12 гадоў – з 1974 па 1986. За дадзены перыяд у раёне было пабудавана 12 школ, а ў 1980 годзе раённая сістэма народнай асветы была ўзнагароджана пераходным  Чырвоным сцягам Міністэрства асветы СССР, ЦК ВЛКСМ і ЦК галіновага прафсаюза. Двойчы раённы аддзел народнай асветы быў удзельнікам ВДНГ СССР, дзе атрымаў дыпломы трэцяй ступені. Вельмі вялікая роля ў дасягненні гэтых поспехаў належыць яму – Аляксандру Мікалаевічу Жукоўскаму.

Мне пашчасціла працаваць з ім у адзін час. У пачатку таго перыяду я вельмі дрэнна яго ведала – толькі ў твар. Але добра памятаю, як кожны год мне хацелася трапіць на жнівеньскую настаўніцкую канферэнцыю (а гэта выпадала нячаста), бо так цікава было пабачыць яго на трыбуне і пачуць яго даклад. Магчыма, камусьці гэта можа падацца дзіўным... Але тыя, для каго мае сённяшнія разважанні зразумелыя, пагодзяцца: Жукоўскі на трыбуне – гэта было відовішча. Канкрэтыка, пазітыў, крытыка, гумар, артыстызм, неперадавальныя інтанацыі, уласцівыя толькі яму. А яшчэ – яго непараўнальная манера зносін з залай, кантакт з якою ўзнікаў з першых жа імгненняў. Ён то саджаў на нос акуляры, то хуткім жэстам здымаў іх, і яны лёгка луналі ў паветры, пабліскваючы шкельцамі, то “ныраў” глыбока ў даклад, нахіляючыся да самай трыбуны, то “выскокваў” з яго, і тады думкі і погляд загадчыка ўзляталі ў вышыню, да самой столі, - туды, куды заносілі прамову яго лірычныя адступленні.

Так, ён быў і застаўся лірыкам. І ў той жа час ён з’яўляўся строгім кіраўніком. Аднак ніколі не “душыў”, не “пілаваў” – па-мойму, ён проста шкадаваў часу на разгоны і наганяі. Яму неяк удавалася згуртоўваць людзей адзінай мэтай, нацэльваць іх на поспех, рабіць рэальнымі мэты. Тагачасныя работнікі аддзела ўзгадваюць, як цяжка было на яго глядзець, калі ён аб’яўляў вымову дырэктару, настаўніку або выхавальніку. Ён так пры гэтым пакутаваў! І гаварыў крышачку ў нос, у звыклай сваёй манеры злёгку расцягваць словы:

“Ну, што ж Вы... Я так на Вас спадяваўся... Я так у Вас верыў... А Вы мяне так падвялі... Ну, што вось мне рабіць?.. Трэба пісаць Вам вымову. Я не хачу, але вымушаны... Ну, Вы ж згодны, што гэта патрэбна?”. Чалавек з лёгкім сэрцам згаджаўся, падпісваў вымову і пакідаў кабінет з такім адчуваннем, нібы атрымаў медаля на грудзі, бо не было сіл глядець як ёрзае, і мучыцца загадчык... Бывала і іначай. Вельмі коратка, нібы між іншым, нібы жартам нават: “Ну, што? Няма толку... Завалілі справу... Вымова!”. Апошняе слова – амаль весела. І ўсё вакол нямела. Бо ведалі: аналіз – імгненны, ацэнка – аб’ектыўная, і, як сказалі б класікі, “торг здесь неуместен”.

Яго любілі, але і пабойваліся. Пры сваёй знешняй ураўнаважнасці і нават дабрадушнасці ён мог быць абсалютна бескампрамісным, строгім і патрабавальным. Ён, хто даўно ўжо стаў таленавітым кіраўніком, заставаўся настаўнікам: дапамагаў правіць даклады і выступленні, выдаляў стылістычныя хібы.

Чаму ў яго ўсё атрымлівалася? Я думаю, галоўная прычына вось у чым: ён жыў і працаваў па армейскім прынцыпе “толькі той стане добрым камандзірам, хто ўмее падпарадкоўвацца”.

