Сейчас загружается

Абноўлены «твар» старажытнага горада

На працягу апошніх гадоў малыя і сярэднія гарады нашай рэспублікі прыкметна папрыгажэлі. І сярод іх – старажытны Клецк. Работы па добраўпарадкаванні звычайна актывізуюцца ў вясенне-летні перыяд: тады горад літаральна мяняецца на вачах.

свой ўклад у прыгажосць раённага цэнтра ўносіць КУП «Клецкая ЖКГ». Рамонт або ўстройства пешаходных дарожак і тратуараў, устаноўка лавак, скрынак для смецця, дэкаратыўных платоў, абсталяванне дзіцячых пляцовак – гэтыя і іншыя работы вядуцца калектывам не першы год. Значны аб’ём выконваецца і сёлета.

– Цяпер ідзе добраўпарадкаванне горада ў кварталах шматкватэрнай забудовы – гэта пра­кладванне тратуараў і асфальтаванне пад’язных шляхоў да дамоў, якія абслу­гоўвае КУП "Клецкая ЖКГ", –  уводзіць у курс спраў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУП «Клецкая ЖКГ» Аляксандр Сямёнавіч Мысла. – Заканчваюцца работы каля дамоў №1 і 3 па вул. 17 Верасня; Перамогі, 83. У стадыі завяршэння – па вул.Савецкай (д.д. 54, 56, 58). Правядзенне ўсіх добраўпарадчых работ узгоднена з аддзелам ЖКГ райвыканкама і галоўным архітэктарам раёна. Асаблівая ўвага надаецца і абкошванню тэрыторый. Створаныя дзве брыгады працуюць у дзве змены. Наво­дзіцца парадак у месцах адпачынку, прыбярэжнай зоне Клецкага возера. За несанкцыянаванае скідванне смецця праду­гледжаны штраф у памеры дзесяці базавых велічынь, а ў прыватным сектары – пяці.

Вялікую работу выконваюць працаўнікі цяпліцы. Пад кіраўніц­твам майстра С.У.Антановіч аформлены класічныя газоны, створаны новыя кветнікі на плошчы Маякоўскага, перад раённым Цэнтрам культуры, Свята-Уваскрэсенскай царквой, універмагам, на пешаходных зонах цэнтральных вуліц горада, дзе высаджана  на 1 чэрвеня бягучага года каля 37 тысяч кветак 21 сорту на суму 18743319 рублёў – сальвіі, петуніі, тагецісы, санвіталіі, гацаніі, ляўконіі, бягоніі, турэцкія гваздзікі і іншыя экзатычныя расліны. Шмат задум і напрацовак у далейшым кветкавым кампазіцыйным афармленні горада ў майстра па азеляненні С.У.Антановіч.

Да таго ж, работнікі цяпліцы змаглі вырасціць кветкавую расаду не толькі для сябе, але і на продаж. Насельніцтву за май рэалізавана 2750 штук кветак, а таксама гародніны – памідораў і капусты – на суму 1115890 руб., арганізацыям  – 5330 шт. на суму 3602792 руб.

Прыбіраючы і добраўпарадкоўваючы горад, камунальнікі ўкладваюць душу ў сваю справу і цешаць сябе надзеяй, што гараджане па вартасці ацэняць іх працу і зберагуць яе. На жаль, часта бывае інакш. Засмучэнне і слёзы на вачах работніц цяп­ліцы і майстра выклікаюць стаптаныя клумбы, украдзеныя расада кветак і саджанцы  рэдкіх пародаў дрэў, выдраныя з зямлі смеццевыя скрыні, паламаныя лаўкі, на якіх ужо нельга прысесці і адпачыць. Як навучыць людзей берагчы дадзенае ім у карыстанне дабро, не смеціць, шанаваць працу тых, хто ўклаў у яе душу? Адказ просты: трэба любіць свой горад і прыкладаць намаганні, каб ён быў сапраўды прыгожым, чыстым, патанаў у зеляніне дрэў і кветках. Менавіта ад свядомасці жыхароў райцэнтра залежыць і любоў да малой радзімы.

Думаецца, падштурхне да гэтага аб’яўлены рэдакцыяй раённай газеты і падтрыманы адмініст­рацыяй КУП «Клецкая ЖКГ» новы конкурс пад назвай «Там, дзе мы жывём». Гэта фотарасказы  аб «своесаблівых рэцэптах ідэальнага жылля», якія немагчыма навязаць зверху, – чыстых і ўпрыгожаных кветкамі пад’ездах, дагледжаных дварах з аздобленымі разьбой альтанкамі, спартыўнай і гульнёвай пляцоўкамі, квітнеючымі клумбамі, замалёўкі аб тых, чыімі рукамі створана гэта прыгажосць. Вы ведаеце падобныя адрасы? Калі так, тэлефануйце па рэдакцыйным нумары 54-9-82, і аб лепшых гаспадарах дамоў,  пад’ездаў, двароў даведаецца ўвесь раён.

Ірына Уласень.

Фота Яўгеніі Семянчук.

Отправить комментарий

Возможно, пропустили