Яшчэ адзін важны этап жыцця Аляксандра Мікалаевіча – 13 гадоў (з 1990 па 2003) праца ў раённым Савеце дэпутатаў. Лічба ісапраўдыў пэўным сэнсе стала нешчаслівай – гэта быў вельмі цяжкі перыяд для Саветаў: і ў неабходнасці іх сумняваліся, і на аматарскі ўзровень іх перавялі... Сёння гэта здаецца дзіўным і непраўдападобным, але ж гэта было. Даводзілася і выжываць і вытрымлівааць, і не пасаваць, і даказваць справай. Тут ён таксама працаваў паспяхова, асабліва вялікую ўвагу ўдзяляючы сельскай гаспадарцы і ўмацаванню цэнтральных сядзібаў (цяпер там аграгарадкі). Толькі два разы мне давялося прысутнічаць на сесіях раённага Савета. І адразу я заўважыла і ацаніла той самы почырк, што і ў РАНА, той самы стыль – як у кіраўніцтве, так і ў слове, і літары дакладаў, паведамленняў, выступленняў, рэплік. Ён у Саветах, як і ў адукацыі, ва ўсё ўнікаў сам, шмат браў на свае плечы. І ў той жа час давяраў людзям, бо на кожным кроку выказваў ім шчырую павагу, усяляў у чалавека веру ў асабістыя сілы, умеў падтрымаць, паказаць перспектыву.

Яшчэ адным – кароткім, але яркім - этапам яго кар’еры стала праца рэдактарам і намеснікам рэдактара раённай газеты. За паўтара года ён шмат зрабіў для згуртавання калектыву, умацавання матэрыяльнай базы рэдакцыі. Умела працаваў з кадрамі, падрыхтаваў сабе замену. А галоўнае – займаўся любімай справай.

А цяпер – пра яшчэ адну, вельмі важную і ўсім вядомую іпастась яго натуры. Ён піша. Ёсць вершы, ёсць проза, ёсць тэксты песень (у сааўтарстве з Эдуардам Зарыцкім). Шмат Аляксандр Мікалаевіч быў старшынёй літаратурнага аб’яднання – праца цяжкая няўдзячная. І гэта работа яшчэ раз пацвердзіла яго строгасць і адказнасць – у творчых пытаннях. Менавіта тут праявілася яго бескампраміснасць. Мы разам займаліся кнігай “Памяць”. Ён быў старшынёй камісіі па стварэнні кнігі, я працавала над ёю на ўзроўні рукапісу. І аднойчы (адзін толькі раз!) я мела магчымасць убачыць яго прынцыповасць. Ён сказаў Мікалаю Сяргеевічу Кусянкову (Мікалай Сяргеевіч Кусянкоў рэдактару-укладальніку нашай кнігі “Памяць”,– чалавеку, які кантраляваў і аналізаваў не толькі кожны матэрыял, але кожную інтанацыю, кожную літару!): “Вось у гэтым раздзеле будзе так. І не інакш. Я патрабую”. Гэта было сказана ціха, упэўнена, без знакаў прыпынку. Але так сур’ёзна і пераканана, што Кусянкоў – найвышэйшы і бясспрэчны  аўтарытэт для ўсяго выдавецтва “Мастацкая літаратура” – адступіў і пагадзіўся.

А яго прыроджанае пачуццё гумару дапамагае (і заўжды дапамагала!) не толькі пераадолець складанасці жыцця, але і дзяліцца светлым і радасным настроем з усімі, хто побач. І ён з задавальненнем піша вершаваныя фельетоны і гумарэскі – на розныя тэмы: бытавыя, гаспадарчыя, санаторскія. Дарэчы, і зараз ён знаходзіцца ў санаторыі “Крыніца”: шматгадовыя праблемы з сэрцам, ціскам, суставамі даюць аб сабе знаць. Безумоўна, там адбудзецца яго творчы вечар. І, безумоўна, ён прывязе адтуль новыя творы – абявязкова вясёлыя. Так ужо яму, мабыць, наканавана лёсам – ствараць радасныя і вясёлыя рэчы: нарадзіўся 1 красавіка, у дзень гумару!

У яго прафесійна-працоўнай скарбонцы – Ганаровая грамата Міністэрства народнай асветы БССР і СССР, Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, медаль “За доблестный труд”, бронзавы медаль ВДНГ. Ён узнагароджаны знакам “Отличник гражданской обороны СССР”. Ён – выдатнік народнай адукацыі БССР, кавалер Ордэна “Знак Почета”. Два скліканні быў дэпутатам абласнога Савета, дзе ўзначальваў камісію па сацыяльнай сферы. У 1997 годзе яму быў прысвоены першы клас служачага дзяржаўнага апарату – на той час першаму і адзінаму ў раёне.

...Ён не стаў міністрам. Ці шкадуе аб гэтым? Думаю, што наўрад. Ён пражыў жыццё годна, быў патрэбны людзям. Ён і сёння ім патрэбны – шчыры і чулы, добразычлівы і ўважлівы. А наперадзе яшчэ – шматгадовая творчая праца. Бо што такое 70? Гэта ўсяго толькі сем з нулём. 7. Зусім школьны ўзрост.

Першы клас!

Лілія Мялешка, пазаштатны аўтар,

г.Клецк.

Отправить комментарий